Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На заробкі ў Расею: вярнуцца падманутым або зусім не вярнуцца


Апошнія гады ў міліцэйскіх зводках часта паведамляецца пра зьнікненьне людзей, якія паехалі на заробкі ў Расею. Чарговае здарэньне адбылося з жыхаром Пінску. Што змушае мужчын зь Берасьцейшчыны ды іншых рэгіёнаў Беларусі рызыкаваць жыцьцём на будоўлях Расеі?

27-гадовы пінчук Іван Дыдышка не вярнуўся з заробкаў з Масквы. Дома яго чакаюць жонка і трое малых дзяцей, старэйшаму — толькі пяць гадоў. 10 верасьня Іван выехаў аўтаспынам з Масквы, але дагэтуль пра яго вестак няма, хоць за гэты час вярнуўся ўжо і знаёмы, зь якім Іван працаваў.

У Беларусі зьніклых людзей актыўна шукае пошукава-ратавальны атрад «Анёл». У суполцы пінскага «Анёла» зьявілася арыенціроўка на Івана Дыдышку.

Каардынатарка «Анёла» па Піншчыне Тацяна Дубнавіцкая распавяла Свабодзе, што навінаў пра Івана пакуль няма:

«Са сьледчымі працуем. Ад іх яшчэ ніякай інфармацыі нам не было. Ён дагэтуль лічыцца зьніклым бязь вестак... Ці часта зьнікаюць людзі, якія ў Расею зьехалі? Ды ў мяне ў самой у групе было за год некалькі такіх чалавек. Праўда, добра, што яны вярнуліся дахаты. Ну, яшчэ ў нас арыенціроўкі ёсьць, дзе людзей пяць гадоў няма, дзесяць гадоў няма. Але імавернасьці ўжо практычна няма, што яны знойдуцца...»

Акрамя рызыкі для жыцьця, беларускія будаўнікі ў Расеі сутыкаюцца і з падманам. Апошнім часам пачасьціліся выпадкі, калі зь беларускімі працаўнікамі ў Расеі разьлічваюцца фальшывымі грашыма. Толькі ў жніўні на Берасьцейшчыне былі зафіксаваныя тры выпадкі збыту фальшывых расейскіх рублёў беларускімі «гастарбайтэрамі».

30-гадовы Павал Канапацкі з Лунінца працаваў летась прамысловым альпіністам на будоўлі ў Санкт-Пецярбургу. Лічыць, што ехаць на заробкі землякоў змушае страта надзеі на высокааплатную працу ў Беларусі, а тое, што мяжы з Расеяй няма, толькі спрыяе гэтаму:

Самае дрэннае — гэта адсутнасьць пэрспэктывы дома

«Самае дрэннае — гэта адсутнасьць пэрспэктывы дома... Наяўнасьць візавых абмежаваньняў у краінах з больш высокім даходам і адсутнасьць мяжы з Расеяй... Часта людзі едуць, нават ня ведаючы расцэнак увогуле і ўсяго астатняга. Чуюць, што прывозяць людзі, і выходзіць больш, чым дома...»

За два месяцы працы на вядомую фірму ў Санкт-Пецярбургу Павал прывёз дахаты 2 тысячы даляраў. Аднак, кажа суразмоўца, нават на гэтых грашах нажываліся расейскія начальнікі:

«Я ж альпіністам тады працаваў. Для альпініста тысяча даляраў — гэта не заробак... Але гэта яшчэ ня ўсё. Самы цікавы момант — тое, як мы двойчы за два месяцы езьдзілі на офіс атрымліваць наш афіцыйны заробак. Першы раз я атрымаў аклад у памеры 2 тысячы 300 даляраў, а другі быў 3 тысячы даляраў. І фішка ў чым: людзі атрымліваюць заробак, сыходзяць і аддаюць яго прарабу».

А потым ужо прараб выдаваў працаўнікам зусім іншыя сумы. З налічаных за два месяцы больш як 5 тысяч даляраў Павал атрымаў толькі 2 тысячы.

«У гэтым у расейцаў інтэлект працуе толькі ў адным кірунку — стварэньні карупцыйных схемаў... Як мы кажам „карупцыя“ — але там гэта ўжо культура. Ёю пранізана ўсё, ад ніжэйшых арганізацыяў дзяржаўных... Усё праплочваецца, і лезьці кудысьці ў дзяржорганы па абарону бессэнсоўна», — падсумоўвае Павал Канапацкі.

На будучыню спадар Канапацкі зарокся езьдзіць на расейскія будоўлі. Цяпер афармляе дакумэнты на працу кіроўцам-міжнароднікам у Эўропу. Павал перакананы, што «рызыкаваць жыцьцём дзеля таго, каб накарміць расейскіх карупцыянэраў», ня мае сэнсу.

XS
SM
MD
LG