Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ва ўкраінскім парлямэнце распусьцілі фракцыю кампартыі


Вярхоўная Рада

Вярхоўная Рада

Сьпікер Вярхоўнай Рады Ўкраіны Аляксандар Турчынаў заявіў пра роспуск фракцыі Кампартыі згодна з законам: «Гэта гістарычная падзея, калегі, больш камуністычнай фракцыі ва ўкраінскім парлямэнце ня будзе».

Тым часам акруговы адміністрацыйны суд Кіева сёньня пачынае разгляд справы паводле пазову Міністэрства юстыцыі Ўкраіны да «Камуністычнай партыі Ўкраіны». Пра гэта паведамляе афіцыйны сайт міністэрства.

Мін’юст Украіны 8 ліпеня зьвярнуўся ў суд з пазовам аб забароне дзейнасьці гэтай партыі. Паводле інфармацыі міністра юстыцыі Паўла Пятрэнкі, доказная база супрацьпраўнай дзейнасьці КПУ складае 129 старонак, яна ўтрымлівае відэа- і аўдыёматэрыялы.

Міністар паведаміў, што сабраныя факты сьведчаць пра садзейнічаньне прадстаўнікоў КПУ акупацыі Крыму Расеяй, пра іх датычнасьць да паставак зброі і фінансаваньня баевікоў на ўсходзе Ўкраіны, а таксама да правядзеньня сэпаратысцкіх рэфэрэндумаў у Луганскай і Данецкай абласьцях.

Лідэр камуністаў Пятро Сіманенка назваў спробу забараніць КПУ «цемрашальствам і барацьбой супраць іншадумства».

Учора Пятра Сіманенку выштурхалі з сэсійнай залі Вярхоўнай Рады, за ім пайшлі ўсе іншыя прадстаўнікі фракцыі КПУ.

24 ліпеня ў афіцыйным друкаваным органе Вярхоўнай Рады «Голас Украіны» абнародуюць прыняты раней большасьцю дэпутатаў і падпісаны прэзыдэнтам Пятром Парашэнкам закон, які дазваляе распускаць парлямэнцкія фракцыі пры пэўных умовах.

З гэтага часу «дэпутацкая фракцыя (дэпутацкая група), склад якой стаў меншым за мінімальную колькасьці дэпутатаў, устаноўленую рэглямэнтам, праз 15 дзён пасьля дня наступленьня такога факту аб’яўляецца старшынёй Вярхоўнай Рады распушчанай», — гаворыцца ў законе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG