Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жаліба: Беларусь будзе рабіць адносна Ўкраіны тое, чаго запатрабуе Расея


Барыс Жаліба

Барыс Жаліба

Беларусь і Казахстан не падтрымалі намер Расеі ўвесьці імпартныя пошліны на ўкраінскія тавары ў сувязі з плянаваным 27 ліпеня падпісаньнем Украінай эканамічнай часткі Пагадненьня аб асацыяцыі з Эўразьвязам. Ці пагражае беларускім эканамічным інтарэсам падпісаньне Ўкраінай асацыяцыі з Эўразьвязам? Чаму Беларусь не падтрымала Расею ва ўвядзеньні эканамічных санкцыяў супраць Кіева?

Эканаміст Барыс Жаліба лічыць, што падпісаньне Ўкраінай асацыяцыі з Эўразьвязам нейкім чынам пагражае беларускім эканамічным інтарэсам.

«Украіне ўжо няма чаго губляць. Яна ідзе на гэтае падпісаньне без варыянтаў, бо працягваецца ўкраінска-расейская вайна. І зробіць тое, што не зрабіў Януковіч.

У нас даволі прыстойны таваразварот з Украінай, амаль 7 мільярдаў даляраў. Гэта другі наш партнэр. І нейкім чынам, канечне, гэта паўплывае на нашу эканоміку, бо калі скарачаецца імпарт з Украіны, то Ўкраіна адкажа адпаведнымі мерамі і можа скараціцца наш экспарт ва Ўкраіну. Ужо сёньня з прычыны ліцэнзаваньня імпартэраў піва, кандытарскіх вырабаў, макароны Беларусь закрылася ад украінскіх тавараў. І ўжо наносіць шкоду „ўкраінскім братам“, як казаў Лукашэнка. Больш-менш нармальна ва Ўкраіну цяпер ідуць нашы нафтапрадукты.

То бок чакаць нечага добрага не выпадае. І тое, што Ўкраіна мяняе арыентацыю, будзе адчуваць і Беларусь. Гэта ня так крытычна. Але ўсё ж таваразварот у 7 мільярдаў — гэта вялікая лічба, і яна можа істотна зьменшыцца».

Барыс Жаліба лічыць, што Беларусь будзе паводзіць сябе адносна Ўкраіны так, як гэта вызначыць Эўразійскі саюз на чале з Расеяй.

«Дваістая пазыцыя Лукашэнкі вядомая. З аднаго боку, ён падпарадкоўваецца Расеі. А зь іншага боку, ён выступае за адзіную Ўкраіну. Але калі справа дойдзе да сур’ёзных захадаў з боку Эўразійскага саюзу, то Беларусь будзе рабіць адносна Ўкраіны тое, чаго запатрабуе Расея. І ці мала што там казаў Румас».

Па выніках пасяджэньня ў Сочы рады Эўразійскай эканамічнай камісіі віцэ-прэм’ер Расеі Ігар Шувалаў заявіў, што пасьля таго, як Украіна падпіша пагадненьне аб асацыяцыі з Эўразьвязам, урад Расеі ў аднабаковым парадку прыме рашэньне пра абарону свайго рынку.

Сябра рады Эўразійскай эканамічнай камісіі ад Беларусі Сяргей Румас заявіў Tut.by, што беларускі бок «выступіў рэзка супраць» прапанаванага Расеяй рашэньня аб абароне рынку. Ён спаслаўся на тое, што пакуль немагчыма ацаніць пагрозы, якія нясе падпісаньне Ўкраінай асацыяцыі з ЭЗ. Маўляў, у выпадку ўзьнікненьня пагрозаў для беларускай эканомікі можна вярнуцца да разгляду ахоўных захадаў.

XS
SM
MD
LG