Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь не гатовая да спрошчанага памежнага руху зь Літвой



Рэжым спрошчанага перасячэньня мяжы Літвы і Беларусі павінен уступіць у сілу пасьля таго, як будзе пашырана інфраструктура пунктаў пропуску на мяжы.

Пра гэта піша амбасадар Беларусі ў Літве Аляксандар Кароль, якога цытуе партал Delfi.lt:

«Мы прыйшлі да паразуменьня зь літоўскім бокам у тым пляне, што на першым этапе, каб запусьціць паўнавартасна гэты рух, неабходна павялічыць колькасьць міжнародных пунктаў пропуску», — сказаў амбасадар на прэс-канфэрэнцыі ў Вільні ў чацьвер.

Паводле ягоных слоў, гэтае пытаньне патроху вырашаецца. Беларусь падрыхтавала і ўзгадніла са сваімі ведамствамі зьвязанае з гэтым зьмяненьне ў двухбаковым пагадненьні аб памежных пунктах пропуску. У адпаведнасьці з гэтым зьмяненьнем тры памежныя пункты павінны быць прызнаныя міжнароднымі пунктамі пропуску і абслугоўваць усіх, а ня толькі мясцовых жыхароў.

Кароль падкрэсьліў, што згодна з парадкам спрошчанага перасячэньня мяжы з краіны ў краіну зможа перасоўвацца бязь візаў каля 1,4 млн чалавек. Паводле ягоных слоў, калі не адкрыць новыя міжнародныя пункты пропуску, могуць паўстаць праблемы.

Акрамя таго, ён зьвярнуў увагу, што ў наступным годзе заплянавана рэканструкцыя памежнага пераходу Медзінінкай — Каменны Лог, што зьменшыць прапускную здольнасьць літоўска-беларускай мяжы.

Літва і Беларусь падпісалі пагадненьне аб спрошчаным перасячэньні мяжы для жыхароў прыгранічных тэрыторыяў у кастрычніку 2010 году. У лютым 2011 году яно было ратыфікавана, але ня ўведзена ў дзеяньне. Літва яшчэ ў лютым 2012 году афіцыйна інфармавала Беларусь пра сваю гатоўнасьць да ўвядзеньня спрошчанага парадку перасячэньня мяжы. Каб гэты парадак уступіў у сілу, неабходны адпаведны крок Беларусі — нота аб гатоўнасьці выкарыстоўваць новы парадак.

У апошнія гады Беларусь агучвала розныя прычыны, чаму гэтае пагадненьне ніяк не пачынае дзейнічаць.

Патэнцыйныя ўдзельнікі малога прыгранічнага руху — 800 тысяч чалавек зь літоўскага боку і яшчэ 600 тысяч зь беларускага.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG