Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абама пагражае Расеі новымі санкцыямі

Прэзыдэнт ЗША заявіў, што Расея нясе адказнасьць за рост гвалту ва Ўкраіне і яна заплаціць дадатковую плату за гэта.

Прэзыдэнт ЗША Барак Абама падчас выступу ў Вашынгтоне заявіў аб адказнасьці Расеі за вайсковае ўварваньне на ўкраінскую тэрыторыю і далейшую эскаляцыю гвалту.

Паводле яго слоў, Расея трэніруе, узбройвае і фінансуе сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны. Барак Абама адзначыў, што новыя здымкі прысутнасьці расейскіх войскаў ва Ўкраіне зрабілі гэта відавочным.

Выступаючы перад журналістамі ў Вашынгтоне, прэзыдэнт падкрэсьліў, што менавіта з Расеі фінансуюцца і атрымліваюць ваенную падтрымку сэпаратысцкія сілы ва Ўкраіне, там жа іх байцы праходзяць падрыхтоўку.

Паводле ацэнкі прэзыдэнта ЗША, «Расея парушае тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны».

Адказам на гэтыя дзеяньні будзе ўзмацненьне жорсткасьці санкцый з боку ЗША і іншых заходніх дзяржаў, сказаў Абама. На яго думку, Расея на сёньняшні дзень ізаляваная як ніколі з часоў заканчэньня «халоднай вайны».

«Ужо зараз адбываецца адток капіталу з Расеі», — сказаў прэзыдэнт ЗША і адзначыў, што на справе Расея ўжо адчувае ўплыў санкцый, нават калі гэта не паказваюць па расейскім тэлебачаньні.

Нягледзячы на тое, што санкцыі ўдарылі і па эўрапейскім партнэрам ЗША, яны разумеюць, што прынцыпы ў дадзеным выпадку значна важней, падкрэсьліў Абама.

Абама адзначыў, што не бачыць ніякага намеру з боку Масквы пераадолець гэты крызіс дыпляматычным шляхам.

Прэзыдэнт ЗША паведаміў, што на наступным тыдні ў Эўропе ён сустрэнецца з партнэрамі па НАТО і абмяркуе, як падрыхтавацца да любога выкліку, а затым прыме ў Белым доме прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнку.

Прэзыдэнт ЗША выступаў неўзабаве пасьля завяршэньня экстранага пасяджэньня Рады бясьпекі ААН па сытуацыі ва Ўкраіне.

Сталы прадстаўнік ЗША ў Радзе бясьпекі ААН Саманта Паўэр заявіла на гэтым пасяджэньні, што Расея павінна «спыніць хлусіць» пра сытуацыю вакол яе ўварваньня ва Ўкраіну і наўпростай падтрымкі сэпаратыстаў на Данбасе.

Затое сталы прадстаўнік Расеі ў ААН Віталь Чуркін запярэчыў прысутнасьць ва Ўкраіне рэгулярных расейскіх войскаў. Аднак, паводле Чуркіна, Масква прызнае, што на Данбасе ваююць расейскія добраахвотнікі. Ён назваў гэта праявай «адкрытасьці Расеі».

У чацьвер Пятро Парашэнка заявіў аб факце знаходжаньня на тэрыторыі Ўкраіны расейскіх войскаў.

Учора НАТО абнародавала новыя спадарожнікавыя здымкі, якія сьведчаць аб знаходжаньні ва Ўкраіне расейскіх войскаў. Паводле зьвестак з альянсу, мова можа ісьці як мінімум пра тысячу расейскіх вайскоўцаў.

Расея гэтыя факты адмаўляе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG