Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працоўны тыдзень у аб’яднаньні «Гомсельмаш» пачаўся з адпачынку. 20 кастрычніка працаўнікі найбуйнейшага вытворцы сельгастэхнікі ня выйшлі на працу. Спыненьне канвэеру на прадпрыемстве — ня першае: некаторыя рабочыя праводзяць у вымушаных адпачынках па 12-13 дзён за месяц.

Чацьвёрты дзень у бальшыні прадпрыемстваў, якія ўваходзяць у холдынг «Гомсельмаш», пануе зацішша. Людзей выправілі ў кароткатэрміновы адпачынак за свой кошт яшчэ 17 кастрычніка. Склады й галоўны канвэер заводу самаходных камбайнаў затавараныя нерэалізаванай тэхнікай. Такая ж сытуацыя й на ЗЛІНе — заводзе ліцьця й нармаляў.

Апавядае мясцовы рабочы, які назваўся Ігарам:

«Не працуе, бо няма працы. Усё стаіць. Заказаў няма, склады перапоўненыя».

Некаторыя крыніцы згадваюць пра тысячы адзінак нерэалізаванай тэхнікі на «Гомсельмашы». Аднак у аб’яднаньні пацьвярджаюць нашмат меншую лічбу — 416 непрададзеных камбайнаў.

Прыстанцыйны склад Гомсельмаша

Прыстанцыйны склад Гомсельмаша

Прадстаўнік дырэкцыі заявіў, што цяперашні кароткатэрміновы адпачынак з 17 па 20 кастрычніка зьвязаны з патрэбай эканоміі энэргарэсурсаў і назапашваньня камплектуючых матэрыялаў:

«Прынялі рашэньне, і ўсе сышлі ў адпачынак на два працоўныя дні: каб у эканамічным пляне зэканоміць энэрганосьбіты і заадно сабраць матэрыялы, камплектуючыя за гэтыя пару дзён падцягнуць. Разумееце, прадпрыемства наша сэзоннае, уборка скончылася. Цяпер у нас займаюцца кантрактамі на будучы год».

На прахадной завода самаходных камбайнаў — зацішша

На прахадной завода самаходных камбайнаў — зацішша

Пэўныя надзеі «Гомсельмаш» зьвязвае з вырабам новых відаў тэхнікі, у прыватнасьці, камбайнаў для ўборкі бавоўны:

«Бавоўнаўборачныя камбайны цяпер праходзяць выпрабаваньні ў Казахстане. Мы вырабілі досьледную партыю — тры камбайны. Калі ўсё будзе добра, то абмяркуем пытаньне пра пастаўку 500 такіх камбайнаў. Бавоўну ж вырошчваюць Казахстан, Туркмэнія, краіны далёкага замежжа».

Але гэта ў будучыні. Цяпер жа рабочыя «Гомсельмаша» сьцьвярджаюць, што з прычыны адсутнасьці збыту камбайнаў і фінансавага стану мусяць адпачываць ня толькі ў афіцыйна заяўленыя два дні:

«Ды па 12–13 дзён людзі не працуюць. Шчыра кажу, па 12–13 дзён, бо грошай на нашы камбайны ні ў кога няма. І матэрыялаў няма».

Канструктарскі цэнтар таксама адпачываў

Канструктарскі цэнтар таксама адпачываў

Малады майстра з «Гомсельмашу» апавядае:

«Я на галаўным заводзе працую. Часта выганяюць у адпачынак за свой кошт. Па некалькі дзён кожнага працаўніка штомесяц. Мне даводзяць плян, каб я выправіў сваіх рабочых у адпачынак за свой кошт у зьвязку зь цяжкім становішчам на заводзе. Але ж хто нам праўду кажа? І на ЗЛІНе такая ж сытуацыя».

Тым часам Аляксандар Лукашэнка патрабуе ад сельмашаўцаў: «Камбайны да наступнай уборкі павінны быць ня горшыя за нямецкія і амэрыканскія».

Генэральнаму дырэктару Аляксандру Камко было загадана: «Перадайце кожнаму майстру і рабочаму — за якасьць будзем жэстачайшым чынам спытваць. Канкурэнцыя кожны год узмацняецца».

«Вазіць сюды імпартныя дэталі, зьбіраць камбайны і хваліцца потым — нам гэтага ня трэба», — папярэдзіў кіраўнік дзяржавы.

XS
SM
MD
LG