Лінкі ўнівэрсальнага доступу

17.09.1939: Чакалі вызваліцеляў, прыйшлі рабаўнікі


Сустрэча нямецкіх і савецкіх камандзіраў на парадзе ў Берасьці, 1939 год

Сустрэча нямецкіх і савецкіх камандзіраў на парадзе ў Берасьці, 1939 год

У гэты дзень 75 гадоў таму войскі Чырвонай арміі распачалі «вызвольны паход» на заходнія тэрыторыі Беларусі і Ўкраіны. Як сустракалі тутэйшыя жыхары новую ўладу?

У гэты дзень 75 гадоў таму войскі Чырвонай арміі распачалі «вызвольны паход» на заходнія тэрыторыі Беларусі і Ўкраіны. Савецкі Саюз уключыўся ў геапалітычны падзел Эўропы, пра які дамовіўся з гітлераўскай Нямеччынай. Як сустракалі тутэйшыя жыхары новую ўладу? Як хутка разьвеяліся ілюзіі ад бальшавіцкіх абяцаньняў?

Краязнаўцу, доктару філялягічных навук Арсеню Лісу ў верасьні 1939-га было 5 гадоў. Але ён памятае, што жыхары ягонай вёскі Вётхава, што на Смаргоншчыне, перадавыя атрады чырвонаармейцаў сустракалі кветкамі і пачастункамі. Добра спрацавала савецкая прапаганда, якая абяцала скінуць польскі прыгнёт і збудаваць грамадзтва роўных магчымасьцяў:

«Прымалі вельмі хораша, бо спадзяваліся на карэнныя зьмены. Але ж, бачыце, я тады зусім малы быў, толькі ведаю, што людзі ішлі на гасьцінец, сустракалі салдатаў з кветкамі. І, відаць, шмат хто шчыра верыў, што гэта вызваліцелі. Вядомыя факты, што нямала было заходніх беларусаў, якія сышлі на ўсход — і былыя „капэзэбоўцы“, і камсамольцы. Але туды выпраўляліся, а назад, як правіла, не вярталіся. Што да таго, было потым нейкае расчараваньне ці не, — то, мусіць, я ўсё ж занадта малы быў, каб разумець, як бацькі рэагавалі на тое, што адбывалася навокал. Трэба крануць нейкага гісторыка, які сур’ёзна паказаў бы ўсе плюсы і мінусы. Павінен быць дыялектычны погляд, бо насамрэч гэта неадназначная рэч».

Аўтар гістарычных дасьледаваньняў Анатоль Тарас падзеі 17 верасьня 1939 году лічыць для Беларусі лягічнымі і трагічнымі адначасова. З аднаго боку, сапраўды ўзьяднаўся распалавінены народ, з другога — каб ведалі, у якія ахвяры выльецца ўсталяваньне новага парадку, то лепш, можа, было б жыць як дзьве Карэі:

Анатоль Тарас

Анатоль Тарас

«Гэта вельмі трагічны эпізод нашай гісторыі. Так, у нацыянальным сэнсе было вызваленьне: беларусы ўзьядналіся і ўкраінцы ўзьядналіся. Няхай на штыках, няхай гэта быў удар у сьпіну палякам, але народы ўзьядналіся. Гэта несумненны плюс. А вось палітычны рэжым, які прыйшоў на зьмену так званаму панскаму, белапольскаму рэжыму, для жыхароў гэтых тэрыторыяў быў, канечне, вялізным крокам назад. Напачатку яны гэтага не разумелі, але вельмі хутка пераканаліся. Гэта і шматлікія бяссудныя расправы, і дэпартацыя ў вялізных памерах, і самае галоўнае — калясальныя рабункі насельніцтва, маштаб быў беспрэцэдэнтны. Палякаў абрабавалі практычна ўсіх, з габрэяў усё павытрасьлі, заможных беларусаў „раскулачылі“. У Заходняй Украіне адбывалася тое самае. Іншымі словамі, у духу лёзунгаў 1918–19 гадоў: „Сьмерць буржуям і іхнім прысьпешнікам“».

Спадарыня Кацярына з-пад Глыбокага памятае, якімі да іх у вёску Варганы прыйшлі «місіянэры» ад новай улады:

«Увогуле гэта было дзіка. Чырвоная армія ехала на конях, прычым коні былі нейкія калгасныя, недагледжаныя, вупраж была страшная, салдаты брудныя, галодныя. Ня тое, як немцы ішлі — тады сапраўды было бачна, што ідзе нейкая цывілізацыя. І тут выбеглі сустракаць іх з кветкамі. Цікава, што гэтым салдатам, відаць, нельга было з намі гаварыць, усе моўчкі ехалі. Толькі адзін салдат падышоў да тых, хто кветкі трымаў, і сказаў: „Людцы вы мае, каб толькі ведалі, якая тут улада едзе, то не стаялі б тут, а галасілі б...“ Вось так сьмела сказаў. Увогуле нават дзіўна, што яму гэта далі вымавіць...»

Жыхарка вёскі Янаўшчына пад Зэльвай спадарыня Алена кажа, што радасьць ад новай улады прайшла вельмі хутка — пры тым, што вызваліцеляў сапраўды чакалі:

«Яшчэ пры паляках уся вёска таемна склалася і купілі радыё — надта ж чакалі тую Расею. Усе мужчыны зьбіраліся ў нашай хаце слухаць, што ж там гавораць. Але як прыйшлі „асвабадзіцелі“, то прайшла радасьць вельмі хутка. Мала нарадаваліся: спачатку арганізавалі калгас, куды ўсіх сагналі, а потым і вайна пачалася. Нават пры немцах было ня так страшна, як прыйшлі бальшавікі. Усё-ўсё ў нас пазабіралі — і гумны нашы, і кароў, і нават плуг паперлі. А нас усіх — у калгас, туды ідзіце, зарабляйце. Серпікамі жалі, цапамі малацілі, лён скублі. Ой, не расказаць, які зьдзек вынесьлі».

Людцы вы мае, каб толькі ведалі, якая тут улада едзе, то не стаялі б тут, а галасілі б...

Спадарыня Вера з Плябані пад Маладэчнам апавядае, што неўзабаве пасьля 17 верасьня пачаліся «зачысткі». Каб не падпасьці пад раскулачваньне, сяляне мусілі раскідваць жывёлу па бяднейшых сем’ях. У іншым выпадку вызваліцелі доўга не цырымоніліся:

«Усе дурныя былі, інакш і ня скажаш. Ляціць брат зь вёскі, крычыць ва ўсё горла — „Нашы ідуць, нашы!“ Нехта яму кажа: „Ага, рыхтуйся, уваляць „нашы“ так, што мала не падасца“. Многія ж як разважалі? Свае, рускія ідуць. А тыя адразу пачалі шукаць тут „шкоднікаў“. Таму, канечне, баяліся. Ведаеце, людзі розныя ёсьць, і разумныя, і подлыя, якія ўсё „падтыкалі“. Зь іх падачы колькі народу вывезьлі! Але мы пасьпелі падзяліцца, на братоў усё параскідвалі. Падзялілі кожнаму па карове, падумалі, што апошняга пэўна не адымуць. Дык тым і ўратаваліся, ня вывезьлі. А так гэтаксама павывозілі б у якую Сыбір, сказалі б, што „зажытачныя“».

З прыходам нацыяналізатараў сям’я вядомага польскага дыплямата графа Ксавэрыя Прушынскага ў адзін момант страціла ўсё і мусіла выехаць у Варшаву з тым, што ўмясьцілася ў руках. Ягоны сын Аляксандар, які пасьля вяртаньня ў Беларусь нават пасьпеў паўдзельнічаць у першых прэзыдэнцкіх выбарах, кажа, што ў іхняй сядзібе ў вёсцы Рагозьніца на Масточчыне дагэтуль сядзіць праўленьне калгасу. Бальшыня ж іншых маёнткаў ад нямэтавага выкарыстаньня прыйшла ў заняпад. Паводле суразмоўцы, каб улады адважыліся паўдзельнічаць у іх аднаўленьні супольна з былымі гаспадарамі, краіна б атрымала прывабныя для турыстаў узоры лякальнага дойлідзтва:

Аляксандар Прушынскі

Аляксандар Прушынскі

«Прыкладам, у той жа Польшчы таксама трапляюцца разбураныя панскія сядзібы. Але ў Беларусі гэтыя палацы разбураныя практычна ў 99% выпадкаў. Мой палац — хутчэй, выключэньне, ён сапраўды ў адносна нядрэнным стане. Чаму? Таму што там месьціцца адміністрацыя калгасу. Яны ж ня будуць сядзець пад дзіравым дахам? Вядома, было б добра, каб выпадкаў зацікаўленьня лёсам старых архітэктурных пабудоваў станавілася больш. Думаю, каб Аляксандар Рыгоравіч кінуў кліч былым гаспадарам — маўляў, прыяжджайце, адбудоўвайце — многія б адгукнуліся. Праўда, з гарантыямі, што потым гэта зноў не нацыяналізуюць. Асабіста ў мяне столькі грошай, каб аднавіць палац, няма. Таму, каб дзяржава ўзяла на сябе 50% выдаткаў, тым самым пацьвердзіўшы намер да супрацы, працэс пайшоў бы. Але пакуль ніхто не ідзе насустрач, каб прапанаваць хоць нейкія варыянты».

23 жніўня 1939 году СССР і Нямеччына падпісалі дамову аб ненападзе — так званы пакт Молатава-Рыбэнтропа. Да пакту быў прыкладзены сакрэтны пратакол, якім Сталін і Гітлер дзялілі польскую дзяржаву на сфэры ўплыву. Першай на Польшчу 1 верасьня напала Нямеччына. Неўзабаве ў «вызвольны паход» на захад рушыла Чырвоная армія. Цягам 10 дзён часткі Беларусі і Ўкраіны, якія дагэтуль былі пад Польшчай, апынуліся пад бальшавіцкай уладай. Такім чынам быў скасаваны падзел Беларусі паводле Рыскай дамовы 1921 году. Тэрыторыя савецкай Беларусі павялічылася больш як на 100 тысяч квадратных кілямэтраў, а насельніцтва — на 4,5 мільёна чалавек.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG