Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскія прадпрымальнікі не пачнуць працаваць, пакуль не атрымаюць ліста ад Аляксандра Лукашэнкі


Пасьля спыненьня працы 1 ліпеня аднавілі працу ня больш за 30% пратэстоўцаў, распавяла Свабодзе актывістка аргкамітэту па стварэньні прафсаюзу прадпрымальнікаў «Разам» Ірына Яскевіч.

Астатнія чакаюць пісьмовага адказу на пытаньні, выкладзеныя ў калектыўным лісьце, накіраваным у адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі яшчэ 6 чэрвеня, пасьля аднадзённага папераджальнага страйку.

Паколькі адказваць на звароты грамадзян чыноўнікі мусяць на працягу 30 дзён, то адказу ад Аляксандра Лукашэнкі віцебскія прадпрымальнікі чакаюць да 10 ліпеня. І гэта з улікам хібаў працы паштовай сувязі, бо з моманту адпраўкі калектыўнага ліста прайшоў ужо месяц і болей.

«1 ліпеня некаторыя віцебскія кірмашы спынілі сваю працу на 100%, але за мінулыя дні нехта ўсё-ткі вырашыў выйсьці гандляваць. Гэтых людзей можна зразумець: яны хочуць распрадаць летняе адзеньне, пакуль яно карыстаецца попытам. Урэшце рэшт, людзям трэба ўтрымліваць сем’і і плаціць за тую ж арэнду гандлёвых месцаў, калі яны разьлічваюць вярнуцца да працы, калі нешта вырашыцца з нашымі праблемамі», — кажа Ірына Яскевіч.

У лісьце віцебскіх прадпрымальнікаў да Аляксандра Лукашэнкі было тры пытаньні. Пра магчымасьць гандляваць рэшткамі тавару, завезенага яшчэ да ўвядзеньня ўказу аб абавязковай сэртыфікацыі — гэтае пытаньне ўжо вырашылася: гандляваць рэшткамі можна да вясны наступнага году пры ўмове, што ў падатковую інспэкцыю будуць пададзены дакладныя сьпісы наяўных рэчаў. Яшчэ прадпрымальнікі прасілі, каб у Беларусі прызнавалі паўнавартаснымі сэртыфікаты дзяржаў Мытнага саюзу, калі тавар завозіцца адтуль, і каб была зьменшана падатковая нагрузка.

Ірына Яскевіч

Ірына Яскевіч

Адказу дагэтуль няма, хоць прадпрымальнікі сьледам за першым калектыўным зваротам сабралі подпісы яшчэ пад адным — каб іхныя пытаньні былі разгледжаны як мага хутчэй.

«Сёньня мы зноў нагадалі пра свае праблемы — зьвярнуліся ў аблвыканкам з просьбай, каб мясцовыя ўлады праявілі ініцыятыву і дапамаглі нам „дастукацца“ да тых, хто непасрэдна прымае ўказы, якія рэгулююць нашу дзейнасьць. А пакуль мы прапануем, каб структуры, якія нас кантралююць, не высоўвалі скрайніх патрабаваньняў. Урэшце рэшт, гэтыя структуры таксама дакладна ня ведаюць, як працаваць у цяперашніх умовах. Прадпрымальнікі гатовыя аднавіць гандаль, калі на іх ня будуць занадта ціснуць. І, найверагодней, пасьля 10 ліпеня большасьць зь іх адновіць працу. Але — да першай канфіскацыі тавару за парушэньні, у якіх мы не вінаватыя, бо выканаць усе патрабаваньні мы сёньня проста ня ў стане», — паведаміла прадпрымальніца Ірына Яскевіч.

XS
SM
MD
LG