Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея адказная за гвалт ва Ўкраіне


ЗША лічаць Расею і асабіста Ўладзімера Пуціна вінаватымі ў новай эскаляцыі канфлікту на ўсходзе Ўкраіны.

Апошнія дзеяньні Расеі ў дачыненьні да Ўкраіны не засталіся незаўважанымі ўладамі ЗША. Пра гэта, у прыватнасьці, на незаплянаваным брыфінгу казаў амэрыканскі прэзыдэнт Барак Абама; рэзкія заявы на адрас Масквы з боку ЗША прагучалі і на экстраным пасяджэньні Рады Бясьпекі ААН, скліканым у сувязі з далейшай эскаляцыяй канфлікту на ўсходзе Ўкраіны.

Паводле слоў прэзыдэнта Злучаных Штатаў Барака Абамы, падзеі апошніх дзён разьвеялі магчымыя сумневы адносна таго, хто нясе адказнасьць за крызіс ва Ўкраіне. Ён паведаміў, што ў чацьвер абмеркаваў гэта пытаньне з канцлерам Германіі Ангелай Мэркель.

Мы пагадзіліся з тым, што Расея адказная за гвалт на ўсходзе Ўкраіны. Гвалтоўныя дзеяньні заахвочваюцца Расеяй

«Мы пагадзіліся з тым, што Расея адказная за гвалт на ўсходзе Ўкраіны. Гвалтоўныя дзеяньні заахвочваюцца Расеяй. Расея навучае, узбройвае і фінансуе сэпаратыстаў. Расея неаднаразова і наўмысна парушала сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны, і кадры, якія паказваюць расейскіх вайскоўцаў ва Ўкраіне, робяць гэта відавочным для ўсяго сьвету», — сказаў прэзыдэнт ЗША.

Барак Абама, які крыху зьдзівіў журналістаў, незаплянавана ўзяўшы ўдзел у штодзённым брыфінгу ў Белым доме, ня стаў наўпрост адказваць на пытаньне, ці лічыць ён апошнія дзеяньні Расеі на паўднёвым усходзе Ўкраіны ўварваньнем: «Я разглядаю дзеяньні Расеі, сьведкамі якіх мы сталі на працягу апошняга тыдня, як працяг таго, што мы ўжо бачылі на працягу апошніх месяцаў». Расея, на думку прэзыдэнта, магчыма, вырашыла больш адкрыта выступаць на баку сэпаратыстаў у сьвятле посьпехаў украінскай арміі і стратаў, якія сэпаратысты панесьлі ў Данецку і Луганску.

Разам з тым, паводле слоў прэзыдэнта, апошнія дзеяньні Расеі яшчэ раз прадэманстравалі яе нежаданьне знайсьці мірнае рашэньне канфлікту ва Ўкраіне, і гэта, верагодна, прывядзе да таго, што Расеі давядзецца сутыкнуцца з новымі санкцыямі. «Прэзыдэнт Пуцін і Расея неаднаразова абміналі патэнцыйныя шляхі дыпляматычнага рашэньня. Цяпер я чакаю, што разам з нашымі эўрапейскімі саюзьнікамі і партнэрамі мы пойдзем на дадатковыя крокі, у першую чаргу таму, што ня бачым з боку Расеі якіх-кольвек дзеяньняў па дыпляматычным рашэньні».

Прэзыдэнт Пуцін і Расея неаднаразова абміналі патэнцыйныя шляхі дыпляматычнага рашэньня. Цяпер я чакаю, што разам з нашымі эўрапейскімі саюзьнікамі і партнэрамі мы пойдзем на дадатковыя крокі

Паводле слоў прэзыдэнта Абамы, у выніку сваіх дзеяньняў ва Ўкраіне Расея апынулася ізаляванай як ніколі з часоў халоднай вайны, а санкцыі, якія супраць яе ўвялі Злучаныя Штаты і іншыя краіны, ужо сур’ёзна адбіваюцца на расейскай эканоміцы. «Санкцыі, якія мы ўжо ўжылі, выявіліся эфэктыўнымі. Паводле дадзеных нашай выведкі, расейцы ведаюць, што санкцыі на іх адбіліся, хоць пра гэта і не гавораць па расейскім тэлебачаньні».

Прэзыдэнт ЗША паведаміў, што пытаньне пра магчымае ўвядзеньне ў дачыненьні да Расеі новых санкцыяў будзе абмяркоўвацца на наступным тыдні, калі ён зробіць паездку ў Эўропу. У рамках гэтай паездкі прэзыдэнт возьме ўдзел у саміце НАТО ў Уэльсе, а таксама наведае Эстонію. Пазьней у верасьні ён прыме ў Вашынгтоне прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнку.

Самыя рэзкія заявы з боку ЗША на адрас Расеі ў чацьвер прагучалі ў сьценах Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў. Выступаючы на экстраным пасяджэньні Рады Бясьпекі, сталы прадстаўнік ЗША ў ААН Саманта Паўэр абвінаваціла Расею ў хлусьні і ў парушэньні прынцыпаў Хартыі ААН. Па словах Паўэр, дзеяньні Расеі на ўсходзе Ўкраіны — агрэсія, і гэтая агрэсія павінна быць спыненая.

«Гэта ўжо дваццаць чацьвёртае пасяджэньне Рады Бясьпекі, якое праводзіцца з мэтай стрымаць агрэсіўныя дзеяньні Расеі на ўсходзе Ўкраіны, і на кожным з гэтых пасяджэньняў мы ў адзін голас выступалі з прамым заклікам да Расеі: пакладзіце канец канфлікту! Але Расея гэтага ня чуе. Мы выступілі з гэтым заклікам, калі Расея, груба парушыўшы міжнароднае права, анэксавала Крым. Мы выступілі з гэтым заклікам пасьля катастрофы малайзійскага „Боінга“, якая шакавала ўвесь сьвет і ў выніку якой загінулі невінаватыя мужчыны, жанчыны і немаўляты з адзінаццаці краінаў.

Мы выступаем з гэтым заклікам сёньня, калі расейскія войскі, танкі, сыстэмы супрацьракетнай абароны і артылерыя аказваюць падтрымку і ваююць поруч з сэпаратыстамі, па меры таго як тыя адкрылі новы фронт у крызіснай сытуацыі, якая была створаная Расеяй і якая Расеяй распальваецца. Але замест таго каб прыслухацца да гэтых заклікаў, пайсьці насустрач патрабаваньням міжнароднай супольнасьці і выконваць правілы сусьветнага парадку, Расея кожны раз паўставала перад сябрамі Рады Бясьпекі і казала ўсё што заўгодна, акрамя праўды. Расея займалася маніпуляцыяй, спрабавала зьбіць усіх з тропу і проста ўвесь час ашуквала», — сказала сталы прадстаўнік ЗША ў ААН.

Паводле слоў Саманты Паўэр, хлусьня з боку Расеі працягваецца і цяпер: «26 жніўня, у аўторак (на гэтым тыдні) пасьля сустрэчы з прэзыдэнтам Украіны Парашэнкам у Менску прэзыдэнт Пуцін казаў пра неабходнасьць, я цытую, „спыніць кровапраліцьце“. Але ў той жа самы дзень на зробленых са спадарожнікаў здымках можна было бачыць расейскія баявыя атрады на паўднёвы ўсход ад Данецку. У той жа самы дзень у Луганску ўкраінскія вайскоўцы затрымалі расейскіх вайскоўцаў. Празь дзень пасьля перамоваў у Менску Расея са сваёй тэрыторыі выпусьціла ракеты „Град“ па пазыцыях ўкраінскіх узброеных сілаў у Новаазоўску, а потым атакавала іх з ужываньнем расейскіх бронетранспартэраў і танкаў. Расейскія бронетранспартэры і ракетныя ўстаноўкі „Ўраган“ разьмешчаныя каля гэтага гораду і цяпер, у той самы момант, калі мы з вамі тут засядаем».

Сталы прадстаўнік ЗША ў ААН заявіла, што дзеяньні Расеі ва Ўкраіне не павінны застацца без адказу, падкрэсьліўшы, што ў дадзеным выпадку міжнародная супольнасьць ня можа дазволіць сабе бязьдзейнічаць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG