Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горадня: Суд над журналістам Мялешкам перанесены


Гарадзенскі журналіст-фрылансэр Андрэй Мялешка, якога судзяць за працу на замежныя СМІ без адпаведнай акрэдытацыі, напачатку разгляду справы ўнёс хадайніцтва аб далучэньні да працэсу адваката. Судзьдзя Ганна Лявусік задаволілі хадайніцтва і прызначыла наступнае паседжаньне суда на 7 кастрычніка.

Акрамя хадайніцтва на абарону адваката Андрэй Мялешка заявіў суду, што яму патрэбна азнаёміцца з матэрыяламі справы, якіх ён нават ня бачыў у вочы. Пратакол, які яму даслалі з міліцыі поштай, паводле яго, прачытаць папросту немагчыма. Судзьдзя задаволіла і гэтае ягонае хадайніцтва.

Калегам журналістам Мялешка сказаў, што мае намер адстойваць свае правы ў судзе да канца, таму і вырашыў наняць адваката:

«Спадзеву на пераможны зыход, канешне, няма, але як кажуць вада камень точыць. Трэба змагацца з гэтай сыстэмай, каб далей можна было нешта рабіць, каб былі нейкія прэцэдэнты, якія б на будучыню паказалі, што можна і трэба змагацца з гэтай сыстэмай».

На працэсе прысутнічаў гарадзенскі праваабаронца Ўладзімер Хільмановіч. Ён зазначыў, што ў Горадні разглядаецца ўжо чацьвертая справа ў дачыненьні журналістаў, якіх вінавацяць у супрацы з замежным СМІ і гэта, на яго думку, ужо стала тэндэнцыяй.

Хільмановіч: «Сьпярша былі зьнішчаныя незалежныя газэты, незалежнае радыё, звольненыя ўсе журналісты, якія мелі сваю думку ў дзяржаўных СМІ, а зараз дайшло да таго, што журналістам уводзіцца фактычна забарона на іх прафэсію. І гарадзенскія ўлады тут у авангардзе — пачаўся чацьвёрты працэс.»

Журналіста-фрылансэра Андрэя Мялешку вінавацяць па артыкулу 22.9 адміністрацыйнага кодэксу у незаконным вырабе і распаўсюдзе інфармацыі. Сёлета ў чэрвені Мялешка ўжо быў аштрафаваны Кастрычніцкім судом Горадні на 4 з паловай мільёна рублёў за падрыхтаваны матэрыял для замежнага СМІ.

XS
SM
MD
LG