Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гамяльчук: Для Тозіка чаргі няма. А ў простага рабацягі — заўсёды чэргі і праблемы


Чарга ў гомельскай паліклініцы

Чарга ў гомельскай паліклініцы

Віцэ-прэм’ер Анатоль Тозік яшчэ два гады таму прапаноўваў увесьці плату за візыт да лекара, угледзеўшы ў наведніках лякарняў «уяўных, несапраўдных хворых». Цяпер той жа Тозік публічна заявіў пра неабходнасьць вызначыць ліміты наведваньня паліклінік: восем разоў на год схадзі бясплатна, а звыш таго — плаці поўнасьцю або часткова. За неабгрунтаваны выклік «хуткай» — штраф 400 тысяч рублёў. Як жыхары Гомеля, пацярпелага ад Чарнобылю, успрынялі «рацыяналізатарскія прапановы» віцэ-прэм’ера?

Пасьля так званай рэформы гарадзкой сыстэмы аховы здароўя ў Гомелі засталася толькі адна цэнтральная гарадзкая паліклініка — усе астатнія сталі афіцыйна называцца філіяламі.

Філіял № 8, што на вуліцы Багданава, абслугоўвае жыхароў мікрараёну «Гомсельмаш», дзе багата жыве й рабочых аднайменнага вытворчага аб’яднаньня.

На прыём у даўрачэбны кабінэт — каля дзясятка пацыентаў. Вестку пра ліміт наведваньня паліклінікі ўспрымаюць зь непаразуменьнем і нават нейкай агрэсіяй: от да чаго дадумаліся!

58-гадовы Аляксандар, нядаўні працаўнік «Гомсельмашу», прыйшоў у паліклініку з болямі ў сэрцы:

«Мы пры савецкай уладзе „ўкалвалі“, губілі здароўе, а цяпер павінны лекавацца за грошы? Выбачайце мяне. Пакуль чалавек здаровы, ён не разумее гэтага. Калі ж прыйдзецца за ўсё плаціць, то ня ведаю, як і жыць? Заробкі цяпер невялікія, кошты на ўсё высокія. Яшчэ й за безьлімітны паход да лекара заплаці. Як тады беднаму беларусу выжываць?»

Спадар Аляксандар незадаволены ўзроўнем абслугоўваньня ў філіяле № 8 і мяркуе, што віцэ-прэм’ер Тозік наўрад ці сутыкаецца з падобным абслугоўваньнем ва ўрадавым мэдычным цэнтры:

«У гэтай паліклініцы заўсёды было складана. Тут мэдкартку могуць не знайсьці. Беспарадкі, складана ўсё, складана. Асабліва ўзімку падчас эпідэміяў грыпу, усе кашляюць адзін на аднаго — гэта сапраўднае пекла. Тут абслугоўваюць працаўнікоў „Гомсельмаша“ і тутэйшых жыхароў, таму тут так шмат людзей. Лекары не пасьпяваюць — вельмі цяжка. Я думаю, што ў Тозіка чаргі няма, калі ён ідзе ў паліклініку. А ў простага рабацягі заўсёды чэргі, заўсёды праблемы». 8-мы філіял Гомельскай цэнтральнай гарадзкой паліклінікі

8-мы філіял Гомельскай цэнтральнай гарадзкой паліклінікі


Маладая маці дваіх дзяцей спадарыня Вольга, якая наведвае і філіял № 8, і дзіцячы філіял № 4, апавядае:

«Да нэўроляга ня трапіць — ні да дзіцячага, ні да дарослага. І да эндакрыноляга запісацца вельмі цяжка. Калі яшчэ за гэта й плаціць, то ня ведаю, як быць. Практычна няма запісу, чалавек дзесяць — і ўсё. Я прыйшла сёньня безь пяці хвілінаў сем і ледзьве пасьпела запісацца на прыём да дзіцячага нэўроляга — і толькі праз тыдзень. Калі тэрмінова, то я ня ведаю наагул, як запісацца».

Сталага веку кабета даўно мелася прайсьці ўльтрагукавое дасьледаваньне ўнутраных органаў, але чаргі так і не дачакалася:

«Я без чаргі: заплаціла грошы — і адразу зрабілі».

Сельмашаўскім жанкам ня надта верыцца, што плата за наведваньне лекара паспрыяе больш якаснаму мэдычнаму абслугоўваньню:
Я амаль кожны дзень хаджу ў паліклініку. Ведаеце, то тут, то там схопіць
​«Нас, просты народ, будуць лячыць аднолькава — і платна, і бясплатна. Яны так хочуць нас лячыць, што ажно падзецца няма куды. Якое ж ужо нам лячэньне ва ўзросьце? Адны і тыя ж балячкі ўва ўсіх — і ўсіх аднолькава лечаць. Калі хочаш сапраўды пераканацца, у цябе тое ці ня тое, то ідзеш да прыватніка. І калі чэргі вялікія, таксама ідзеш да платнага прыватнага лекара, каб хутчэй праверыцца».

Гараджанка, якая назвалася Нінай Васільеўнай, толькі што выйшла зь філіялу № 4, што па вуліцы Ландышава. На «рацыяналізатарскую прапанову» віцэ-прэм’ера Тозіка наконт ліміту наведваньня паліклінікі замахала рукамі:

«Божа барані! Асабліва мы, хто ўжо мае сталы ўзрост, гэта немагчыма. Я амаль кожны дзень хаджу ў паліклініку. Ведаеце, то тут, то там схопіць — то горла, то паясьніца, то во рука не працуе. Канечне, радыяцыя ўплывае, прадукты ў нас нячыстыя. Умовы ў нас якія? Я ледзь ня кожнага дня ў паліклініцы. І я не адна такая — нас тысячы. Мы, можна скажаць, жывём у паліклініцы. Наш дом — паліклініка».

Кабета кажа, што і без аплаты паходу да лекара блізу паловы невялікай пэнсіі ідзе на лекі:

«Глядзіце: купіла во пяць уколаў — 200 тысяч аддала. І гляджу, што пакуль руку не адпускае. Сталага веку людзі жывуць на леках, так што нам яшчэ нейкія платы не падыходзяць. Вось падумайце: з пэнсіяй 2 мільёны 400 тысяч што я магу зрабіць? Магу выжыць? Гэта ж немагчыма выжыць!»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG