Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акцыя салідарнасьці амбасадараў пры АБСЭ ва Ўкраіне адбываецца без амбасадара Беларусі


Валер Варанецкі, архіўнае фота
Валер Варанецкі, архіўнае фота

​Да прадстаўнікоў 34 краінаў пры АБСЭ, якія зьдзяйсьняюць візыт ва Ўкраіну, далучыўся амбасадар ЗША ў АБСЭ Дэніел Бэер. У гэтай паездцы бярэ ўдзел большасьць чальцоў Сталай рады Арганізацыі Бясьпекі і Супрацы ў Эўропе.

Сярод іх няма кіраўніка прадстаўніцтва Беларусі пры АБСЭ, былога намесьніка міністра замежных спраў краіны Валерыя Варанецкага. Як паведамілі Свабодзе ў прэсавай службе зьнешнепалітычнага ведамства Беларусі, спадар Варанецкі, які адначасова зьяўляецца і амбасадарам Беларусі ў Аўстрыі, «цяпер знаходзіцца ў Вене».

Інфармацыю пра місію прадстаўнікоў краінаў АБСЭ ва Ўкраіне распаўсюдзіла місія ЗША пры гэтай міжнароднай арганізацыі:

«Гэта спосаб прадэманстраваць нашу падтрымку народу і ўраду Ўкраіны, — заявіў амбасадар ЗША пры АБСЭ Дэніел Бэер, — і пачуць зь першых вуснаў пра праблемы, зь якімі яны сутыкаюцца ў пляне рэагаваньня на гвалт, які распальваецца звонку, выкарыстаньня магчымасьці абраць новы парлямэнт і хутка ажыцьцявіць рэформы, здольныя прынесьці вынікі».

Напярэдадні адбылася сустрэча амбасадараў пры АБСЭ з кіраўніком Украіны Пятром Парашэнкам. Прадстаўнік ЗША павіншаваў прэзыдэнта Ўкраіны з прыняцьцем Вярхоўнай Радай антыкарупцыйнага заканадаўства. Амбасадары падтрымалі адзінства і тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны. У сваю чаргу, Парашэнка падкрэсьліў неабходнасьць хуткіх дзеяньняў, каб забясьпечыць ахову і маніторынг міжнароднай мяжы паміж Украінай і Расеяй у адпаведнасьці зь Менскім пратаколам ад 5 верасьня.

Пятро Парашэнка падчас сустрэчы з прадстаўнікамі АБСЭ
Пятро Парашэнка падчас сустрэчы з прадстаўнікамі АБСЭ

Закранулі прадстаўнікі АБСЭ і тэму парлямэнцкіх выбараў ва Ўкраіне, якія пройдуць менш як праз тры тыдні. Кіраўніца доўгатэрміновай місіі БДІПЧ АБСЭ Тана дэ Сулуэта паведаміла, што ў выбарчай гонцы паўдзельнічаюць 3500 кандыдатаў з 29 партыяў, а Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) мае 80 доўгатэрміновых назіральнікаў у краіне і плянуе ў дзень выбараў заангажаваць яшчэ 600 назіральнікаў. Парлямэнцкая асамблея АБСЭ таксама накіруе назіральнікаў на будучыя выбары.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG