Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бастунец: Міністэрства інфармацыі выступае як цэнзар


7 кастрычніка дырэктар выдавецтва «Логвінаў» Ігар Логвінаў перадаў у Міністэрства інфармацыі ліст на імя міністра Алега Праляскоўскага, у якім просіць вярнуць яму ліцэнзію на выдавецкую дзейнасьць.

Дакумэнт аб скасаваньні ліцэнзіі «у сувязі з дапушчанымі грубымі парушэньнямі заканадаўства аб ліцэнзаваньні» падпісала першая намесьніца міністра інфармацыі Лілія Ананіч.

Дырэктар выдавецтва Ігар Логвінаў распавёў, што паведамленьне аб спыненьні выдавецкай дзейнасьці ён перадаў на экспэртызу юрыстам, якія напісалі абгрунтаванае заключэньне:

«Юрысты лічаць, што гэта зроблена з найгрубейшымі парушэньнямі некалькіх пунктаў Парадку спыненьня ліцэнзійнай дзейнасьці і згодна з указам, і з палажэньнем Міністэрства інфармацыі. Юрысты склалі ліст, я зараз падаю яго ў Міністэрства інфармацыі і будзем чакаць адказу».

Юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец лічыць, што парушана сама працэдура пазбаўленьня ліцэнзіі. Наагул, зараз такі пераходны пэрыяд, бо ўжо ўступіў у сілу новы закон аб выдавецкай дзейнасьці, але яшчэ дзейнічаюць і пераходныя палажэньні старога закону. У новым законе наагул не ідзе гаворка пра ліцэнзію, а толькі пра рэгістрацыю ў якасьці выдаўца. Але да сканчэньня дзеяньня ліцэнзіі выдаўцы працуюць на падставе менавіта ліцэнзіі, тлумачыць юрыст Андрэй Бастунец:

Андрэй Бастунец

Андрэй Бастунец

«Дык вось, ні па старым, ні па новым законе не прадугледжана такая працэдура пазбаўленьня ліцэнзіі ці спыненьня яе дзейнасьці. У старым законе і пастановах паводле яго было напісана, якім чынам пазбаўленьне ліцэнзіі павінна адбывацца. Папярэджаньне спачатку павінна быць. А тут адразу было вынесена рашэньне. Прычым нават самога рашэньня не даслалі, а толькі паведамленьне аб тым, што яно было прынята».

Да таго ж, калі разглядалася судовая справа аб прызнаньні экстрэмісцкімі матэрыялаў альбому «Прэс-фота-2011», выдавецтва «Логвінаў» наагул не было прыцягнута ў якасьці зацікаўленай асобы і не магло выкласьці ў судзе сваю пазыцыю. А зараз высьвятляецца, што менавіта выдавецтва будзе самым пацярпелым бокам, кажа Андрэй Бастунец:

«Зараз Міністэрства інфармацыі выступае, па вялікім рахунку, як цэнзар, прычым гэта яшчэ горшы цэнзар за тых, што былі раней. Атрымліваецца, што выдавец нясе адказнасьць за тое, да чаго ён ня мае адносінаў. Па-другое, нават калі лёгіку міністэрства паспрабаваць зразумець, то карныя захады маглі б быць ужытыя, калі б яны выпусьцілі тую прадукцыю, якая ўжо была прызнаная экстрэмісцкай, а яны яе працягваюць выпускаць. Але ж гэтага не было. Атрымліваецца такая дзіўная з усіх пунктаў гледжаньня пазыцыя».

Пакуль будзе весьціся разбор, выдавецтва можа панесьці вялікія страты, бо, як тлумачыць Ігар Логвінаў, паводле закону яно павінна спыніць выдавецкую дзейнасьць:

«Па ідэі, мы зараз ня можам выпускаць кніжкі. Але калі „вісіць“ больш за 40 кніжак у вытворчасьці, як ты іх спыніш?.. То бок мы ня маем права працягваць рэдакцыйна-выдавецкую дзейнасьць, а капіравальныя, памнажальныя паслугі (гэта не ліцэнзаваная дзейнасьць) мы можам працягваць».

За выдавецтва «Логвінаў» заступіліся прадстаўнікі васьмі журналісцкіх арганізацыяў сьвету, у тым ліку Міжнароднай Фэдэрацыі журналістаў.
XS
SM
MD
LG