Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саміт НАТО: сілы хуткага рэагаваньня, «Ісламская дзяржава», Карабах


Кіраўнікі дзяржаваў на паказальным выступе брытанскіх аэраакрабатаў "Red Arrows"
Кіраўнікі дзяржаваў на паказальным выступе брытанскіх аэраакрабатаў "Red Arrows"

У валійскім Ньюпарце адбыўся двухдзённы саміт НАТО.

Сілы хуткага рэагаваньня

Генэральны сакратар НАТО Андэрс Фог Расмусэн заявіў, што лідэры краінаў Паўночнаатлянтычнага зьвязу адобрылі стварэньне сілаў хуткага рэагаваньня ў адказ на пагрозы з боку Расеі. Ён адзначыў, што ніводная трэцяя краіна, якая не ўваходзіць у НАТО, ня зможа накласьці вета на рашэньне аб пашырэньні Паўночнаатлянтычнага зьвязу. Паводле словаў Расмусэна, дасягнутая дамоўленасьць аб падтрыманьні пастаяннай прысутнасьці на ўсходняй мяжы НАТО на ратацыйнай аснове. Ён адзначыў, што ў склад сілаў хуткага рэагаваньня будуць уваходзіць сухапутныя, вайскова-паветраныя і вайскова-морскія падразьдзяленьні. Расмусэн заявіў пра гэта на саміце НАТО, які прайшоў у Валіі. Галоўнай тэмай парадку дня была сытуацыя на ўсходзе Ўкраіны. Удзельнікі саміту таксама ўзгаднілі пакет захадаў, якія дапамогуць Грузіі прасунуцца наперад у яе імкненьні стаць сябрам НАТО.

«Ісламская дзяржава»

Злучаныя Штаты і Вялікая Брытанія абмеркавалі зь іншымі саюзьнікамі па НАТО магчымасьць фармаваньня кааліцыі, накіраванай на барацьбу з гэтак званай «Ісламскай дзяржавай», якая ўключае і вайсковы аспэкт. Пра гэта заявіў дзяржсакратар ЗША Джон Кэры. Паводле ягоных словаў, кожны можа нешта зрабіць. Свой унёсак можна зрабіць ці боепрыпасамі, ці зброяй, ці тэхнічнымі мэтадамі, ці выведнай інфармацыяй. Кэры заявіў, што такі плян мае быць падрыхтаваны да пачатку сэсіі генэральнай асамблеі ААН, якая пачынаецца 16 верасьня. Паводле ацэнкі Кэры, у цяперашні час не існуе палітыкі стрымліваньня «Ісламскай дзяржавы», якая ажыцьцяўляе генацыд і тэрытарыяльныя захопы, імкнецца да стварэньня гэтак званага халіфату.

Карабах

Дзяржсакратар ЗША Джон Кэры ў гутарцы з лідэрамі Армэніі і Азэрбайджану выказаў сур’ёзную занепакоенасьць у сувязі зь нядаўнімі перастрэлкамі ў раёну Нагорнага Карабаху. Кэры сустрэўся з прэзыдэнтамі Армэніі і Азэрбайджану Сэржам Саргсянам і Ільхамам Аліевым у кулюарах саміту НАТО ў Валіі. Бакі абмеркавалі намаганьні, накіраваныя на разьвязаньне карабахскага канфлікту. У выніку страляніны, якая адбылася ў рэгіёне ў мінулым месяцы, ахвярамі сталі больш за 20 чалавек.

Наступны саміт НАТО адбудзецца ў Польшчы ў 2016 годзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG