Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка паралізаваў малы памежны рух з Польшчай і Літвой


700 подпісаў сабрала на Гарадзеншчыне грамадзкая кампанія за адкрыцьцё малога памежнага руху паміж Беларусьсю і суседнімі Польшчай ды Літвой.

Два актывісты — Зьміцер Кухлей і Мікола Баўсюк — атрымалі зь Міністэрства замежных спраў адказ, у якім тлумачацца прычыны затрымкі ў гэтай справе:

«Трэба адзначыць, што нагрузка на мяжу ў дачыненьні да Польшчы і Літвы будзе значна вышэйшая адносна выпадку з Латвіяй (напрыклад, пад дзеяньне пагадненьня з Латвіяй з абодвух бакоў падпадае тэрыторыя, на якой пражываюць 250 тысяч чалавек, зь Літвой — каля 1 мільёна 400 тысяч чалавек, з Польшчай — каля 1 мільёна 600 тысяч чалавек). Для вырашэньня гэтага пытаньня беларускія мытныя і памежныя органы ва ўзаемадзеяньні з польскімі і літоўскімі калегамі ў рамках спэцыяльных працоўных групаў у цяперашні час рэалізуюць або плянуюць да рэалізацыі праекты па павышэньні прапускной здольнасьці пунктаў пропуску на мяжы.

Такая падрыхтоўка зьяўляецца неад’емнай часткай практычнага этапу ўводу ў дзеяньне пагадненьняў, бо дамовы павінны спрыяць спрашчэньню парадку ўзаемных паездак, а не ствараць дадатковыя складанасьці для нашых грамадзян».

Актывісты незадаволеныя гэтым адказам. Пра гэта яны заявілі на круглым стале па праблеме малога памежнага руху, які адбыўся ў Горадні з удзелам генэральнага консула Рэспублікі Польшча ў Горадні Анджэя Хадкевіча.
Анджэй Хадкевіч
Анджэй Хадкевіч
Анджэй Хадкевіч нагадаў, што дамова адносна ўвядзеньня малога памежнага руху паміж Польшчай і Беларусьсю была падпісаная ў лютым 2010 году і ў траўні ратыфікаваная польскім парлямэнтам, калі маршалкам сэйму яшчэ быў цяперашні прэзыдэнт Браніслаў Камароўскі. З польскага боку ўсе фармальнасьці былі выкананыя, сказаў ён. Беларускі бок таксама ратыфікаваў гэты дакумэнт у парлямэнце, але прэзыдэнт яго не падпісаў.

Згодна з дамоваю, зазначыў дыплямат, у трыццацідзённы тэрмін пасьля перадачы другому боку падпісанага дакумэнту малы памежны рух павінен быць распачаты. Але гэтага не адбылося: подпісу няма.

Анджэй Хадкевіч: «У выніку: дамова існуе, але не ўвасобленая ў жыцьцё. І цяжка сказаць, калі гэта адбудзецца. Вядома толькі, што беларускія ўлады пакуль не плянуюць гэтага. Пры кожнай нагодзе польскі бок вяртаецца да гэтай дамовы. Нават на мінулым тыдні, калі ў Беластоку адбываўся форум гарадоў-партнэраў „Польшча — Беларусь“. Пытаньне задалі намесьніку міністра замежных спраў Беларусі Гур’янаву, і ён адказаў, што ў найбліжэйшы час беларускія ўлады ня бачаць магчымасьці ўвесьці малы памежны рух. Яго адказ прагучаў так: „Няма тэхнічных умоваў на беларуска-польскіх памежных пераходах і беларуска-літоўскіх таксама, каб мець магчымасьць гэта ажыцьцявіць“. Чаму? Інтэнсіўнасьць руху такая вялікая, што трэба перабудаваць спачатку пераходы, падрыхтаваць інфраструктуру, і толькі тады можна будзе гэта зрабіць».
Падставовая прычына, якая ўскладняе справу малога памежнага руху, — зусім ня пешыя пераходы, а эканамічнае пытаньне
Гарадзенская прэса піша, што пераходы на польскай мяжы ў Брузгах і Бераставіцы будуць разбудоўваць, але — каб палепшыць хуткасьць пропуску TIR-аў, бо сёньня зь беларускага боку могуць абслугоўваць удвая менш грузавых машын, чым з польскага. Праз гэта ўзьнікаюць чэргі. Аднак для малога памежнага руху патрэбныя добрыя ўмовы для перасячэньня мяжы пешаходамі. А калі для пешаходнага руху створаць адпаведныя ўмовы —пакуль невядома.

На думку Анджэя Хадкевіча, «падставовая прычына, якая ўскладняе справу малога памежнага руху, — зусім ня пешыя пераходы, а эканамічнае пытаньне». Беларусам за мінулы год вярнулі за купленыя тавары ў Польшчы адзін мільярд злотых (прыблізна каля дваццаці адсоткаў ад кошту набытых тавараў), таму беларускія ўлады адцягваюць канчатковае вырашэньне пытаньня.

Актывіст кампаніі за ўвядзеньне малога памежнага руху Зьміцер Кухлей зазначае: Беларусь у гэтай справе адстае ад Расеі і Ўкраіны. Для малога памежнага руху маглі б быць створаныя пункты спрошчанага пераходу мяжы:
Анджэй Хадкевіч і Зьміцер Кухлей
Анджэй Хадкевіч і Зьміцер Кухлей
«Тэарэтычна скарыстаць могуць з абодвух бакоў больш за тры мільёны жыхароў Беларусі, Польшчы, Літвы і Латвіі».

Хоць вялікага ажыятажу можа й ня быць. Беларускі бок вывучае цяпер досьвед малога памежнага руху з Латвіяй, уведзены ў 2012 годзе. Актывіст разводзіць рукамі:

«Але што там вывучаць, калі за першыя дзесяць месяцаў наведалі Беларусь крыху больш за восем тысяч грамадзянаў Латвіі, а беларусаў толькі сто чалавек зьезьдзілі ў Латвію?»

Словам, ніякага наплыву не было, ніякіх празьмерных чэргаў.

Не адзначана вялікіх праблемаў пры ажыцьцяўленьні малога памежнага руху і паміж Польшчай ды Калінінградзкай вобласьцю Расеі, зазначае Зьміцер Кухлей. На яго думку, Аляксандар Лукашэнка можа зрабіць беларусам «падарунак» перад наступнымі прэзыдэнцкімі выбарамі, паставіўшы подпіс пад дамовай аб малым памежным руху.

Яшчэ адзін удзельнік дыскусіі, Уладзімер Хільмановіч, зьвярнуў увагу на тое, што малы памежны рух «у пэрспэктыве можа паспрыяць стварэньню новых месцаў працы. Магчыма, турфірмы змаглі б болей прыцягваць замежнікаў, чаго ад іх патрабуе сёньня дзяржава». У гэтых умовах значна лепш можна было б выкарыстоўваць, што да разьвіцьця турызму, і магчымасьці эўрарэгіёну «Нёман», мяркуе Ўладзімір Хільмановіч. Ён зазначае:

«Прыклад чэмпіянату па хакеі паказаў, што вялікай напругі на мяжы прыезд 35 тысяч заўзятараў не стварыў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG