Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналіст Буракоў: «Хваля ціску на журналістаў скончыцца пасьля прэзыдэнцкіх выбараў»


Аляксандар Буракоў
Аляксандар Буракоў

8 кастрычніка Ленінскі суд Магілёва вынес абвінаваўчы вырак журналісту-фрылансэру Аляксандру Буракову за супрацоўніцтва зь нямецкім сродкам масавай інфармацыі «Deutsche Welle» — «Нямецкая хваля». Судзьдзя Алена Волкава пакарала журналіста штрафам у шэсьць мільёнаў рублёў (40 базавых велічыняў). Буракоў сябе вінаватым не прызнаў і заяўляе, што будзе абскарджваць вырак, калі спатрэбіцца — то і ў міжнародных судовых інстанцыях.

Аляксандар Буракоў лічыць, што суд так і не даказаў ягонай віны. Са ста дваццаці старонак справы, кажа журналіст, міліцыянты, якія зьбіралі супраць яго доказы, здолелі скласьці пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні толькі за адзін артыкул, апублікаваны на сайце «Нямецкай хвалі». Як адзначае Буракоў, гэтага артыкула ў кампутары, які ў яго забралі падчас агляду кватэры, міліцыянты так і не знайшлі:

«Міліцыянты насамрэч не шукалі артыкул, за які распачалі гэтую справу, — кажа журналіст. — У іх нават задачы такой не было. Для іх былі прапісаныя ключавыя словы „Нямецкая хваля“, „Deutsche Welle“, ганарар, фінансаваньне — вось гэта было заданьне для экспэртаў. Па гэтых словах яны мусілі нешта шукаць. Было відавочна, што мая віна не даказаная, але тым ня менш судзьдзя прыняла абвінаваўчае рашэньне. Тое, што з усіх пакараных журналістаў мне далі найбольшы штраф — гэта вынік таго, што я не прызнаў абсалютна свае віны і ня згодны з выракам суду».

Аляксандар Буракоў зазначае, што артыкул, паводле якога яго судзілі, не павінен быў выкарыстоўвацца супраць журналістаў. Яго трактоўка, кажа ён, тычыцца не журналіста, а сродку масавай інфармацыі.

Буракоў адзначае, што ён і ягоная адвакатка настойвалі, каб у суд быў выкліканы маёр Пугачоў. Паводле журналіста, гэты міліцыянт кіраваў ператрусам у ягонай кватэры, а потым складаў пратакол. Хадайніцтва не было задаволена. Двое міліцыянтаў, які давалі паказаньні, кажа журналіст, толькі пацьвердзілі, што шукалі публікацыі ў інтэрнэце, але ня бачылі, як і хто іх пісаў.

На думку Аляксандра Буракова, справа супраць яго выглядае правакацыйнай, бо міліцыянты прыйшлі аглядаць ягоную кватэру як меркаванае месца зьдзяйсьненьня правапарушэньня, калі ў Менску з афіцыйным візытам была прадстаўніца АБСЭ па свабодзе СМІ Дуня Міятавіч.

«Я перакананы ў тым, што пры адміністрацыі прэзыдэнта ідзе нейкая гульня», — заяўляе журналіст.

Акрамя таго, кажа Буракоў, перасьлед магілёўскага журналіста ня ўпісваецца ў ранейшыя схемы рэпрэсіяў супраць фрылансэраў. Раней, адзначае ён, ціск чынілі на журналістаў з заходніх рэгіёнаў, бо шмат радыёстанцыяў вяшчае на Беларусь з Польшчы. Цяпер жа сытуацыя мяняецца.

Кідаць журналісцкую дзейнасьць Буракоў не зьбіраецца. Тым ня менш засьцерагае сваіх калегаў:

«Я хачу параіць усім журналістам добра чысьціць кампутар, бо гэта хваля ціску скончыцца толькі пасьля лістапада 2015 году. Як мы ведаем, да гэтай даты павінны адбыцца прэзыдэнцкія выбары. Іншага чакаць не выпадае».

Як заяўлена ў выраку судзьдзі Алены Волкавай, суд устанавіў, што Аляксандар Буракоў па месцы жыхарства незаконна вырабіў «артыкул пад назвай: «Сьцяжынай кантрабандыста: ці працуюць расейскія санкцыі на памежжы», які 25 жніўня 2014 году быў апублікаваны ў глябальнай сетцы Інтэрнэт на афіцыйным сайце нямецкага СМІ «Deutsche Welle». Дасьледаваўшы матэрыялы і заслухаўшы ўдзельнікаў працэсу і сьведак, суд устанавіў віну Буракова. У судовым рашэньні адзначаецца, што журналіст свае віны не прызнаў. Згадваецца, што Буракоў прызнаў, што рыхтаваў матэрыял на падобную тэму, які разаслаў праз інтэрнэт у некалькі рэдакцыяў.

Забраны міліцыянтамі ў Аляксандра Буракова кампутар суд пастанавіў вярнуць уладальніку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG