Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад чыноўнікаў чакаюць, што яны пранікнуцца гонарам за Аршанскую бітву


У Аршанскі райвыканкам зьвярнуліся сябры Аргкамітэту па арганізацыі сьвяткаваньняў, які ачольвае вядомы навуковец, доктар гістарычных навук Анатоль Грыцкевіч.

Чальцы аргкамітэту просяць дазволу на правядзеньне набажэнства і публічнага сьвята, прызначанага на суботу, 6 верасьня. У праграме плянуюцца экскурсія па Воршы і паездка на Крапівенскае поле, дзе 8 верасьня 1514 году адбывалася славутая бітва. На тым месцы, дзе войска ВКЛ 500 гадоў таму перамагло ўтрая большае войска Маскоўскага княства, маюць адбыцца набажэнства, ускладаньне кветак да памятнага знаку, усталяванага дэмакратычнымі актывістамі, выступы прадстаўнікоў замежных амбасадаў і канцэрт.

«На падставе артыкула 35 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і ў адпаведнасьці з патрабаваньнямі артыкулаў 4 і 5 Закону Рэспублікі Беларусь „Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь“ просім дазволіць правядзеньне масавых культурных мерапрыемстваў, прысьвечаных 500-гадоваму юбілею Вялікай Перамогі беларускіх войскаў пад Воршай 8 верасьня 1514 году. Просім Аршанскі раённы выканаўчы камітэт забясьпечыць грамадзкі парадак на сьвяце і гарантаваць выкананьне сьвяточнай праграмы», — гаворыцца ў дасланай мясцовым уладам заяўцы.

Згодна з рашэньнем мясцовага выканкаму, усе заяўнікі масавых мерапрыемстваў у Воршы і раёне мусяць падаваць разам з заяўкай яшчэ й дамовы на абслугоўваньне акцыі супрацоўнікамі службы ЖКГ, міліцыі і гарадзкой паліклінікі. Праз тое, што дамовіцца з гэтымі службамі немагчыма, бо гэткіх паслугаў яны не аказваюць, аршанскія ўлады на працягу апошніх 4 гадоў не далі ніводнага дазволу ні на якія масавыя мерапрыемствы з ініцыятывы мясцовых актывістаў.

Чальцы аргкамітэту ў названыя вышэй структуры не зьвярталіся: яны лічаць, што спрыяньне ў такой справе, як адзначэньне 500-х угодкаў гістарычнай бітвы пад Воршай — гэта справа гонару і абавязку для мясцовых уладаў.

Паводле заяўкі, ва ўрачыстых імпрэзах возьмуць удзел да 450 чалавек, канцэрт на Крапівенскім полі мае скончыцца да 19 гадзіны. У звароце ў райвыканкам нічога не сказана пра бардаўскі фэст «Аршанская бітва», які штогод праводзіцца ў гонар гістарычнай падзеі ў першыя выходныя верасьня. Праўда, праводзіцца ён у розным фармаце: пасьля міліцэйскіх разгонаў, афіцыйных забаронаў і перасьледу ўдзельнікаў у апошнія 5 гадоў фэсты былі нешматлюдныя і праходзілі ў ваколіцах вёскі Гацькаўшчына патаемным чынам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG