Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трэба чакаць наступу на Марыюпаль, — Дзьмітры Тымчук


Дзьмітры Тымчук

Дзьмітры Тымчук

Істотнай актывізацыі баевікоў і расейскіх вайскоўцаў у Данбасе апошнім часам не назіраецца, але ўпартыя баі за данецкі аэрапорт працягваюцца і ня выключаны наступ на Марыюпаль.

Пра сытуацыю ў зоне баявых дзеяньняў у Данбасе ў інтэрвію Радыё Свабода расказаў каардынатар руху «Інфармацыйны супраціў» Дзьмітры Тымчук.

«Ад пачатку замірэньня мы фіксуем ад 20 да 75 абстрэлаў у дзень. Але гэта ідзе хвалямі, заканамернасьці няма. Праўда, ёсьць заканамернасьць, зьвязаная з прыбыцьцём расейскіх гуманітарных канвояў: па нашых здагадках, гэта зьвязана з тым, што гэтыя канвоі дастаўляюць боепрыпасы — іншага тлумачэньня няма. Што тычыцца карціны ў цэлым, то з боку баевікоў мы цяпер бачым агульную задачу — дэстабілізаваць сытуацыю», — кажа Тымчук.

Адначасова працягваюцца ўпартыя баі за данецкі аэрапорт, які на сёньняшні дзень украінскія сілавікі кантралююць цалкам.

«Дзень таму была сытуацыя, калі баевікам удалося захапіць першы паверх тэрмінала, але яны там прабылі літаральна гадзіну, пасьля чаго яны былі ня проста выбітыя, але нашы сілавікі яшчэ адбілі грузавы тэрмінал, які раней кантраляваўся баевікамі, і занялі гасьцініцу, зь якой вёўся агонь. То бок нельга казаць, што там мы неяк здалі пазыцыі», — канстатуе экспэрт.

Паводле дадзеных Тымчука, на мінулым тыдні расейскія армейскія падразьдзяленьні выйшлі з Данецку, але некаторыя расейскія кадравыя спэцыялісты засталіся — гэта карэктавальнікі артылерыйскага агню, апэратары выведных бесьпілётнікаў і г.д.

«Нягледзячы на наяўнасьць гэтых спэцыялістаў, агульны ўзровень мясцовых баевікоў і расейскіх наёмнікаў не параўнаць з узроўнем падрыхтоўкі расейскіх дэсантнікаў. Цяпер мы назіраем абсалютна непрафэсійныя дзеяньні: напрыклад, калі яны выводзяць на ўзьлётныя палосы танкі, якія расстрэльваюцца з гранатамётаў нашымі байцамі. То бок эфэктыўнасьць іх дзеяньняў значна зьнізілася.

Але калі з Данецку расейскія кадравыя падразьдзяленьні выведзеныя, то ў цэлым у Луганскай і Данецкай абласьцях расейскія часьці застаюцца.

«Мы фіксуем як мінімум чатыры батальённыя тактычныя групы, мы фіксуем ротныя тактычныя групы, дывэрсійна-выведныя групы (асабліва ў паласе ад Новаазоўску да Тэльманава). Агульную колькасьць мы ацэньваем да 3 тысяч чалавек. Для параўнаньня, яшчэ тры тыдні таму мы ацэньвалі ў 5 тысяч чалавек. То бок частка ўсё ж такі выведзена», — кажа Тымчук.

Сытуацыя ў зоне баявых дзеяньняў на ўсходзе Ўкраіны

Сытуацыя ў зоне баявых дзеяньняў на ўсходзе Ўкраіны

Тымчук адзначае, што сёньня можна абазначыць на ўсходзе Ўкраіны тры «гарачыя пункты»:

«Першы — гэта Дэбальцава, дзе баевікі будуць імкнуцца стварыць „кацёл“ (хоць, паводле нашых дадзеных, для гэтага сілаў у расейска-тэрарыстычных войскаў там недастаткова). Другі пункт — гэта данецкі аэрапорт. І, верагодна, найбольш патэнцыйна небясьпечны напрамак цяпер — гэта Марыюпаль. Калі казаць пра іншыя раёны Данецкай і Луганскай абласьцей, то гаворка ідзе пра дэстабілізацыю сытуацыі і спробы захапіць усё большыя тэрыторыі, але без выразнай мэты. А вось што тычыцца Марыюпаля, то тут відавочна, што гаворка ідзе аб прабіцьці сухапутнага калідора ў Крым, таму тут мы чакаем наступальных дзеяньняў. Але на дадзены момант той групоўкі расейска-тэрарыстычных войскаў, якую мы бачым у раёне Новаазоўску (а гэта каля 4 тысяч чалавек), недастаткова, каб узяць штурмам Марыюпаль. На працягу апошніх тыдняў яны спрабавалі яго браць у лоб з боку Новаазоўску — не атрымалася, таму што там арганізавана дастаткова сур’ёзная абарона. Цяпер яны прамацваюць зону на поўнач ад Марыюпаля, і мы думаем, што далейшыя наступальныя дзеяньні будуць з поўначы».

Тым часам украінскія ўлады ня лішне афішуюць тое, што адбываецца ў зоне баявых дзеяньняў. Паводле Тымчука, інфармацыйная палітыка дзяржаўных структур Украіны зводзіцца да таго, каб «максымальна хаваць рэальны стан рэчаў».

«Сёньня ўкраінскія ўлады нацэленыя на выбары, яны імкнуцца даказаць, што нам ня трэба праводзіць актыўныя баявыя дзеяньні, замірэньне быццам выконваецца (хоць пра якое замірэньне ідзе гаворка — незразумела). То бок робіцца ўсё, каб дацягнуць сытуацыю да выбараў, а пасьля выбараў — ужо як карта ляжа. Якія рашэньні будзе потым прымаць афіцыйны Кіеў, сказаць сёньня цяжка», — падкрэсьліў Тымчук.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG