Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск не ўздымае шлягбаўма перад 1,5 мільёна беларусаў і палякаў


Беларускія ўлады заявілі, што баяцца транспартнага каляпсу на мяжы з Польшчай.

Пад беларуска-польскае пагадненьне аб спрошчаным перасячэньні дзяржаўнай мяжы грамадзянамі, якія жывуць у 50-кілямэтровай памежнай зоне, падпадае больш за паўтара мільёна чалавек. І калі б пагадненьне пачало дзейнічаць, то на дзяржаўнай мяжы мог бы ўзьнікнуць каляпс. Менавіта гэтай прычынай патлумачыў сёньня затрымку ўступленьня ў сілу адпаведнага дакумэнту намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Аляксандар Гур’янаў.

15 ліпеня ў Менску скончыліся двухдзённыя перамовы Беларуска-польскай міжурадавай каардынацыйнай камісіі па справах транспамежнай супрацы. Кіраўнікоў дэлегацыяў — Гур’янава і Стаханьчыка, якія выйшлі да журналістаў, найперш спыталі: калі ж нарэшце запрацуе пагадненьне аб спрошчаным перасячэньні мяжы жыхарамі памежнай зоны за сымбалічную плату? Пытаньне рэзоннае, бо адпаведныя дакумэнты гатовыя з 2010 году. Іх ужо і парлямэнты ратыфікавалі, і кіраўнікі абедзьвюх дзяржаваў падпісалі.

З таго часу застаецца толькі адна фармальнасьць, якая дагэтуль ня выкананая, але якая перашкаджае афіцыйнаму старту праекту — Варшава і Менск не абмяняліся ратыфікацыйнымі граматамі. Прычым Польшча заяўляе, што гатовая зрабіць гэта ў любы момант, але працэдура ня можа быць аднабаковай. Беларусь жа з апошнім крокам не сьпяшаецца.

Аляксандар Гур’янаў тлумачыць гэта так:

Аляксандар Гур’янаў, архіўнае фота
Аляксандар Гур’янаў, архіўнае фота

«Патэнцыйны прымежны рух паміж Польшчай і Беларусьсю ахоплівае паўтара мільёна чалавек. Таму мы акцэнтавалі працу на тым, што для запуску гэтага руху павінны быць створаныя максымальна эфэктыўныя ўмовы, у тым ліку інфраструктурныя. Мы адзначаем сёньня, што малы памежны рух будзе накладзены на значны міжнародны паток празь беларуска-польскую мяжу. І мы да гэтага мусім быць гатовыя».

Пётар Стаханьчык лічыць, што сытуацыя не настолькі фатальная. Ён зьвярнуў увагу на тое, што пагадненьні аб прымежным руху ў Польшчы ўжо дзейнічаюць з Украінай і Расеяй:

«Наш досьвед пагадненьня з украінскім і расейскім бокам паказвае, што няма неабходнасьці ў павелічэньні колькасьці памежных калідораў. Дастаткова толькі крыху павялічыць колькасьць памежнікаў і мытнікаў.

Беларускі бок можа паглядзець і параўнаць гэтыя дадзеныя, унесьці свае прапановы, а таксама прааналізаваць свой досьвед з латыскім бокам. Іначай кажучы, уся справа за беларусамі. Яны абяцалі, што як толькі будуць гатовыя, то паведамяць нам».

«Калі б справа была толькі ў тэхнічных праблемах, іх бы ўжо даўно паступова вырашылі», — адзначае міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі:

Раман Якаўлеўскі
Раман Якаўлеўскі

«На мой погляд, галоўная перашкода для гэтага праекту — наяўнасьць так званага чорнага сьпісу з забаронай для Лукашэнкі і яго чыноўнікаў наведваць краіны Эўразьвязу. І яшчэ затрымку можна разглядаць як рэакцыю беларускіх уладаў на актыўнасьць Варшавы ў падтрымцы беларускай апазыцыі. Але першае ўсё ж — існаваньне гэтага дыскрымінацыйнага адносна Лукашэнкі і ягоных чыноўнікаў сьпісу».

Перамовы паміж Варшавай і Менскам па справах транспамежнай супрацы узнавіліся амаль праз 5 гадоў, бо папярэдняя такая сустрэча адбылася яшчэ ў верасьні 2009 году. Раман Якаўлеўскі тлумачыць, чаму краіны вярнуліся да гэтай тэмы менавіта цяпер:

«Зараз паміж Эўразьвязам, уключаючы Польшчу, і Беларусьсю пачаўся дыялёг у розных формах. Гэта канстатуюць усе бакі».

Сёньня і Гур’янаў, і Стаханьчык так і не назвалі ня толькі канкрэтнай, а нават і магчымай даты пачатку малога прымежнага руху.

Пакуль дзейнічае толькі адно пагадненьне Беларусі з краінамі Эўразьвязу аб прымежным руху. А менавіта — з Латвіяй. Аляксандар Гур’янаў сказаў сёньня, што пад гэты дакумэнт падпадае ў чатыры разы меней людзей, чым з Польшчай. Дагэтуль не працуе і аналягічнае беларуска-літоўскае пагадненьне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG