Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель: змаганьне з дармаедамі пачалі з кадзіраваньня алькаголікаў


У Гомелі пачынаюць кадзіраваць за бюджэтныя грошы алькаголікаў. І каштаваць гэта будзе ім усяго 70–80 тысяч рублёў. Поўны кошт — 900 тысяч, розьніцу абяцаюць аплаціць мясцовыя ўлады.

Чатырохдзённая акцыя дапамогі гамельчукам, якія жадаюць пазбавіцца ад алькагольнай залежнасьці, пачнецца толькі 3 лістапада, але ўжо сёньня раніцай у наркалягічным дыспансэры ў сьпісе на кадзіраваньне значылася каля сотні чалавек.

У гэтай лячэбнай установе патлумачылі, што кадзіраваньне за бюджэтныя грошы мае на мэце й змаганьне з дармаедзтвам, бо менавіта залежныя ад алькаголю звычайна нідзе й не працуюць. Прынамсі, такую задачу ставілі нарколягам у аблвыканкаме, ахвяруючы грошы на лячэньне алькаголікаў:

«Гэта прафіляктыка, у тым ліку й прафіляктыка дармаедзтва. Вяртаем народ да сем’яў, да працы. У вобласьці 26 тысяч чалавек з такімі праблемамі».

Падчас акцыі ахвотныя змогуць бясплатна атрымаць кансультацыю лекара, прайсьці абсьледаваньне, закадзіравацца і нават пачаць стацыянарнае лекаваньне. Пацыентам трэба будзе толькі заплаціць за спэцыяльныя мэдыкамэнты. Асноўныя ж выдаткі пакрые абласны бюджэт.

Гэта ўсяго толькі дзясяты крок, перад якім яшчэ прыкладна штук дзевяць

Мэдыкі наркалягічнага дыспансэра адзначаюць, аднак, што кадзіраваньне — гэта хіба толькі дзясяты крок на шляху да выздараўленьня, а яшчэ дзевяць чалавек мусіць зрабіць сам:

«Тэрмін „кадзіраваньне“ — гэта не прафэсійны, гэта слэнгавы, побытавы панятак. За гэтым стаіць стоп-мэтодыка. Гэта ўсяго толькі дзясяты крок, перад якім яшчэ прыкладна штук дзевяць».

У іх ліку найважнейшае месца займае жаданьне чалавека пазбавіцца ад алькагольнай залежнасьці.

«Ёсьць досыць прыгожае параўнаньне: алькагалізм і наркаманія — гэта анкалёгія душы. Гэта, без сумневу, захворваньне. Без дапамогі чалавек ня можа спыніцца — яму трэба дапамагаць. Другі разьдзел тут — сацыяльныя прычыны алькагалізму. Гэта найперш неўладкаванасьць у жыцьці. Чакаюць большага, але атрымліваюць нашмат менш. Гэта нейкі такі крах інтарэсаў».

Лячыць алькаголікаў на Гомельшчыне ўзяліся пасьля таго, як гэта праблема набыла вялікія маштабы. Хоць агульная сьмяротнасьць у рэгіёне мае тэндэнцыю да зьніжэньня, але сьмяротнасьць менавіта ад алькагалізму расьце. І найперш на вёсцы. У прыватнасьці, сёлета за дзесяць месяцаў сьмяротнасьць вяскоўцаў, зьвязаная з алькаголем, павялічылася ажно на 26 адсоткаў.

XS
SM
MD
LG