Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ну навошта манахі адрэзалі паўгалавы Астроскаму? — Купава


Праз тры месяцы беларуская грамадзкасьць будзе адзначаць 500-я ўгодкі перамогі войскаў Вялікага Княства Літоўскага ў бітве з маскоўскімі заваёўнікамі пад Воршай.

З гэтай нагоды Нацыянальны аргкамітэт сьвяткаваньня выбітнай даты даў старт шэрагу культурніцкіх і асьветніцкіх імпрэзаў, якія будуць ладзіцца да канца гэтага году.

Нараджэнец Воршы, аўтар жывапісных палотнаў, прысьвечаных героям і падзеям Аршанскай бітвы, мастак Мікола Купава як намесьнік старшыні Нацыянальнага аргкамітэту падрыхтоўкі да знакавага юбілею адказвае за рыхтаваньне ды правядзеньне тэматычных імпрэзаў:

«2014 год Нацыянальным аргкамітэтам сьвяткаваньня 500-гадовага юбілею вялікай перамогі пад Воршай абвешчаны Годам Аршанскай бітвы. Мы ўжо шмат зрабілі, але наперадзе яшчэ вялікая праца. Самае галоўнае, вядома, давесьці адпаведную інфармацыю ня толькі да беларусаў, жыхароў Эўропы, але і да ўсяго сьвету, бо вынікі той бітвы па сваёй сутнасьці ўнікальныя ва ўсясьветным маштабе. У Менску ўжо прайшла міжнародная навуковая канфэрэнцыя, прысьвечаная гэтай даце. Апрача таго, выяжджаем непасрэдна на месца слаўных падзеяў — перад канфэрэнцыяй трэба было адаптавацца да той тапанімікі. Часта ў працах прыгадваюць вёскі, а гэтых вёсак на той час яшчэ не было. Таму важна высьветліць, якія канкрэтна паселішчы ўжо існавалі і зь якімі фактычна межавала поле бітвы. Адпаведнае месца адведзена тапаграфіі — асабіста мне важна было паглядзець, дзе менавіта стаяў Канстанцін Астроскі на белым кані. Перадусім у праекцыі таго, як ён выяўлены на знакамітай карціне „Бітва пад Воршай“ (ці „Аршанская бітва“), а таксама ў іншых мастацкіх сюжэтах».
"Бітва пад Воршай"

"Бітва пад Воршай"



Згаданы мастацкі твор пачатку XVI стагодзьдзя — адно з рэдкіх сьведчаньняў таго часу, на падставе якога дасьледчыкі аднаўляюць падзеі вырашальнай літоўска-маскоўскай бітвы 8 верасьня 1514 году. Як удакладняе Мікола Купава, галоўны герой карціны — Найвышэйшы гетман Вялікага Княства Літоўскага Канстанцін Астроскі, беларускі магнат з Турава-Пінскага княства, кіраўнік літоўскага войска ў вайне з Масковіяй. На карціне ён паказаны ў «разьвіцьці», паўстаючы на розных этапах бітвы чатыры разы. Суразмоўца не выключае, што менавіта на замову Астроскага і было створана эпічнае палатно, якое за пяць наступных стагодзьдзяў перажыло шмат драматычных момантаў:

«Карціна, як лічыцца, напісана невядомым мастаком. Гэта сапраўды так, але карані гэтай творчасьці і пэндзаль майстра, як многія лічаць (і да таго падобна), прывязаныя да настаўніка, якім для нашага мастака быў Лукас Кранах. На наш погляд, гэта ўсё ж вучань зь Вялікага Княства Літоўскага, і, хутчэй за ўсё, ён у Кранаха вучыўся і змог атрымаць такую грунтоўную падрыхтоўку. Але ва ўсёй гэтай гісторыі ёсьць адна прыкрая рэч. Дзе карціна захоўвалася першыя часы свайго існаваньня — XVI, XVIІ, нават XVIІІ стагодзьдзе — загадка. Магчыма, яна была напісаная ці для Турава, дзе разьмяшчалася рэзыдэнцыя Астроскага, ці для Вільні, дзе была сталіца ВКЛ і дзе Астроскі як чалавек вайсковы бываў хоць і рэдка, але свае апартамэнты меў. Ці, ня выключана, для Астрогу на Валыні, дзе стаяў ягоны замак і было выстаўлена на агляд палатно. Што вядома дакладна: у ХІХ стагодзьдзі карціна трапіла ў Варшаву, а пасьля была перавезена ў францішканскі кляштар у Кракаве. Уладальнікам — манахам захацелася карціну паставіць у нейкую нішу. Яна не зьмяшчалася. Тады зьверху і зьлева адрэзалі! І вось гэты зрэз праходзіць проста па версе галавы Астроскага. Ну як хтосьці мог такое злачынства дапусьціць? Такім чынам, з-за гэтых двух абрэзаў бясцэнная карціна страціла прыблізна 1/5 жывапіснага поля. І цяпер мы ўжо ніколі не даведаемся, што там было выяўлена».
Фрагмэнт карціны "Бітва пад Воршай"

Фрагмэнт карціны "Бітва пад Воршай"



Цяпер карціна «Бітва пад Воршай» захоўваецца ў Нацыянальным музэі ў Варшаве. А ці існуе тэарэтычная верагоднасьць пад слаўную дату прывезьці карціну ў Беларусь? Можа, выстава адной карціны зрабіла б нашмат больш у адукацыйным пляне, чым спробы ўпарадкаваць гістарычныя розначытаньні? Мікола Купава лічыць такую магчымасьць цалкам рэальнай, але пры ўмове, што гэта патрэбна найперш беларусам:

«А я думаю, што калі б гэтым зацікавіўся дырэктар нашага Нацыянальнага музэю, то ўсё было б цалкам рэальна. Ну, канечне, усё гэта праходзіла б зь вялікімі цяжкасьцямі, але тэарэтычна такое дапусьціць можна. Таму што прывозілі і Рушчыца ў Вільню, паказвалі там жа і Матэйку, і іншых. Але ж трэба, каб перадусім было жаданьне тутэйшых! Пакуль яго няма. Ну, а палякі цяпер яе захоўваюць, дзякуй богу. Бо пасьля манахаў карціна нарэшце трапіла ў музэй сылескіх старажытнасьцяў, дзе пачынаецца нашмат больш адэкватная гісторыя гэтага абраза. Прынамсі, ён ужо захоўваўся паводле музэйных канонаў і не рызыкаваў быць абрэзаным яшчэ больш, бо ўжо знаходзіўся ў музэі».
Фрагмэнт карціны "Бітва пад Воршай"

Фрагмэнт карціны "Бітва пад Воршай"



На тле пэрманэнтнага ўскладненьня геапалітычнай сытуацыі, калі пытаньне супраціву маскоўскай вайсковай экспансіі зноў робіцца актуальным, ці могуць цяперашнія ўлады нарэшце прызнаць бітву пад Воршай значнай датай у гісторыі Беларусі? Як кажа Мікола Купава, наўрад ці варта чакаць татальнага прасьвятленьня, але ўскосна тагачасныя падзеі ўжо прызнаюцца за «слаўныя старонкі»:

«Я думаю, што палітычная эліта нават ня думае пра гэта і нічога адзначаць ня будзе. Іншая справа, што ёсьць дзяржаўныя структуры, якія хоць трошачкі, але наблізіліся да разуменьня гэтага. Скажам, у Менску ўжо ёсьць вуліца імя бацькі і сына Астроскіх. Хай сабе гэта далёка ад цэнтру, але ж што зробіш? Ва ўсялякім разе, гэта крок, гэта дасягненьне, што ўжо ёсьць такая вуліца. Яшчэ адна важная падзея, да якой можна нават і дакрануцца, — Нацыянальны банк выпускае манэту „Канстанцін Астроскі“. Ня ведаю, якой вартасьці, але гэта выдатна. А калі глядзець у шырокім кантэксьце, то ў нашым Нацыянальным аргкамітэце дастаткова адмыслоўцаў, якія могуць шмат што зрабіць у сэнсе захаваньня гістарычнай, духоўнай, культурнай спадчыны. Гэта гісторыкі, літаратары, мастакі, краязнаўцы, геральдысты, якія сёньня могуць пісаць кнігі, рабіць мастацтвазнаўчыя ці гістарычныя дасьледаваньні. Такая праца яшчэ наперадзе, і яна будзе зроблена».

Усё лета Нацыянальны аргкамітэт будзе ладзіць імпрэзы, якія маюць у папулярнай і навуковай форме раскрываць значэньне Аршанскай бітвы для наступных пакаленьняў беларусаў. Кульмінацыяй павінна стаць маштабнае сьвяткаваньне гістарычнай даты на Крапівенскім полі, хоць, відаць, арганізатары да апошняга будуць задавацца пытаньнем: ці хопіць у чыноўнікаў розуму не станавіцца на старыя граблі, пад рознымі прычынамі забараняючы імпрэзы? Працягвае Мікола Купава:

