Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады забаранілі сьвяткаваньне 500-годзьдзя Аршанскай бітвы


Алесь Пушкін на Крапівенскім полі, архіўнае фота
Алесь Пушкін на Крапівенскім полі, архіўнае фота

Аршанскі райвыканкам забараніў правядзеньне 6 верасьня на Крапівенскім полі фэсту і канцэрту.

Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным адказе з Аршанскага райвыканкаму, які атрымаў кіраўнік аргкамітэту па сьвяткаваньні 500-годзьдзя бітвы пад Воршай мастак Мікола Купава.

Паводле Купавы, адмова грунтуецца нібыта на няправільна аформленай заяўцы, бо не былі пазначаны крыніцы фінансаваньня імпрэзы, таксама ня ўключана забесьпячэньне «хуткай дапамогі».

Спадар Купава пракамэнтаваў Свабодзе гэта наступным чынам:

Мікола Купава
Мікола Купава

«Калі мы дасылалі заяўку, вялікай надзеі на станоўчы адказ і не было. Але калі б аршанскія ўлады захацелі абысьціся з намі па-людзку і па-людзку ставіліся да беларускай гісторыі, яны напісалі б нам, што яшчэ трэба зрабіць, каб атрымаць дазвол. Аднак яны вырашылі інакш: пасьля нашага звароту да іх прайшоў амаль месяц, яны маўчалі, а за 5 дзён да мерапрыемства даслалі ліст з забаронай».

Паводле рашэньня аргкамітэту, ва ўрачыстых імпрэзах на Крапівенскім полі, дзе 8 верасьня 1514 году адбылася бітва, гатовыя ўзяць удзел некалькі соцень чалавек, у тым ліку запрошаныя прадстаўнікі замежных пасольстваў. На 6 верасьня заплянаваныя набажэнства, экскурсія па Воршы і паездка на Крапівенскае поле. На тым месцы, дзе войска ВКЛ 500 гадоў таму перамагло ўтрая большае войска Маскоўскага княства, мае адбыцца ўскладаньне кветак да памятнага знака, усталяванага дэмакратычнымі актывістамі, урачыстая частка і канцэрт. Паводле заяўкі ў Аршанскі райвыканкам, усе гэтыя імпрэзы маюць скончыцца да 19 гадзіны.

Аргкамітэт мяркуе разгледзець іншыя магчымасьці адзначыць угодкі перамогі беларускага войска на чале зь вялікім гетманам Вялікага Княства Літоўскага Канстанцінам Астроскім над войскам Вялікага Княства Маскоўскага на рацэ Крапіўне пад Воршай.

Славутая Аршанская бітва адбылася 8 верасьня 1514 году. Амаль 20 гадоў у тых мясьцінах зьбіраюцца ахвотныя згадаць пра гэтую значную гістарычную падзею.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG