Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенскага журналіста аштрафавалі на 5 мільёнаў 250 тысяч рублёў


Андрэй Мялешка

Андрэй Мялешка

Гарадзенскі раённы суд прызнаў журналіста-фрылансэра Андрэя Мялешку вінаватым у вырабе і распаўсюдзе інфармацыі для замежных СМІ без акрэдытацыі. Мялешка віны не прызнаў і намераны абскарджваць рашэньне.

Андрэя Мялешку абвінавацілі, паводле міліцэйскага пратаколу, у тым, што ён браў інтэрвію ў выкладчыка Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Купалы Алега Созінава падчас канфэрэнцыі, якая тычылася ўтварэньня новага экалягічнага заказьніка на тэрыторыі Гарадзенскага раёну. А пазьней, маўляў, інтэрвію зьявілася на польскім «Радыё Рацыя».

Сёньня ў судзе сьведчыў выкладчык ГрДУ Алег Созінаў, які патлумачыў, што гутарыў падчас канфэрэнцыі зь Мялешкам і ўспрымаў гутарку як інтэрвію, бо даўно знаёмы з Андрэем і ведае яго як журналіста. Таксама засьведчыў, што гутарка запісвалася на звычайны дыктафон безь якіх-кольвек лягатыпаў і не было ніякай размовы, што гэты матэрыял зьявіцца ў замежным СМІ.

Мялешка патлумачыў суду, што гутарка з Созінавым насамрэч адбылася, ён зрабіў невялікую нататку і адаслаў яе на беларускі сайт Budzma.by, але ніякага інтэрвію на Радыё Рацыя ён не адпраўляў. Больш за тое, ён заявіў, што не супрацоўнічае з Радыё Рацыя, пасьля таго як летась атрымаў папярэджаньне ад пракуратуры.

У сваю чаргу, адвакат Мялешкі Андрэй Шчапяткоў запатрабаваў ад суду спыніць справу, бо ў матэрыялах, накіраваных у суд міліцыянтамі, адсутнічаюць доказы віны Мялешкі.

Па-першае, складаючы пратакол на Мялешку, супрацоўнік міліцыі нават не сустрэўся зь ім, а толькі далучыў да справы даведку, што наведваў кватэру, але яму нібыта не адчынілі. Гэта зьняпраўдзіў і адвакат, і Мялешка, бо ў кватэры — 98-гадовая бабуля, якая ня ходзіць, і бацькі Мялешкі, таксама ў пэнсійным веку, якія ўвесь час дома і даглядаюць бабулю.

Журналісты Юля Катаржынская, Андрэй Мялешка, Уладзімер Хільмановіч пасьля суду

Журналісты Юля Катаржынская, Андрэй Мялешка, Уладзімер Хільмановіч пасьля суду

Па-другое, адвакат цытаваў пратакол, у якім гаварылася, што Мялешка браў інтэрвію для Радыё Рацыя, ня маючы на гэта акрэдытацыі. Але ў справе ёсьць даведка з МЗС, якая датуецца 5 траўня, пра тое, што Мялешку акрэдытацыі не выдавалі, а гутарка Мялешкі з Созінавым адбылася 26 жніўня.

Міліцыянты не парупіліся пацікавіцца, ці атрымаў за гэты час Мялешка акрэдытацыю, бо тэрмін іх даведкі скончыўся тры месяцы таму. І наагул, задаваўся пытаньнем адвакат, — навошта Мялешку была акрэдытацыя, калі ён браў інтэрвію не для Радыё Рацыя, а для беларускага партала? Паводле адваката, міліцыянты самастойна, не выходзячы з кабінэта, зрабілі такія высновы і склалі пратакол бяздоказна.

У матэрыялах справы фігураваў СD-дыск, які быў агучаны ў судзе. На ім гучаў голас Алега Созінава, і гэта падавалася як вытрымка з інтэрвію, якое нібыта запісваў Мялешка, хоць ніякага голасу Мялешкі там не было. Не было нават адзначана, калі, дзе і а якой гадзіне гэта было запісана — проста запіс голасу безь якіх-колечы падводак і камэнтароў. Адвакат канстатаваў, што на канфэрэнцыі прысутнічала больш за 20 чалавек і кожны мог запісаць дакладчыка і зьмясьціць гэта ў інтэрнэце.

Судзьдзя Гарадзенскага раённага суду Ганна Лявусік не ўзяла пад увагу довадаў ні Мялешкі, ні адваката. Ейнае рашэньне: штраф у памеры 35 базавых велічыняў, што складае 5 мільёнаў 250 тысяч. Андрэй Мялешка пасьля вынесенага рашэньня выглядаў усхваляваным і сказаў, што абавязкова падасьць скаргу ў абласны суд:

Ня ведаю, якім чынам міліцыянты склалі пратакол, але яны высмакталі справу з пальца

«Як і казаў мой адвакат, а я зь ім пагаджаюся, судзьдзя павінна была накіраваць гэтую справу на дапрацоўку, а не адразу выносіць вырак. Ня ведаю, якім чынам міліцыянты склалі пратакол, але яны высмакталі справу з пальца. Будзем падаваць скаргу ў абласны суд. Спадзяюся, што дойдзем да Вярхоўнага, і калі будзе патрэба, то падам у міжнародны суд па правах чалавека, які займаецца такімі справамі».

У залі суду прысутнічалі сябры гарадзенскай арганізацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў. Шмат у каго працэс выклікаў сьмех, асабліва калі паказаньні даваў вучоны батанік, які ніяк ня мог уцяміць, за што судзяць журналіста, які распаўсюджвае інфармацыю пра экалягічны заказьнік.

Праваабаронца Ўладзімер Хільмановіч дадаў, што гэта яшчэ выглядала і вельмі сумна:

«Чарговы раз мы сталі сьведкамі абсурднага адміністрацыйнага працэсу ў дачыненьні да незалежнага журналіста, і чарговы раз чарговая судзьдзя — Ганна Лявусік выканала палітычны заказ. Парушаныя працэсуальныя нормы з боку міліцыі. Ніякіх доказаў таго, што Мялешка вырабіў гэты матэрыял. Па сутнасьці, мы чарговы раз пабачылі беззаконьне. Нават у межах дзейнага заканадаўства судзьдзя ня мела юрыдычнага і маральнага права выносіць такі прысуд».

Журналіста-фрылансэра Андрэя Мялешку зьвінавацілі паводле артыкула 22.9, частка 2 у незаконным вырабе і распаўсюдзе інфармацыі. Сёлета ў чэрвені Кастрычніцкі суд Горадні ўжо аштрафаваў Мялешку на 4 з паловай мільёны рублёў за матэрыял, падрыхтаваны для замежнага СМІ.

XS
SM
MD
LG