Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эвалюцыя «Пуціна-міратворца»


Калёнка Пуціна зьявілася ў The New York Times у той момант, калі адміністрацыя Барака Абамы рыхтавала паветраны ўдар па сырыйскай арміі ў адказ на ўжываньне ёй хімічнай зброі супраць паўстанцаў. У цяперашні час адміністрацыя Абамы разглядае магчымасьць пашырэньня паветранай кампаніі ў Іраку супраць групоўкі «Ісламская дзяржава», якая год таму і да гэтага часу таксама зьяўляецца адным з галоўных праціўнікаў прэзыдэнта Сырыі Башара Асада. Дзеяньні групоўкі і яе праточваньне скрозь дзяржаўныя мяжы на Блізкім Усходзе заахвоцілі былога амбасадара ЗША ў Дамаску Райана Крокера заявіць:

«Я зусім не апалягет рэжыму Асада, але „Ісламская дзяржава“ ўяўляе куды больш значную пагрозу нашай бясьпецы, чым сырыйскі дыктатар». Увага Захаду за мінулы год пераключылася ў значнай ступені з забойстваў, якія робяцца сырыйскай арміяй, на злачынствы, якія чыніліся ісламістамі.

Год таму Абама лічыў, што Асад павінен сысьці, расчысьціўшы шлях да правядзеньня дэмакратычных выбараў у Сырыі. Рызыка ўтварэньня на пераходным этапе палітычнага вакуўму ў краіне амэрыканскага прэзыдэнта не бянтэжыла. Ацэнка Пуціна, наадварот, была вельмі пэсымістычнай: «У Сырыі сёньня размова ідзе не пра барацьбу за ўсталяваньне дэмакратыі, а пра ўзброенае супрацьстаяньне ўраду і апазыцыі ў шматканфэсійнай краіне. Змагароў за дэмакратыю там ня так шмат, а вось экстрэмістаў і баевікоў „Аль-Каіды“ на баку апазыцыі хапае» — пісаў расейскі прэзыдэнт у сваёй калёнцы. Зь ягоных словаў вынікала, што сьвецкі рэжым Асада, якім бы дрэнным ён ні быў, зьяўляецца фактарам стабільнасьці ў рэгіёне. Як з пазыцыі сёньняшняга дня бачыцца завочная спрэчка Пуціна і Абамы па гэтай канкрэтнай праблеме? Супрацоўніца амэрыканскіх дасьледчых арганізацый «Зьнешнепалітычная ініцыятыва» і «Эўрапейскі фонд за дэмакратыю» Ганна Баршчэўская кажа, што рэальнай спрэчкі паміж Абамам і Пуціным па гэтай праблеме не атрымалася:

Баршчэўская: Абама спачатку абмежаваўся агульнымі заўвагамі аб пажаданасьці адстаўкі Асада. Аб характары і тэрмінах пераходнага пэрыяду ён нічога канкрэтнага не сказаў, сьвядома выбраўшы абцякальныя фармулёўкі, а пасьля зьдзелкі па хімічнай зброі наогул перастаў публічна казаць аб сыходзе сырыйскага прэзыдэнта. Што тычыцца Пуціна, то ім, я ўпэўненая, рушыла ня столькі абстрактная цікавасьць да таго, ці ёсьць у дэмакратыі шанцы на перамогу ў Сырыі, колькі жаданьне любымі сродкамі выратаваць Асада і не дапусьціць вырашальнага сілавога ўмяшаньня ЗША ў сырыйскі канфлікт. Калі б Пуціна сапраўды хвалявала небясьпека прыходу ісламістаў да ўлады ў Сырыі, ён бы прапанаваў Абаме актывізаваць антытэрарыстычныя апэрацыі ЗША на Блізкім Усходзе. У іншай, прызабытай сёньня яго калёнцы ў The New York Times, апублікаванай у лістападзе 1999 году, у якой ён прапаноўваў прэзыдэнту Клінтану дзейнічаць разам у антытэрарыстычным накірунку, ў той момант Пуцін хацеў, каб Вашынгтон заплюшчыў вочы на парушэньні Расеяй правоў чалавека падчас на Каўказе«.

ЗША і Эўропа устрывожаныя тым, што некаторыя іх грамадзяне, апантаныя ідэямі фундамэнталістаў, ваююць на баку «Ісламскай дзяржавы». Гэтую трывогу ўзмацніла жахлівае пакараньне сьмерцю амэрыканскага журналіста Джэймса Фоўлі, зробленае джыхадзістам, які гаварыў па-ангельску з брытанскім акцэнтам. Аб транснацыянальным ісламізме ў артыкуле Пуціна гадавой даўніны было сказана: «Ня можа не турбаваць, што ў Сырыі ваююць ня толькі найміты з арабскіх краінаў, але і сотні баевікоў з шэрагу заходніх дзяржаваў і нават Расеі. Хто можа гарантаваць, што гэтыя бандыты, набраўшыся вопыту, не апынуцца потым у нашых краінах, як гэта мела месца ў Малі пасьля лібійскіх падзей? Гэта рэальная пагроза для ўсіх нас. Жудасная трагедыя падчас Бостанскага маратону лішні раз пацьвярджае гэта».

У верасьні 2013 года спасылка на Бостанскі маратон падалася амэрыканскім экспэртам недарэчнай, таму што тэракт быў арганізаваны Тамэрланам Царнаевым, які, як мяркуюць многія, меў кантакты з баевікамі ня на Блізкім Усходзе, а на Каўказе, у Расейскай Фэдэрацыі. Сумнеўна ў сьвятле падзей у Крыме і блякаваньня Расеяй спробаў Рады бясьпекі ААН ўрэгуляваць канфлікт на ўсходзе Ўкраіны гучаць таксама заклікі Пуціна да Вашынгтону паважаць міжнародныя арганізацыі як гаранты міру і бясьпекі. Дзіўна выглядаюць і папрокі Пуціна на адрас Абамы за тое, што той лічыць ЗША «выключнай краінай» — пасьля крамлёўскіх дэклярацый пра ўнікальнасьць Расеі і адмысловым шляху «рускага сьвету». Але што ж усё-такі з пагрозай ісламскіх баевікоў, якая, здавалася б, знайшла сваё пацьвярджэньне ў трагедыі з Джэймсам Фоўлі? Ці апярэдзіў Пуцін заходніх лідэраў у распазнаньні гэтай пагрозы?

Ганна Баршчэўская не бачыць падставаў так лічыць — па яе словах, экспэрты на Захадзе і год таму выразна ўсьведамлялі пагрозу з боку «вандроўных тэрарыстаў». Пра гэта шмат пісалі СМІ, пра гэта ведалі заходнія лідэры.

«Расея з самага пачатку пасьлядоўна праводзіць лінію на падтрымку мірнага дыялёгу з мэтай выпрацоўкі самімі сырыйцамі кампраміснай мадэлі будучага разьвіцьця краіны» — гэта словы Пуціна з калёнкі ў The New York Times. Год таму прыкметная частка экспэртнай супольнасьці ў Амэрыцы выступала супраць вызначэньня будучага палітычнага ладу Сырыі шляхам перамоваў ўладаў і апазыцыі. Экспэрты адчувалі аптымізм адносна пэрспэктывы «арабскай вясны», верылі ў хуткую перамогу паўстанцаў і былі незадаволеныя толькі тым, што адміністрацыя Абамы не узбройвае памяркоўнае крыло сырыйскага руху супраціву, тым самым узмацняючы ўскосна крыло экстрэмісцкае. Расея, са свайго боку, у шанцы цэнтрыстаў ня верыла. Хто меў рацыю? Ганна Баршчэўская лічыць гэтае супрацьпастаўленьне першапачаткова няслушным:

Баршчэўская: Мне здаецца, гэта ілжывая дыхатамія: альбо перамовы, ідэю якіх адстойваў Пуцін, альбо маштабная ваенная дапамога праціўнікам рэжыму Асада. Гэтай альтэрнатывай магчымасьці, якія былі ў Абамы, не абмяжоўваліся. Сапраўды, мы былі больш схільныя пераацэньваць магчымасьці памяркоўнай апазыцыі. Не хацелі мы і інтэнсіўна ўзбройваць яе з-за асьцярогі, што нашая зброя патрапіць у рукі экстрэмістаў. Але ў нас быў трэці варыянт — разгарнуць ўласную паветраную вайну супраць сырыйскай арміі. Гэта тое, што адміністрацыя зараз робіць у Іраку. Але год таму мы адмовіліся ад гэтага варыянта.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG