Лінкі ўнівэрсальнага доступу

60% віцебскіх прадпрымальнікаў 1 ліпеня ня выйдуць на працу


Праўда, слова «страйк» прадпрымальнікі пазьбягаюць: Яны гавораць менавіта пра «спыненьне працы», бо гэта не выглядае як дужа радыкальны пратэст. На віцебскіх кірмашах спадзяюцца, што іхныя праблемы можна вырашыць, але — толькі на самым высокім узроўні. Прыкладам, адмяніць або ўнесьці папраўкі ва ўказ № 222, які забараняе гандаль без сэртыфікатаў і суправаджальных дакумэнтаў на тавары, у тым ліку тыя, што ўвозяцца з краін Мытнага саюза. Прадпрымальнікі цьвердзяць, што патрабаваньні ўказу выканаць немагчыма.

Пра свой намер спыніць працу з 1 ліпеня віцебскія прадпрымальнікі заяўлялі яшчэ тры тыдні таму . За гэты час прадстаўнікі адзьдзела гандлю ды іншых структур наведалі некалькі кірмашоў, але ўлагодзіць прадпрымальнікаў у іх не атрымалася.

Не атрымалася нешта вырашыць і 30 чэрвеня: непасрэдна перад 1 ліпеня ў аблвыканкам запрасілі старшыняў віцебскіх кірмашоў. Але канструктыўнай размовы і на гэтай сустрэчы не атрымалася, гаворыць Ірына Яскевіч, прадстаўніца гандлёвага цэнтру «Эвіком», каардынатарка аргкамітэту па стварэньні прафсаюзу прадпрымальнікаў «Разам»:

Ірына Яськевіч

Ірына Яськевіч

«Ініцыятарам сустрэчы быў адзьдзел па падтрымцы і разьвіцьцю прадпрымальніцтва, былі мытнікі, супрацоўнікі падатковай, адзьдзелу стандартызацыі... І ні на адну праблему ня стала меней. Нас выслухалі, мы распавялі пра свае праблемы, але у іх ёсьць інструкцыі, і яны будуць іх выконваць, бо нічога нельга памяняць на нашым абласным узроўні. Мы неаднаразова і раней казалі пра свае цяжкасьці, чыноўнікі пра іх ведалі, але чаму не абмяркоўвалі гэта на вышэйшым узроўні, на не зразумела. Таму мы гаворым, што ў такіх умовах працаваць не можам».

Паводле Ірыны Яскевіч, каля 60% віцебскіх прадпрымальнікаў ужо падалі ў падатковую інспэкцыю «нулявыя» дэклярыцыі — дакумэнт, які сьведчыць пра тое, што праца спыненая. Але такая дэклярацыя дазваляе аднавіць гандаль у любы момант.

Самая вострая праблема, якая падштурхнула да гэтага — немагчымасьць рэалізоўваць рэшткі тавару, набытага да таго часу, як пачаў дзейнічаць указ аб абавязковай сэртыфікацыі. Гандляваць рэшткамі было афіцыйна дазволена менавіта да 1 ліпеня. Але напярэдадні Ірына Яскевіч атрымала афіцыйны ліст пра тое, што тэрмін гэты працягнуты да сакавіка наступнага году.

На іншыя пытаньні, зададзеныя ў лісьце да Аляксандра Лукашэнкі, віцебскія прадпрымальнікі адказу ня маюць. Паводле закону, на звароты грамадзянаў трэба адказваць цягам 30 дзён. На адпраўлены 6 чэрвеня ліст варта чакаць адказу не пазьней як 10 ліпеня, падлічыла Ірына Яскевіч:

«У нашым звароце былі тры пытаньні. Апрача пытаньня пра рэшткі тавару было яшчэ пытаньне пра прызнаньне сэртыфікатаў дзяржаў Мытнага саюза, па мытах, якія мы мусім плаціць... Увогуле, калі ўзяць калькулятар ды падлічыць падаткі, то нават калі знойдзеш дакумэнты, якія знайсьці ў прынцыпе не магчыма, ты проста не здолееш усё сплаціць!»

Афіцыйнага адказу на гэтыя пытаньні і хочуць дачакацца віцебскія прадпрымальнікі. Хаця ёсьць і іншыя праблемы: да прыкладу, каб прывезьці тавар, прадпрымальнік мусіць цяпер замаўляць адмысловы транспарт. Прывозіць на продаж рэчы з паездак, арганізаваных турыстычнымі фірмамі, цяпер нельга.

Прадпрымальнікаў чакаюць яшчэ большыя выдаткі, чым зараз, бальшыня зь іх гэта разумее, і таму на зачыненых ралетах з 1 ліпеня з’явяцца аб’явы пра закрыцьцё па розных прычынах, працягвае Ірына Яскевіч:

«Напэўна, ніхто не адважыцца напісаць наўпрост, што зачыніўся, бо так працаваць ня можа. Але мы вымушаныя чакаць адказу на наш ліст, і пра гэта мы сказалі чыноўнікам. Сказалі, што гэта SOS, трывога, што мы дайшлі да краю! Бо працаваць на адных рэштках, калі няма памераў, няма выбару колеру, няма нічога новага, а наперадзе восень, і дзетак трэба будзе зьбіраць у школу — так працаваць мы проста ня зможам».

XS
SM
MD
LG