Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ляўрэатаў прэміі «За свабоду думкі» імя Васіля Быкава ўганаруюць 21 чэрвеня


Мастак Аляксей Марачкін падчас на ўрачыстасьцях у Бычках, 2013 год

Мастак Аляксей Марачкін падчас на ўрачыстасьцях у Бычках, 2013 год

У гэты дзень на малой радзіме Васіля Быкава — у вёсцы Бычкі Ўшацкага раёну — пройдуць сьвяткаваньні з нагоды 90-гадовага юбілею славутага беларускага пісьменьніка.

Пра гэта «Свабодзе» паведаміў старшыня Віцебскай абласной рады ГА ТБМ Ёсіф Навумчык:

«Васіль Уладзімеравіч нарадзіўся 19 чэрвеня, і зазвычай сьвяткаваньні ў Бычках праходзілі ў дзень ягоных народзінаў. Але сёлета вырашылі адзначыць 90-гадовы юбілей шырэй — і, каб усе ахвотныя змаглі трапіць на сьвяткаваньні, іх вырашылі правесьці ў выходны дзень, у суботу 21 чэрвеня».

Паводле спадара Навумчыка, урачыстая імпрэза ў Бычках распачнецца а 14-й гадзіне. Плянуецца ня толькі традыцыйнае ўручэньне прэміі «За свабоду думкі» імя Васіля Быкава, заснаванай лідэрам руху «За свабоду» Аляксандрам Мілінкевічам, але і адкрыцьцё выставы беларускіх мастакоў, удзельнікаў «быкаўскага» пленэру, што напярэдадні пройдзе на Ўшаччыне.

Падчас імпрэзы ў гонар 90-годзьдзя Васіля Быкава перад аднавяскоўцамі пісьменьніка і гасьцямі выступяць літаратары Барыс Сачанка, Уладзімер Някляеў, Сяргей Законьнікаў, Уладзімер Арлоў Уладзімер Папковіч ды іншыя. Будзе выканана і воля паэта Генадзя Бураўкіна, які адышоў у лепшы сьвет 30 траўня гэтага году: у Бычках прагучыць ягоны верш, прысьвечаны Васілю Быкаву.

Віцебскія сябры ГА ТБМ зьбіраюцца 21 чэрвеня, перад ад’ездам у Бычкі, ускласьці кветкі да мэмарыяльнай шыльды на будынку мастацкай вучэльні, дзе некалі вучыўся Васіль Быкаў. Таксама плянуецца адведаць і магілу Рыгора Барадуліна, пахаванага ў Вушачах, — земляка і аднаго з найбліжэйшых сяброў Васіля Быкава.
XS
SM
MD
LG