Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь і Казахстан адмовіліся прыняць бок Расеі


Беларусь і Казахстан не падтрымалі намер Расеі ўвесьці імпартныя пошліны на ўкраінскія тавары. Пра гэта заявіў член рады Эўразійскай эканамічнай камісіі ад Беларусі Сяргей Румас, камэнтуючы вынікі пасяджэньня рады ў Сочы.

«Учора Расейская Фэдэрацыя ўнесла на пасяджэньне рады Эўразійскай эканамічнай камісіі пытаньне аб сумесным увядзеньні імпартных пошлін на ўкраінскія тавары ў сувязі з плянаваным падпісаньнем Украінай эканамічнай часткі Пагадненьня аб асацыяцыі зь Эўразьвязам. Беларускі бок выступіў рэзка супраць гэтага рашэньня, матывуючы тым, што Пагадненьне аб асацыяцыі Ўкраіна яшчэ не падпісала, і мы ня можам ацаніць, якія пагрозы гэта нясе для эканомікі краін Мытнага саюзу. Аналіз наступстваў не разглядаўся і ў Калегіі Эўразійскай эканамічнай камісіі. Такім чынам, неабходнасьці ў тэрміновым прыняцьці гэтага рашэньня няма. Беларусь у гэтым пытаньні падтрымаў Казахстан», – сказаў Румас у інтэрвію TUT.BY. «У сувязі з тым, што кансэнсуснае рашэньне не было прынятае, Расея, згодна з нарматыўным дакумэнтам АЭП мае права на самастойнае ўвядзеньне пошлін», – дадаў ён.

Як павядзе сябе Беларусь пасьля падпісаньня Ўкраінай Пагадненьня аб асацыяцыі з Эўразьвязам? «Мы будзем ажыцьцяўляць маніторынг украінскага імпарту і ў выпадку ўзьнікненьня пагроз для беларускай эканомікі маем права вярнуцца да разгляду ахоўных мер», – сказаў Румас.

Напярэдадні віцэ-прэм'ер Расеі Ігар Шувалаў заявіў, што пасьля таго, як Украіна падпіша пагадненьне аб асацыяцыі з Эўразьвязам, урад Расеі прыме рашэньне пра абарону свайго рынку.

Камэнтуючы сытуацыю, кіраўнік фонду Мізэса Яраслаў Раманчук у інтэрвію карэспандэнту Свабоды адзначыў:

«Лёгіка Мытнага саюзу зыходзіць з таго, што ўсе краіны падпісваюць аднолькавыя рэчы. І калі, напрыклад, Беларусь альбо Казахстан адмовяцца, то гэта ня можа быць падставай для ўвядзеньня ў Расеі. Але калі Расея так зробіць, то, па сутнасьці, скажа, што нам напляваць на гэты Мытны саюз, мы будзем рабіць тое, што захочам, і апроч гарачай вайны працягваць і гандлёвую вайну супраць Украіны».

XS
SM
MD
LG