Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель: хто прыйшоў і хто сыходзіць


Праз чатыры месяцы пасьля гучных арыштаў у Гомельскім аблвыканкаме Аляксандар Лукашэнка даў згоду на прызначэньне двух новых намесьнікаў старшыні аблвыканкаму ды некаторых іншых кадраў выканаўчай вэртыкалі. Кіраўнік дзяржавы абяцае, што цёплых месцаў скампрамэтаваным начальнікам больш даваць ня будуць. А што ў сапраўднасьці? Рэпартаж з Гомеля.

На месцы арыштаваных за злоўжываньні службовым становішчам намесьнікаў старшыні Гомельскага аблвыканкаму Віктара Банчука і Віктара Трызны прызначаны два новыя намесьнікі — Алег Пачынок і Ўладзімер Прывалаў.

Першы зь іх з шараговага эканаміста станкабудаўнічага заводу хутка прайшоў шмат якія кіроўныя прыступкі ў абласным цэнтры — пабыў намесьнікам кіраўніка раённай і гарадзкой выканаўчай «вэртыкалі», ачольваў Навабеліцкую і Чыгуначную раённыя адміністрацыі, а цяпер у свае 38 гадоў апынуўся ў крэсьле намесьніка старшыні аблвыканкаму.

Такі імклівы ўзьлёт у Гомелі лічаць невыпадковым. Бацька Алега Міхаіл Пачынок доўгі час працаваў дырэктарам Гомельскіх цеплавых сетак, а з 2012 году ён дэпутат Палаты прадстаўнікоў, намесьнік старшыні пастаяннай камісіі па прамысловасьці, паліўна-энэргетычным комплексе, транспарце й сувязі.

«Чыноўнік — гэта авіяносец, які ня ўтопіш»

Другі новы намесьнік старшыні Ўладзімер Прывалаў, які да прызначэньня быў намесьнікам міністра спорту й турызму, свой кар’ерны шлях пасьля заканчэньня каапэратыўнага інстытуту таксама пачынаў у Гомелі — у структурах БРСМ. Далей былі аддзел па справах моладзі, управа спорту й турызму аблвыканкаму.

У Гомелі ў кіроўных структурах пайшла пагалоска, што неўзабаве давядзецца падбіраць і яшчэ аднаго намесьніка старшыні аблвыканкаму — куратара фінансаў, падаткаў, занятасьці, энэргетыкі, гандлю, транспартных арганізацыяў і камунікацыяў. Магчыма, гэтым зоймецца й адзін з ужо прызначаных новых намесьнікаў старшыні аблвыканкаму.

Калішні першы намесьнік старшыні аблвыканкаму Аляксандар Баранаў адразу пасьля вызваленьня ад абавязкаў атрымаў пасаду намесьніка дырэктара на прадпрыемстве «Гомельаблнафтапрадукт»

Справа ў тым, што цяперашні куратар згаданых галінаў, намесьнік старшыні аблвыканкаму Валянцін Барысенка, нібыта падаў заяву на звальненьне па ўласным жаданьні. І пасьля адпачынку на працу ня вернецца.

Працоўны тэлефон памочніцы Барысенкі не адказвае, а ў прыёмнай тлумачаць, што да 27 жніўня Валянцін Васільевіч у адпачынку.

Тым часам у асяродку транспартнікаў ужо абмяркоўваюць навіну, што Барысенка зойме кіроўную пасаду ў адной з найбуйнейшых транспартных арганізацыяў абласнога цэнтру.

Некаторыя гараджане лічаць, што чыноўнікі, у якіх ёсьць падтрымка «зьверху», такі своеасаблівы дах, наагул маюць вялікі запас плывучасьці, нібы караблі-авіяносцы:

«Чыноўнік — гэта авіяносец, які ня ўтопіш».

На плыву, аднак, не ўдалося ўтрымацца нядаўнім намесьнікам старшыні аблвыканкаму — і Віктар Банчук, і Віктар Трызна цяпер пад сьледзтвам.

Праўда, калішні першы намесьнік старшыні Гомельскага аблвыканкаму Аляксандар Баранаў адразу пасьля вызваленьня ад абавязкаў у выканкаме атрымаў пасаду намесьніка дырэктара на прадпрыемстве «Гомельаблнафтапрадукт» у сыстэме аб’яднаньня «Беларуснафта». Звольнілі яго адтуль пасьля таго, як кіраўнік дзяржавы скрытыкаваў такую практыку — перасаджваць чыноўнікаў з аднаго цёплага месца на іншае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG