Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фрылансэр Мялешка: Я пішу. Такое права мне дае Канстытуцыя


Андрэй Мялешка

Андрэй Мялешка

У Гарадзенскім раённым судзе сёньня пачынаецца разгляд адміністрацыйнай справы ў дачыненьні журналіста-фрылансэра Андрэя Мялешкі. Яго вінавацяць па артыкуле 22.9 частка 2 адміністрацыйнага кодэксу за незаконны выраб і распаўсюд інфармацыі.

Сёлета ў чэрвені Мялешка ўжо быў аштрафаваны Кастрычніцкім судом Горадні на 4 з паловай мільёна рублёў за падрыхтаваны матэрыял для замежнага СМІ.

Карэспандэнт: «Андрэй, у чэрвені цябе асудзілі за інтэрвію з лекаркай, якая распавядала, як важна прытрымлівацца здаровага ладу жыцьця. Які матэрыял гэтым разам стаў прычынай для адміністрацыйнай справы?»

Мялешка: «Ёсьць падазрэньне, што гэта зьвязана з артыкулам пра заказьнік у Сьвіслачы, які рыхтуюцца хутка зрабіць у Гарадзенскім раёне. Зыходзячы з пратакола, які мне быў дасланы поштаю, там запісана, што я рабіў інтэрвію з кандыдатам біялягічных навук, выкладчыкам Гарадзенскага ўнівэрсытэта, не маючы акрэдытацыі для працы ў Беларусі для замежных СМІ.»

Карэспандэнт: «Атрымліваецца, што і пратакол склалі без цябе і ніхто цябе нікуды не выклікаў...»

Мялешка: «Магу сказаць так, што міліцыянты, якія завялі гэтую справу, парушылі ўсе магчымыя працэсуальныя нормы. Згодна з правам, яны павінны былі скласьці пратакол апытаньня мяне, дзе я павінен выкласьці сваю вэрсію па гэтай справе. Па-другое, у дасланым мне пратаколе няма ні даты, ні подпісу міліцыянта. Ды і лісты гэтыя мне даслалі ў звычайным канвэрце, які мог папросту згубіцца».

Карэспандэнт: «З чым гэта зьвязана, як думаеш?»

Мялешка: «На мяне будуць вешаць гэтую справу ў судзе і паводле гэтага артыкула — ад 30 да 50 мінімалак штрафу. Я думаю, што перад выбарамі ўладам трэба зноў „зачысьціць“ незалежных журналістаў. На некага імкнуцца паўзьдзейнічаць рублём, магчыма ў такі спосаб хочуць дамагчыся, каб нехта наагул зьехаў зь Беларусі. Гэта чарговая хваля, якая накрыла незалежных журналістаў у апошнія некалькі тыдняў. Падобныя справы ўжо былі ў Магілёве, Бабруйску, ну, і вось ізноў у Горадні».

Андрэй Мялешка з сям'ёй

Андрэй Мялешка з сям'ёй

Карэспандэнт: «Цікава, што прычынай дзеля гэтага становяцца матэрыялы абсалютна бяскрыўдныя, як у тваім выпадку: спачатку тэма аховы здароўя, цяпер экалёгія...»

Мялешка: «Я думаю, што ўладам няма розьніцы, да якога артыкула чапляцца, ім важна тое, да якога чалавека яны чапляюцца. Ёсьць чалавек, значыцца знойдзецца і колькі заўгодна зачэпак да яго і справу высмакчуць з пальца. Я працую, як журналіст-фрылансэр і мае матэрыялы зьяўляюцца ня толькі на „Радыё Рацыя“, але і ў дзяржаўнай газэце „Культура“, іншых выданьнях, дзе мне замаўляюць артыкулы».

Карэспандэнт: «Атрымліваецца, што аддаючы свой матэрыял у замежнае СМІ, заранёў чакаеш, што могуць быць такія наступствы?»

Мялешка: «Я лічу, што ўлады парушаюць Канстытуцыю Беларусі, штрафуючы мяне ў такіх выпадках, бо там запісана, што я маю права на інтэрвію, гутарку з іншай асобай і г.д. Згодна са сваім законамі яны нібыта маюць на гэта права, але я маю права працаваць далей згодна з Канстытуцыяй Беларусі».

Карэспандэнт: «Андрэй, ведаю, што ў цябе яшчэ зусім маленькае дзіця — як успрымае гэта твая жонка, бацькі?»

Мялешка: «Мама мая даўно ўжо прызвычаеная да падобных рэчаў, як кантакты з міліцыяй, пракуратурай, выклікі ў КДБ. Жонка, канешне, ўспрыняла ўсё гэта хваравіта, бо не чакала, што такое можа быць. Але гэта мая праца, гэтым я зарабляю на сям’ю, а жонка мая зараз у дэкрэтным адпачынку».

Карэспандэнт: «А ці не прыходзяць часам думкі пакінуць займацца журналістыкай, знайсьці сябе ў нечым іншым, можа нават больш карысным для сваёй сям’і?»

Мялешка: «У мяне ўжо быў пэрыяд, калі я пакідаў працу журналіста. Я сядзеў у кампутарным клюбе і працаваў адміністратарам. На просьбу Паўла Мажэйкі зноў вярнуўся ў журналістыку, ён прасіў напісаць мяне некаторыя рэчы. Я гэта зрабіў і так і пайшло. Іншай працы для сябе я зараз папросту ня бачу таму што гэта мая праца, я ёй жыву, гэта мой сьвет, мае сябры, гэта тое чым я люблю займацца і чым я хачу займацца».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG