Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы і габрэі будуць езьдзіць адзін да аднаго бязь візаў


19 верасьня міністар замежных спраў Рэспублікі Беларусь Уладзімер Макей і міністар абсорбцыі Дзяржавы Ізраіль Софа Ландвэр падпішуць міждзяржаўнае пагадненьне аб адмене візаў для ўладальнікаў нацыянальных пашпартоў.

Адпаведная працэдура заплянаваная на палову дванаццатай гадзіны дня ў МЗС Беларусі, паведамілі Свабодзе ў прэсавай службе зьнешнепалітычнага ведамства Беларусі.

«Знакавай» называе гэтую падзею амбасадар Ізраіля ў Беларусі Ёсіф Шагал:

«Пагадненьне аб адмене візавага рэжыму зроблена паводле той жа схемы, паводле якой Ізраіль адмяніў візы з Расеяй і Ўкраінай. Грамадзяне нашых краін змогуць цягам 180 дзён, гэта значыць паўгода, знаходзіцца на тэрыторыі адпаведна Ізраіля або Беларусі без афармленьня візы».

Паводле амбасадара Ізраіля, ад моманту падпісаньня дамовы да ўступленьня яе ў сілу неабходны некаторы час для праходжаньня тэхнічных працэдур. Пра дзень уступленьня дамовы ў сілу будзе паведамлена дадаткова. Ізраільскі дыплямат мяркуе, што беларусы змогуць ужо бязь візаў наведаць Сьвятую Зямлю, каб адзначыць Раство Хрыстова.

У Ізраілі жыве шмат выхадцаў зь Беларусі. Пакуль што і яны, і іх сваякі, якія засталіся ў Беларусі, адчуваюць сябе ў дыскрымінаваным становішчы: бязь візаў адзін аднаго не адведаеш. А вось грамадзяне Расеі зь верасьня 2008 году, а затым і Ўкраіны — зь лютага 2011-га карыстаюцца бязьвізавым рэжымам.

Чаму беларусы апынуліся ў горшым становішчы, чым расейцы і ўкраінцы, палітоляг Алесь Лагвінец тлумачыць так:

«Тут усё палягае ў непаваротлівасьці, бюракратычнасьці і палітычных страхах беларускай улады, а таксама працы МЗС Беларусі, якое загнанае ў пастку. З аднаго боку, міністэрства хацела б атрымліваць грошы за візы ад грамадзянаў Ізраіля, якія так ці інакш прыяжджаюць у Беларусь. А зь іншага боку, вядома, мы знаходзімся ў горшым становішчы, чым Расея і Ўкраіна, якія своечасова паклапаціліся пра бязьвізавы рэжым з Ізраілем».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG