Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Для СМІ нічога ня зьменіцца: Лілію Ананіч прызначылі міністрам інфармацыі


Лілія Ананіч, архіўнае фота
Лілія Ананіч, архіўнае фота

Лілія Ананіч прызначаная міністрам інфармацыі. Адпаведны ўказ кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка падпісаў 30 чэрвеня.

Ананіч 54 гады, у міністэрстве яна працуе з 1992-га. Пры міністру Міхаілу Падгайным у 2001-м стала ягоным намесьнікам. Пры Ўладзімеру Русакевічу ў 2003-м заняла пасаду першага намесьніка міністра.

Гэтае ж месца займала і пры Алегу Праляскоўскім, які быў вызвалены ад пасады міністра сёлета 4 чэрвеня.

На думку мэдыяаналітыка Аляксандра Класкоўскага, прызначэньне Ліліі Ананіч на пасаду міністра інфармацыі сьведчыць пра тое, што стаўленьне да СМІ ва ўлады не памянялася.

«Гэтае кадравае прызначэньне сьведчыць пра тое, што наверсе вырашылі зрабіць стаўку на старыя правераныя кадры. Спадарыня Ананіч працуе ў міністэрстве даўно. У тым ліку не адзін год адпрацавала першым намесьнікам міністра. Таму, думаю, у вачох вышэйшага начальства гэта чалавек, які сябе зарэкамэндаваў на гэтай пасадзе так, як трэба кіраўніцтву.

А па-другое, гэта чалавек, які будзе цьвёрда і без ваганьняў праводзіць менавіта тую лінію дачыненьняў з прэсай, якая характэрная для беларускага палітычнага рэжыму.

Яшчэ адзначу, што ў той пэрыяд няпэўнасьці, пасьля таго як Праляскоўскага з гэтай пасады звольнілі, былі вэрсіі, што, магчыма, будзе прызначаны нейкі чалавек з новай генэрацыі, заточаны пад інтэрнэт, так бы мовіць.

Але думаю, што калі наверсе і прыкідвалі такія варыянты, то ўсё ж аддалі перавагу старому праверанаму падыходу. Наколькі я ведаю, спадарыня Ананіч сама працавала ў друкаванай прэсе, пачынала з раённай газэты. Тут патрэбны хутчэй функцыянэр, які ведае, як трымаць мэдыйную сытуацыю пад кантролем, чым прасунуты адмысловец. Бо пэўныя службы, якія будуць сачыць за інтэрнэтам, у Беларусі і так ёсьць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG