Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Звольненыя работнікі Бабруйскага заводу пагражаюць Лукашэнку галадоўкай


Кіраўнік суполкі Свабоднага прафсаюзу Беларускага на заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў Міхаіл Кавалькоў. Мікалай Жыбуль — леваруч ад яго

Кіраўнік суполкі Свабоднага прафсаюзу Беларускага на заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў Міхаіл Кавалькоў. Мікалай Жыбуль — леваруч ад яго

Звольненыя з Бабруйскага заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў сябры Свабоднага прафсаюзу Беларускага заяўляюць, што абвясьцяць галадоўку, калі на працягу бліжэйшых двух дзён не атрымаюць адказу на свой зварот, дасланы Аляксандру Лукашэнку.

У адкрытым лісьце кіраўніку дзяржавы былыя працаўнікі прадпрыемства даводзілі, што кіраўніцтва заводу парушыла іхнае канстытуцыйнае права на працу, незаконна, як пішуць, звольніўшы іх:

«Аляксандар Рыгоравіч! Мы зьвяртаемся да Вас як да гаранта Канстытуцыі, — пісалі працаўнікі Аляксандру Лукашэнку. — Дапамажыце нам аднавіць сваё права на працу, пра якое Вы ў свой час казалі — як пра фундамэнтальнае права беларусаў. Уся наша „віна“ ў тым, што мы аб’ядналіся ў прафсаюз — назва якога Свабодны прафсаюз Беларускі».

Ліст кіраўніку дзяржавы адаслалі 20 кастрычніка. Паводле працаўнікоў, з адміністрацыі прэзыдэнта ім адпісалі, што іхны зварот перадасланы кіраўніцтву Менскага трактарнага заводу, у аб’яднаньне зь якім уваходзіць бабруйскае прадпрыемства.

«Адказу ніякага няма. Адпіску далі, але і з трактарнага заводу нічога няма. Вось мы яшчэ пачакаем два дні і пачнём галадоўку», — заяўляе звольнены з прадпрыемства працаўнік з трыццацігадовым стажам Мікалай Жыбуль. Да пэнсіі яму засталося крыху больш за 2 гады.

«Прэзыдэнт, відаць, не пачытаў наш ліст. Вось мы зьбяром журналістаў і ўсіх зацікаўленых людзей, каб яны ведалі, што мы яшчэ жывыя, змагаемся і не здаёмся. Нам хацелася б, каб зьвярнулі ўвагу на тое, што творыцца на нашым заводзе. Відавочна робяцца антыдзяржаўныя дзеяньні. Раней бы іх назвалі шкоднікамі. І гэта кіраўніцтва працягвае начальстваваць. Мы пісалі лісты ў многія інстанцыі, але адказу ніякага. Усё нармальна», — выказваецца пра сытуацыю Мікалай Жыбуль.

У лісьце прэзыдэнту скаржнікі даводзілі, што з заводу звальняюць высокакваліфікаваных спэцыялістаў, шкодзячы вытворчасьці. Яны вінавацяць у сваім звальненьні кіраўніка прадпрыемства Аляксандра Аграновіча, які, на іхную думку, «абвясьціў вайну свабоднаму прафсаюзу».

У адміністрацыі прадпрыемства адмаўляюцца камэнтаваць сытуацыю.

Пакуль пра ўдзел у галадоўцы заяўляюць чацьвёра звольненых працаўнікоў. Адміністрацыя не працягнула зь імі працоўных адносінаў па сканчэньні працоўнага кантракту. Яны спадзяюцца, што акцыю пратэсту падтрымаюць калегі на самім заводзе.

Сёлета ў сакавіку сябры Свабоднага прафсаюзу Беларускага ўжо праводзілі трохдзённую галадоўку пратэсту. У ёй, як заяўлялася, удзельнічалі дванаццаць працаўнікоў заводу. Яны патрабавалі ад адміністрацыі спыніць перасьлед працаўнікоў за прыналежнасьць да Свабоднага прафсаюзу, пачаць перамовы з суполкай у справе выпрацоўкі і заключэньня працоўнай дамовы, а таксама скасаваць дыскрымінацыйныя пункты калектыўнай дамовы. Сярод патрабаваньняў значыцца і выкананьне пастановы суду аб допуску старшыні суполкі Міхаіла Кавалькова на тэрыторыю прадпрыемства. Таксама галадоўнікі патрабавалі выдзеліць пад сядзібу суполкі памяшканьне на тэрыторыі заводу.

Рэакцыі з боку адміністрацыі на акцыю пратэсту не было. Заяўлялася, што галадоўка наагул не праводзілася. Неўзабаве пасьля яе заканчэньня былых галадоўнікаў пачалі звальняць.

XS
SM
MD
LG