«Вядома, самае важнае — гэта сьвяткаваньне на полі пабаявішча. І ў гэтым сэнсе адна з нашых задачаў — папярэдзіць кіраўнікоў і вобласьці, і раёну, і горада, і сельсавету, каб не рабілі ніякіх глупстваў. Каб ня ўзорвалі гэтае поле, як яны рабілі раней — узорвалі, каб людзям не было нават спакусы там зьбірацца. Бо гэта — сярэднявечнае дзікунства, якое мела месца яшчэ да бітвы і да гэтай перамогі. А вось „Вялікая перамога“, як пра яе пішуць нават не цяперашнія, а тагачасныя гісторыкі, — яна павінна памяняць і сьвядомасьць, і ўсьведамленьне, і ўвогуле скіраваць працу мазгоў у правільным кірунку. Пара ўжо па-іншаму ўсё ўспрымаць. Мы, хачу нагадаць, жывём у ХХІ стагодзьдзі. Таму я спадзяюся, што сёлета ўжо ня будзе ніякіх перашкодаў і глупстваў. Тым больш што сюды прыедуць і зь Літвы госьці, і з Польшчы, і з Украіны. Такім чынам, мы напярэдадні вялікіх падзеяў, але ўсім гэтым займаецца перадусім грамадзкі аргкамітэт. А дзяржава? Што робіць дзяржава — вы ўсе бачыце...»

Маратон імпрэзаў, прысьвечаны 500-гадоваму юбілею перамогі войскаў ВКЛ на Масковіяй, распачала навуковая канфэрэнцыя. У Менску сабраліся лепшыя дасьледчыкі тагачасных падзеяў. Сярод іх — старшыня Нацыянальнага аргкамітэту, доктар гістарычных навук Анатоль Грыцкевіч, доктар гістарычных навук Юрась Бохан, доктар гуманітарных навук, прафэсар Ваеннай акадэміі Літвы Валдас Ракуціс, сябра геральдычнай рады Беларусі Віктар Ляхор, аўтар гістарычных дасьледаваньняў Анатоль Тарас, краязнаўцы Леанід Акаловіч, Юрка Копцік ды многія іншыя. Удзельнік канфэрэнцыі, грамадзкі актывіст Мечыслаў Бурак дзеліцца ўражаньнямі ад убачанага і пачутага:

Мечыслаў Бурак

Мечыслаў Бурак

«На якія думкі натхніў удзел у дыскусіі?

Першае. У эпоху сярэднявечча, каб быць суб’ектам цывілізацыйнага працэсу — гэта значыць мець магчымасьць жыць на сваёй зямлі на свой розум і па сваёй волі — трэба было ваяваць, каб супрацьстаяць зьнешняй экспансіі. Перамога пад Воршай — прыклад ваеннай сілы ВКЛ і пацьвярджэньне яго цывілізацыйнай суб’ектнасьці. Гэты дух адрадзіўся ў 1918 годзе ў фэномэне БНР, а ў 1991-м — незалежнай Рэспублікі Беларусь.

Другое. У чым наша ўнікальнасьць? У рэальнай эканоміцы, інтэлектуальнай дзейнасьці? Сумнеўна, бо мы — на пэрыфэрыі цывілізацыі. І толькі наша духоўнасьць унікальная, толькі яна дае цікавасьць сьвету, толькі яна зьяўляецца цывілізацыйнай каштоўнасьцю.

Трэцяе. Наша цывілізацыйная каштоўнасьць заключаецца ў здольнасьці і празе жыць у незалежнай краіне, пераемніцы суб’ектнасьці ВКЛ. Праз годнае нацыянальнае жыцьцё людзей з адрознымі этнічнымі, культурнымі і рэлігійнымі каранямі тут будуць злучацца Захад і Ўсход. А калі ня будзе незалежнай Беларусі, дык тут будзе цывілізацыйны разлом: частка беларусаў стане „русскоязычным населением“, другая — „крэсамі ўсходнімі“. Як цяпер гэта добра відаць на прыкладзе Ўкраіны. А беларускаму народу яшчэ давядзецца даказаць, што ў яго ёсьць усьведамленьне неабходнасьці, жыцьцёвая сіла і воля доўжыць сваю нацыянальную гісторыю і ў век глябалізацыі».

____________________________________________

Бітва пад Воршай — найбуйнейшы эпізод вайны Маскоўскай дзяржавы з войскам Вялікага Княства Літоўскага на рацэ Крапіўне паблізу Воршы. Яна лічыцца і адной з самых грандыёзных батальных сцэнаў на тэрыторыі Эўропы пачатку XVI стагодзьдзя. 30-тысячнае войска ВКЛ пасьпяхова супрацьстаяла ўтрая большаму па колькасьці маскоўскаму праціўніку, што дало магчымасьць ня толькі вярнуць страчаныя раней землі, але і на некалькі гадоў забясьпечыць перадышку ад разбуральных набегаў з Усходу. Перамогу пад Воршай дасьледчыкі разглядаюць як адну зь першых у шэрагу трыюмфаў беларускай зброі, уключна з Грунвальдам, Кірхгольмам ды іншымі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG