Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пажэцкі: «Мы ўшаноўваем ня толькі палякаў, якія баранілі Горадню, але і дзякуем беларусам, якія ратавалі палякаў ад бальшавікоў»


Ушанаваньне памяці абаронцаў Горадні на могілках у Сапоцкіне

Ушанаваньне памяці абаронцаў Горадні на могілках у Сапоцкіне

Не прызнаваны беларускімі ўладамі Саюз палякаў адзначае 75-я ўгодкі абароны Горадні. Актывісты ўсклалі кветкі на магілы абаронцаў, адкрылі выставы, адбылася гістарычная канфэрэнцыя. На наступным тыдні плянуецца прагляд дакумэнтальнай стужкі пра абарону Горадні ў 1939 годзе.

Паводле прэсавага сакратара непрызнаванага Саюзу палякаў Анджэя Пісальніка, пакуль гісторыкі слаба дасьледавалі падзеі 1939 году, зьвязаныя з Горадняй.

Традыцыйна сябры арганізацыі ўскладалі кветкі на магілы абаронцаў Горадні 17 верасьня.

Мечыслаў Яськевіч

Мечыслаў Яськевіч

Сёлета галоўныя ўрачыстасьці, паводле Пісальніка, сканцэнтраваліся вакол гадавіны абароны Горадні — 20—22 верасьня 1939 году. Старшыня СПБ Мечыслаў Яськевіч дадае, што ў савецкія часы гэтая падзея замоўчвалася ня толькі ў Савецкім Саюзе, але і ў камуністычнай Польшчы: «Для нас, палякаў, абарона Горадні — гэта сымбаль свабоды і непакорнасьці. Людзі розных нацыянальнасьцяў жылі тут у згодзе і дружбе на працягу стагоддзяў. І мы хочам паказаць, што так павінна заставацца заўсёды тут над Нёманам, у гэтым горадзе, які заўсёды любіў свабоду і за гэта змагаўся».

Паводле Пісальніка, у першы дзень дэлегацыя СПБ сумесна з прадстаўнікамі Генэральнага консульства Польшчы ў Горадні, гасьцямі з Польшчы, а таксама з амбасадарам Польшчы ў Беларусі Лешакам Шарэпкам наведала больш за 15 месцаў у ваколіцах Горадні і ўшанавала магілы жаўнераў і звычайных людзей, якія загінулі ў 1939 годзе падчас абароны гораду.

Гісторык Юзаф Пажэцкі, якія займаецца дасьледаваньнямі падзеяў, зьвязаных з абаронай Горадні, сказаў Свабодзе, што ў гэтыя дні ўшаноўвалі ня толькі палякаў, якія баранілі Горадню, але і дзякавалі беларусам, якія ратавалі палякаў ад бальшавікоў. Побач зь вёскай Саволеўкай стаіць крыж мясцовым беларусам, якія ў 1939 годзе ўратавалі вайсковых асаднікаў — там таксама ўскладалі кветкі.

У вёсцы Юрэвічы, што побач са Скідзелем, мясцовыя жыхары на ўскрайку свайго гароду пахавалі трох забітых бальшавікамі польскіх жаўнераў з Ваўкавыскага палку, які перад Скідзелем затрымаў наступ бальшавіцкіх войскаў на Горадню.

Пажэцкі: «Мясцовыя людзі пахавалі іх у сьпеху, бо ўжо войскі наступалі, прыкрылі іх шынелькамі. У магіле толькі адзін пахаваны, а двое былі пахаваныя недзе ў полі. Але паставілі там крыж, магілку зрабілі і апекаваліся гэтай магілкай усе гэтыя 75 год. Магілка якраз на іх зямлі, сад сканчаецца іх, і гэта канец іхнага агароду».

У гонар урачыстасьцяў у Горадні адкрылі выставу мясцовых мастакоў, якія дзейнічаюць пры СПБ, прысьвечаную падзеям 1939 году. Яшчэ адну выставу адчыніла Беластоцкае аддзяленьне Інстытуту нацыянальнай памяці на тэрыторыі консульства ў так званай «Галерэі на плоце» — пра агрэсію СССР у дачыненьні да Польшчы ў 1939 годзе.

Выстава Беластоцкага аддзяленьня Інстытуту нацыянальнай памяці на тэрыторыі консульства ў так званай «Галерэі на плоце» пра агрэсію СССР у дачыненьні да Польшчы ў 1939 годзе

Выстава Беластоцкага аддзяленьня Інстытуту нацыянальнай памяці на тэрыторыі консульства ў так званай «Галерэі на плоце» пра агрэсію СССР у дачыненьні да Польшчы ў 1939 годзе

Анджэй Пісальнік кажа, што ўрачыстасьці на гэтым ня скончаныя, бо на наступным тыдні плянуецца паказ дакумэнтальнага фільму пра абаронцаў Горадні, які быў зьняты сумесна намаганьнямі Варшаўскай фундацыі імя Яўхіма Лялевеля і Саюзу палякаў. Фільм, паводле Пісальніка, са зразумелых прычын здымаўся ў Польшчы.

Анджэй Пісальнік

Анджэй Пісальнік

Пісальнік: «Шукалі месцы ў Польшчы, якія маглі быць падобныя да тых, што ў нас у Горадні. Патаемна прыяжджаў сюды апэратар з камэрай, які здымаў вулічкі старой Горадні, стары мост, замкі, і гэтыя здымкі будуць там неяк змантаваныя. Я яшчэ ня бачыў гэтага фільму і ніхто яго яшчэ ня бачыў, вось толькі заўтра ў Варшаве пройдзе прэм’ера».

Анджэй Пісальнік зьвяртае ўвагу на тое, што сёлета падчас урачыстасьцяў з нагоды абароны Горадні беларускія ўлады не чынілі ім перашкодаў, хоць раней, паводле яго, нават на могілках іх заўсёды здымаў апэратар у цывільным.

Здымкі:

1 Ушанаваньне памяці абаронцаў Горадні на могілках у Сапоцкіне

2 Выстава Беластоцкага аддзяленьня Інстытуту нацыянальнай памяці на тэрыторыі консульства ў так званай “Галнрэі на плоце“ пра агрэсію СССР у дачыненьні да Польшчы ў 1939 годзе

3 Выстава мастакоў, якія дзейнічаюць пры СПБ, да 75-й гадавіны абароны Горадні

4 Анджэй Пісальнік, прэсавы сакратар СПБ

5 Мечыслаў Яськевіч, старшыня СПБ

XS
SM
MD
LG