Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рыкашэт. Навошта Ізраілю роля адваката


Валер Карбалевіч

Валер Карбалевіч

Чарговая скандальная заява амбасадара Ізраіля ў Беларусі Ёсіфа Шагала ў інтэрвію ізраільскаму каналу RTVI уражвае адразу зь некалькіх прычын. Яна выяўляе як элемэнтарную недасьведчанасьць яе аўтара, так і вельмі сумнеўную палітычную мэтазгоднасьць такіх развагаў.

Уражвае тое, што амбасадар бярэцца разважаць аб прадмеце, якога ён ня ведае, хоць ужо два гады працуе ў Беларусі. Здавалася б, быў час разабрацца. Давайце яшчэ раз паглядзім, што кажа спадар Шагал:

«Тыя, каго лічаць палітвязьнямі, – гэта чатыры чалавекі афіцыйна сёньня. Чатыры чалавекі засталося, сядзяць у турме... Як мы паставімся да палестынца, які кіне камень у Кнэсэт? Ён хто – палітвязень або крымінальнік? Яны ўсе сядзяць па крымінальным артыкуле, а не палітычным. Усе. За напад на парлямэнт, за кіданьне камянёў... З нашага пункту гледжаньня яны – крымінальнікі, таму што ў іх ёсьць артыкул – за хуліганства, за кіданьне камянёў, за зьнявагу ўладаў і гэтак далей».

У зьвязку з гэтай заявай хацелася б найперш зьвярнуць увагу на фактычную недакладнасьць той інфармацыі, якую падае ізраільскі амбасадар.

Па-першае, паводле заключэньняў праваабаронцаў, на цяперашні момант у Беларусі 11 палітзьняволеных, а не чатыры, як кажа сп. Шагал.

Па-другое, з блытаных развагаў амбасадара вынікае, што ён лічыць, нібыта ўсе чатыры палітвязьні сядзяць за Плошчу, за падзеі 19 сьнежня 2010 году. Насамрэч за гэта пакараньне адбывае толькі адзін Мікола Статкевіч. Праўда, яшчэ двое хлопцаў (Парфянкоў і Яроменак) сядзяць за падзеі, зьвязаныя з Плошчай, але фармальна – за парушэньне правілаў прэвэнтыўнага нагляду.

Па-трэцяе, Ёсіф Шагал кажа, што нібыта палітзьняволеныя кідалі камяні. Насамрэч камянёў 19 сьнежня не было, ім гэта і не інкрымінавалі. Фігурантаў той справы абвінавачвалі ў біцьці дзьвярэй іншымі прадметамі. Дарэчы, Статкевіч, які сядзіць за Плошчу, увогуле дзьвярэй не чапаў.

Па-чацьвёртае, сп. Шагал лічыць, што гэтыя людзі сядзяць за напад на парлямэнт. Насамрэч гаворка ідзе пра пашкоджаньне дзьвярэй Дому ўраду.

Далейшыя заўвагі тычацца ўжо палітычных ацэнак. Параўнаньне беларускіх апазыцыянэраў з палестынцамі, якія кідаюць камяні ў будынак Кнэсэту, некарэктныя. У Ізраілі канфлікт носіць зусім іншы характар. Ніхто ня ставіць пад сумнеў легітымнасьць Кнэсэту (іншае пытаньне, што палестынцы ставяць пад сумнеў само існаваньне дзяржавы Ізраіль). У Беларусі ж вялікая частка грамадзтва не прызнае вынікі выбараў, а значыць – легітымнасьць дзейных органаў улады.

Амбасадар паўтарае довады беларускай прапаганды, што гэтыя людзі «ўсе сядзяць па крымінальным артыкуле, а не палітычным». Справа ў тым, што ў дыктатарскіх рэжымах фармальна палітычных артыкулаў, ці палітычнага кодэксу, паводле якога судзілі б праціўнікаў улады, проста няма. Нават у СССР сумнавядомы 58 артыкул, паводле якога накіроўвалі ў ГУЛАГ за «контррэвалюцыйную» і «антысавецкую» дзейнасьць, быў часткай менавіта Крымінальнага кодэксу. Калі так разважаць, то і ў Савецкім Саюзе фармальна палітзьняволеных не было. Дзіўна, што так кажа чалавек, які да 40 гадоў жыў у СССР.

Важна тое, што ўлады Беларусі, дэ-юрэ адмаўляючы наяўнасьць у Беларусі палітзьняволеных, дэ-факта іх прызнаюць, праўда, дадаючы агаворку «так званыя». І на сустрэчы Лукашэнкі з кіраўнікамі мэдыяў 21 студзеня галоўны рэдактар «Советской Белоруссии» Павал Якубовіч задаў яму пытаньне наконт палітвязьняў. Улады Беларусі вядуць доўгі торг наконт іх вызваленьня з Захадам. Яны гатовыя абмяркоўваць гэтае пытаньне, калі будзе прапанавана адпаведная цана.

Вось сп. Шагал кажа, паўтараючы вэрсію кіраўніка Беларусі: «Лукашэнка прапаноўвае ім напісаць просьбу аб памілаваньні, як у гісторыі з Хадаркоўскім: напішы просьбу – цябе выпусьцяць. Яны ня хочуць, жадаюць лепш заставацца героямі ў турме».

Тут трэба неяк вызначыцца. Калі палітвязьняў няма, то няма і прадмету для развагаў, няма каму прапаноўваць пісаць просьбу аб памілаваньні, іх могуць вызваліць паводле закону, на агульных умовах. Калі ж Лукашэнка дэманструе намер іх выпусьціць пры пэўных, эксклюзіўных умовах, то, значыць, яны ёсьць.

Абвяшчаючы палітвязьняў крымінальнымі злачынцамі, сп. Шагал імкнецца быць сьвяцейшым за папу Рымскага. То бок не прызнае таго, што дэ-факта прызнаюць улады Беларусі. Гэтаксама ўсьлед за Лукашэнкам ён зьняважліва ставіцца да тых, хто адмаўляецца пісаць просьбу аб памілаваньні, «каб заставацца героямі ў турме».

Фактычна сп. Шагал выступае ў ролі адваката, нават прапагандыста беларускага рэжыму. Чаго, дарэчы ня робіць ніхто з амбасадараў тых краін, якія лічацца сябрамі афіцыйнага Менску. Паслы Кітая, Ірана, Вэнэсуэлы, Казахстана і іншых дзяржаў не чапаюць гэтую склізкую тэму, яны проста дыпляматычна маўчаць. А амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў нават некалі параіў беларускім уладам праявіць міласэрднасьць да тых людзей, якіх Захад прызнае палітзьняволенымі. Навошта Ізраілю і ягонаму амбасадару быць заўзятарам аднаго з бакоў у гэтым беларускім канфлікце, незразумела? Няўжо гэтага патрабуюць ізраільскія дзяржаўныя інтарэсы? Якія ўжо такія дывідэнды ён атрымае, каб так ахвяраваць рэпутацыяй дэмакратычнай дзяржавы? Нават калі сп. Шагалу так ужо падабаецца існы рэжым у Беларусі, то ён забыў вядомую ісьціну, што язык дадзены дыплямату дзеля таго, каб хаваць свае думкі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG