Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мала толькі ліквідаваць кампартыю, трэба выкараніць камунізм са сьвядомасьці, — экспэрт з Кіева


Віктар Каспрук

Віктар Каспрук

У Вярхоўнай Радзе Ўкраіны большасьць народных дэпутатаў воплескамі сустрэла паведамленьне сьпікера Аляксандра Турчынава пра роспуск фракцыі камуністычнай партыі. Ён патлумачыў, што прычына роспуску фармальная — 1 ліпеня гэтая фракцыя скарацілася да 23 дэпутатаў, што значна менш, чым мінімальная колькасьць у фракцыі.

Тым часам ужо сёньня Акруговы адміністрацыйны суд Кіева пачаў разгляд пазову Міністэрства юстыцыі аб забароне Камуністычнай партыі Ўкраіны.

Паводле міністра юстыцыі Ўкраіны Паўла Пятрэнкі, гаворка ідзе аб парушэньні палажэньняў закону ў частцы антыканстытуцыйнай дзейнасьці, падтрымцы сэпаратыстаў і тэрарыстаў на ўсходзе Ўкраіны, падтрымцы прадстаўнікамі і кіраўніцтвам кампартыі ваеннай агрэсіі і захопу Крыму Расеяй, закліках да парушэньня тэрытарыяльнай цэласнасьці і зьмены канстытуцыйнага ладу ва Ўкраіне.

Пра месца камуністычнай партыі ва ўкраінскай палітыцы Радыё Свабода пагутарыла з кіеўскім палітолягам Віктарам Каспруком.

— Якая роля камуністычнай партыі ў сучаснай украінскай палітыцы?

— Як у некаторых іншых постсавецкіх рэспубліках, камуністычная партыя ўжо аднойчы была забароненая ва Ўкраіне. Але пасьля прыходу да ўлады Леаніда Кучмы яе дзейнасьць аднавілася. Па вялікім рахунку, гэтая партыя была патрэбная ўкраінскаму алігархату і асабіста прэзыдэнту Кучму для таго, каб мець спарынг-партнэра на выбарах. Так, у 1999 годзе падчас прэзыдэнцкіх выбараў Леанід Кучма перамог свайго суперніка з камуністычнай партыі Пятра Сіманенку. Перад гэтым шляхам розных палітычных маніпуляцыяў Кучма і яго каманда здолелі правесьці ў другі тур лідэра камуністаў, і выбар ва ўкраінцаў, нават арыентаваных дэмакратычна, быў вельмі невялікі — ці камуніст Сіманенка, які распавядае казкі пра сьветлую будучыню, ці Кучма, які ўсім моцна надакучыў, але ўсё ж казаў, што Ўкраіна мае шанец на дэмакратычны шлях.

— Усё ж камуністы ад часу атрыманьня Ўкраінай незалежнасьці не былі ўладнай партыяй, а значыць, фармальна прадстаўлялі апазыцыю...

— Толькі фармальна. Пазыцыянуючы сябе як апазыцыйная партыя, камуністы насамрэч, маючы доўгі час даволі моцную фракцыю ва ўкраінскім парлямэнце, атрымлівалі немалыя «адкаты» за сваю дзейнасьць, напрыклад, за магчымасьць дадаць галасоў, якія ў розныя моманты былі патрэбныя ўладзе. Цяпер той электарат, на які 20 гадоў абапіралася гэтая партыя, патроху вымірае, у маладзейшых адкрываюцца вочы, калі яны бачаць, што робіць Расея, якая празь Зюганава і яго паплечнікаў фінансуе партыю Сіманенкі. Таму, нават калі б цяпер не было забароны кампартыі і ліквідацыі яе фракцыі, можна было б казаць пра тое, што Пятро Сіманенка і яго партыя маглі б і не прайсьці ў парлямэнт.

— Ці робіць Пятро Сіманенка нешта, каб пэўныя пазыцыі ягоная партыя захавала?

— Я нават думаю, што працэс ліквідацыі фракцыі і забароны кампартыі варта было б паскорыць, бо цяпер Пятро Сіманенка шукае патэнцыйных прыхільнікаў у парлямэнце, і ўжо ёсьць пэўныя сілы, незадаволеныя такім рашэньнем Вярхоўнай Рады, бо разумеюць, што наступным крокам можа быць зачыстка часткі сябраў парлямэнту ад Партыі рэгіёнаў, якія таксама ўсе гэтыя гады працавалі супраць інтарэсаў Украіны.

Пятро Сіманенка ў часе сутычкі ў Вярхоўнай Радзе пасьля аб’явы пра ліквідацыю фракцыі камуністаў

Пятро Сіманенка ў часе сутычкі ў Вярхоўнай Радзе пасьля аб’явы пра ліквідацыю фракцыі камуністаў

— Што можна сказаць пра прыхільнікаў партыі камуністаў? Ці толькі гэта старыя людзі, ахопленыя настальгіяй па Савецкім Саюзе? Ці мае Сіманенка падтрымку сярод маладых і людзей сярэдняга веку? І калі так, то чаму?

— Тут ёсьць два моманты. З аднаго боку, падчас апошніх парлямэнцкіх выбараў камуністы страцілі ў падтрымцы, калі казаць пра колькасны аспэкт. Аднак, зь іншага — ім удалося далучыць да сябе пэўную частку моладзі, у вялікай ступені апалітычную, але якая прыходзіла на сустрэчы зь Пятром Сіманенкам за пэўныя дывідэнды. Гаворачы пра прычыны адноснай папулярнасьці, трэба згадаць, што другая жонка Пятра Сіманенкі, Аксана Вашчанка, у свой час была вядомай радыёжурналісткай, і пасьля шлюбу зь ёй у 2009 годзе Сіманенка як бы атрымаў дадатковы імпульс за кошт яе і яе брата-палітоляга. Выглядае, што ўсе разам яны прыдумалі, як, па-першае, актывізаваць дзейнасьць кампартыі, і па-другое, стварыць новы, сучасны імідж Пятра Сіманенкі, у выніку чаго той стаў больш прэзэнтабэльным, сучасным і нават эўрапейскім зьнешне палітыкам. Аднак сутнасьць яго не зьмянілася, ён актыўна працаваў на інтарэсы Расеі, і той суд, які адбываецца, павінен даць ацэнку ягонай дзейнасьці.

Павалены Ленін у Кіеве, сьнежань 2013-га

Павалены Ленін у Кіеве, сьнежань 2013-га

— Яшчэ зімой, пасьля першых сьмерцяў актывістаў Майдану, па краіне пранеслася хваля «ленінападу». Ці можна думаць, што пасьля суду над камуністычнай партыяй канчаткова дэмантуюць усе помнікі «ідалу» Савецкага Саюзу?

— Вядома, было б найлепш дэмантаваць усе гэтыя помнікі. Але баюся, што як падчас прыходу да ўлады прэзыдэнта Юшчанкі, так і цяпер, пры новай дэмакратычнай уладзе, на гэтае пытаньне ня будзе зьвернутая дастатковая ўвага ўлады. Гэта трэба было рабіць у першы ж месяц. А так, праз тое, што частка кіраўніцтва ў раёнах засталася са старой абоймы, знос гэтых помнікаў можа з усіх сілаў тармазіцца і могуць быць вялікія палітычныя баталіі на гэты конт. Я думаю, хутчэй за ўсё, пасьля судовай забароны камуністычнай партыі павінна адбыцца і забарона камуністычнай сымболікі. Але гэта ўжо будзе асобнае судовае рашэньне. Цяпер разглядаецца толькі забарона самой камуністычнай партыі. Але, не забараніўшы камуністычную сымболіку і прапаганду, мы ня можам гаварыць пра выкараненьне камунізму са сьвядомасьці ўкраінцаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG