Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША ўдараць па «Ісламскай дзяржаве» ў Іраку і Сырыі


Прэзыдэнт ЗША Барак Абама абвясьціў пра новую стратэгію барацьбы з тэрарыстамі ў Іраку і Сырыі.

Позна ўвечары 10 верасьня прэзыдэнт ЗША Барак Абама выступіў з тэлезваротам да амэрыканскага народу, у якім выклаў стратэгію ЗША па барацьбе зь дзеючай на тэрыторыі Іраку і Сырыі тэрарыстычнай групоўкай «Ісламская дзяржава».

Паводле Абамы, мэта абвешчанай ім стратэгіі заключаецца ў поўным зьнішчэньні групоўкі. Ён адзначыў, што дамагацца гэтай мэты ЗША будуць не ў адзіночку. Для пасьпяховага ажыцьцяўленьня стратэгіі неабходны ўдзел саюзьнікаў ЗША ў Эўропе, краінаў Блізкага Ўсходу і ўраду Іраку:

«Гэта ня толькі наша бітва. Вайсковая моц ЗША можа адыграць вырашальную ролю, але мы ня можам зрабіць для Іраку тое, што гэтая краіна павінна зрабіць сама. І мы ня можам замяніць нашых арабскіх партнэраў у справе ўстанаўленьня міру ў іх рэгіёне. Таму да гэтага часу я неаднаразова казаў, што дадатковыя дзеяньні ЗША будуць залежаць ад стварэньня ў Іраку ўраду, які прадстаўляе інтарэсы ўсіх грамадзянаў. Нядаўна такі ўрад быў сфармаваны. Таму сёньня, з новым ірацкім урадам на месцы, і пасьля кансультацый з саюзьнікамі і Кангрэсам, я магу паведаміць, што ЗША ўзначаляць шырокую кааліцыю ў барацьбе з тэрарыстычнай пагрозай».


Намаганьні па ліквідацыі групоўкі «Ісламская дзяржава», сказаў прэзыдэнт Абама, будуць працяглымі і комплекснымі, але яны не прадугледжваюць адпраўкі ў раён дзеяньняў тэрарыстаў амэрыканскіх сухапутных войскаў. Адначасова з гэтым прэзыдэнт паведаміў, што ён распарадзіўся накіраваць у Ірак яшчэ 475 амэрыканскіх ваенных дарадцаў, але прымаць удзел у баявых дзеяньнях яны не будуць:

«Я хачу, каб амэрыканскі народ ведаў, што намаганьні па барацьбе з „Ісламскай дзяржавай“ будуць адрозьнівацца ад войнаў у Іраку і Аўганістане. У гэтыя намаганьні ня будуць ўцягнутыя амэрыканскія баявыя аддзелы на зямлі замежных дзяржаў. Гэтая антытэрарыстычная кампанія будзе ажыцьцяўляцца шляхам нанясеньня удараў па баявікам „Ісламскай дзяржавы“, дзе б яны ні знаходзіліся, з выкарыстаньнем нашых ваенна-паветраных сілаў і праз падтрымку нашых партнэраў на сушы».

намаганьні па барацьбе з „Ісламскай дзяржавай“ будуць адрозьнівацца ад войнаў у Іраку і Аўганістане

Прэзыдэнт ЗША нагадаў, што з таго часу, як у мінулым месяцы ён распарадзіўся аб нанясеньні кропкавых удараў з паветра па пазыцыях «Ісламскай дзяржавы» на поўначы Ірака, ваенна-паветраныя сілы ЗША зьдзейсьнілі больш за 150 пасьпяховых баявых рэйдаў. У выніку гэтых рэйдаў былі зьнішчаныя баявікі «Ісламскай дзяржавы» і іх зброя, а ірацкім урадавым войскам і курдзкім узброеным фармаваньням ўдалося адбіць у тэрарыстаў захопленыя імі раней рэгіёны.

Да гэтага часу ВПС ЗША наносілі ўдары па пазыцыях «Ісламскай дзяржавы» толькі на тэрыторыі Іраку, аднак тэрарысты дзейнічаюць таксама і на тэрыторыі Сырыі. Мяркуецца, што менавіта там яны нядаўна па-зьверску забілі двух амэрыканскіх журналістаў — Джэймса Фоўлі і Стывена Сотлафа. Паводле прэзыдэнта Абамы, ён гатовы, у выпадку неабходнасьці, распарадзіцца аб нанясеньні удараў па баевіках і на сырыйскай тэрыторыі:

«Я выразна казаў пра тое, што мы знойдзем тэрарыстаў, якія пагражаюць нашай краіне, дзе б яны ні знаходзіліся. А гэта значыць, што я без ваганьняў прыму захады супраць „Ісламскай дзяржавы“ і ў Сырыі, і ў Іраку».

У барацьбе супраць „Ісламскай дзяржавы“ мы ня можам спадзявацца на рэжым Асада, які тэрарызуе свой уласны народ

На нанясеньні удараў па пазыцыях «Ісламскай дзяржавы» на тэрыторыі Сырыі настойваюць многія амэрыканскія заканадаўцы — прадстаўнікі абедзьвюх палітычных партый і старшыня Аб’яднанага камітэта начальнікаў штабоў узброеных сіл ЗША генэрал Марцін Дэмпсі нядаўна заявілі, што зьнішчыць групоўку «Ісламская дзяржава», не атакаваўшы яе пазыцыі ў Сырыі, немагчыма. Падтрымлівае ідэю удараў з паветра па тэрарыстах на сырыйскай тэрыторыі і большасьць амэрыканцаў. Паводле вынікаў праведзенага на гэтым тыдні газэтай «The Washington Post» і тэлекампаніяй «ABC» апытаньня грамадзкай думкі, за такія ўдары выказаліся 65 адсоткаў амэрыканцаў.

Паводле прапанаванай прэзыдэнтам ЗША стратэгіі, наземныя баявыя дзеяньні супраць «Ісламскай дзяржавы» на тэрыторыі Іраку павінны весьці ўрадавыя войскі гэтай краіны. Хто будзе ваяваць супраць тэрарыстаў у Сырыі, невядома.

«У барацьбе супраць „Ісламскай дзяржавы“ мы ня можам спадзявацца на рэжым Асада, які тэрарызуе свой уласны народ і які ніколі ня зможа аднавіць страчаную ім легітымнасьць» — сказаў прэзыдэнт Абама.

На думку прэзыдэнта, Злучаным Штатам і кааліцыі па барацьбе з «Ісламскай дзяржавай» неабходна ўзмацніць падтрымку сырыйскай апазыцыі з тым, каб яна магла супрацьстаяць экстрэмістам. Прэзыдэнт паведаміў, што мае намер зьвярнуцца ў Кангрэс ЗША з просьбай выдзеліць дадатковыя асыгнаваньні на пастаўкі ўзбраеньняў сырыйскай апазыцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG