Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што атрымае Ўкраіна ад асацыяцыі з Эўразьвязам


27 чэрвеня Грузія і Малдова падпісваюць з Эўразьвязам пагадненьні аб палітычнай асацыяцыі і эканамічным збліжэньні, а Ўкраіна – аб эканамічным збліжэньні (палітычнае пагадненьне аб асацыяцыі з Эўразьвязам Кіеў падпісаў у сакавіку).

Брусэль пачаткова плянаваў падпісаць палітычнае і эканамічнае пагадненьні аб збліжэньні з Кіевам на саміце ў Вільні ў лістападзе летась, але тагачасны прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч, пад моцным ціскам з боку Расеі, адмовіўся гэта зрабіць. Гэты крок давёў да пратэстаў на Эўрамайдане ў Кіеве і да ўцёкаў Януковіча з Украіны.

Эўразьвяз таксама плянаваў падпісаць пагадненьні аб палітычнай і эканамічнай асацыяцыі з Грузіяй і Малдовай пад канец бягучага году, але боязь, што Расея зможа сарваць гэтае падпісаньне, прыскорыла перамовы паміж бакамі і цырымонію падпісаньня.

Якая будзе выгада грамадзянам і прадпрыемствам ад асацыяцыі?

Прыкладамі новых выгадаў можна назваць больш эфэктыўную абарону спажыўцоў, у тым ліку больш нізкія цэны і лепшую якасьць прадуктаў; за кошт больш шырокага адкрыцьця рынкаў малыя і сярэднія прадпрыемствы атрымаюць больш магчымасьцяў для бізнэсу і, у выніку, больш працоўных месцаў і менш эміграцыі.

Прадпрыемствы трох краінаў, чые тавары будуць адпавядаць нормам ЭЗ, будуць мець магчымасьць свабодна гандляваць у любой краіне Эўразьвязу без тарыфаў або абмежаваньняў. Аналягічна, тавары і паслугі экспарцёраў і інвэстараў ЭЗ будуць свабодна прысутнічаць на рынках партнэрскіх краінаў.

Аднак поўнае зьняцьцё тарыфаў і абмежаваньняў у гандлі паміж ЭЗ і гэтымі трыма краінамі Ўсходняга партнэрства адбудзецца не адразу, а паступова. Напрыклад, Эўразьвяз адкрые свой рынак для ўсіх украінскіх тавараў праз сем гадоў, у той час як Кіеў будзе мець права на ўвядзеньне тарыфаў і некаторых абмежаваньняў на эўрапейскія тавары цягам 10 гадоў ад падпісаньня пагадненьня.

Паводле ацэнак Эўракамісіі, рэалізацыя пагадненьня паміж Украінай і ЭЗ, як чакаецца, павысіць даходы Ўкраіны прыблізна на 1,2 мільярда эўра ў год.

Украінскі экспарт у ЭЗ, як чакаецца, павялічыцца на 1 мільярд эўра ў год. Для падтрыманьня эканамічнай стабілізацыі і рэформаў прадугледжаная таксама макра-фінансавая дапамога Ўкраіне памерам 1 мільярд у выглядзе сярэднетэрміновых крэдытаў (максымальны тэрмін пагашэньня 15 гадоў).

Ці пагадненьні з ЭЗ абмяжоўваюць магчымасьці гандлю Грузіі, Малдовы і Ўкраіны з Расеяй?

Эўразьвяз падкрэсьлівае, што ва Ўсходнім партнэрства не ідзе гаворка аб сфэрах ўплыву або выбары паміж ЭЗ і Расеяй; што моцныя эканамічныя і сацыяльныя сувязі Расеі зь яе суседзямі не знаходзяцца пад любой пагрозай або, прынамсі, ня з боку Эўразьвязу. Аналітыкі адзначаюць, што гэтыя тры краіны, калі пажадаюць, могуць таксама мець асобныя пагадненьні аб зоне вольнага гандлю з Расеяй.

Як можа адрэагаваць Расея?

Масква ўжо дала зразумець, што ўвядзе бар’еры ў гандлі з гэтымі трыма краінамі Ўсходняга партнэрства, калі яны падпішуць гандлёвыя пагадненьні – гэтак званыя Паглыбленыя і ўсёахопныя пагадненьні аб зоне свабоднага гандлю – з Эўразьвязам.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін на мінулым тыдні заявіў, што Расея напэўна ня зможа ўтрымаць бязмытны імпарт тавараў з Расеі, калі Кіеў падпіша гандлёвае пагадненьне з Брусэлем. Паводле Крамля, мытныя тарыфы будуць патрэбныя, каб прадухіліць бязмытны рээкспарт тавараў Эўразьвязу з Украіны ў Расею.

Пацярпець можа і Малдова, 12% экспарту якой ідзе ў Расею. Да таго, Малдова моцна залежыць ад імпарту расейскага газу і ад працоўнай эміграцыі малдаван у Расеі.

Грузія, якая пасьля ўзброенага канфлікту з Расеяй у 2008 годзе пераарыентавала свой гандаль на іншыя краіны, падаецца найменш залежнай ад эканамічнага ціску Масквы. Але і ў Грузіі Крэмль мае свае казырныя карты – сэпаратызм Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі, якія дэ-факта адлучыліся ад Грузіі, але дэ-юрэ застаюцца неад’емнымі часткамі гэтай краіны.

XS
SM
MD
LG