Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Разгубленым Васіля Быкава я бачыў толькі двойчы. І не ў 2003-м ў Празе, калі ён распавёў пра вэрдыкт анколягаў. А ў Менску, у 94-м, на плошчы Перамогі. Перамогі ў той вайне, праўду пра якую ён сказаў сьвету.

… Камуністычная ўлада зьнішчала ў беларускага народа ўсялякую памяць пра часы нацыянальнай велічы, руйнуючы храмы і замкі, даючы свае назовы плошчам і вуліцам, напаўняючы хлусьнёй падручнікі па гісторыі. Затое яна, гэтая ўлада, не шкадавала сілаў і сродкаў для нагадваньня пра апошнюю вайну, якую Сталін назваў Вялікай Айчыннай. Сталін жа зьвязаў перамогу ў той вайне з кіруючай роляй камуністычнай партыі.

Большасьць людзей ня надта задумвалася, хто ж быў вінаваты ў катастрафічных стратах першых месяцаў вайны, чаму, калі амэрыканскія ці брытанскія саюзьнікі бераглі жыцьцё кожнага салдата — чырвоныя камандзіры і камісары пасылалі на бессэнсоўную сьмерць сваіх падначаленых тысячамі. Беларус ці ўкраінец мог запытацца, чаму ж, здаўшы немцам тэрыторыю разам зь людзьмі на некалькі гадоў — савецкая ўлада потым жорстка (аж да расстрэлаў) карала тых, хто пры акупацыйнай уладзе вучыў дзяцей? А нават — і ўсумніцца, ці патрэбныя былі партызанскія дзеяньні, калі за аднаго забітага нямецкага афіцэра маглі спаліць цэлую вёску? Шмат пытаньняў мог задаць савецкі чалавек, але не запытваўся — яго адвучылі. На 9-ае траўня ўсё патанала ў грохаце прапагандысцкіх літаўраў. Ну, а тыя, зусім нешматлікія, хто, як Васіль Быкаў, шукалі і знаходзілі ісьціну — бязьлітасна цкаваліся.

З падзеньнем камуністычнага рэжыму ў стаўленьні ўладаў да апошняй вайны не зьмянілася нічога.

Але мы ў БНФ лічылі, што ідэйныя спадкаемцы Сталіна не павінны трымаць манаполію на памяць.

У траўні 1992 году кіраўніцтва БНФ вырашыла ўзяць удзел ў афіцыйных сьвяткаваньнях дня Перамогі. Гэта паказала б грамадзтву, што перамога — гэта не манаполія намэнлятурна-камуністычянай сыстэмы, якая на першым годзе беларускай Незалежнасьці ўсё яшчэ заставалася нязьменнай.

Ускладаньне кветак да «вечнага агню» на плошчы Перамогі было цэнтральнай падзеяй, якая за шмат гадоў аформілася ў традыцыю: спачатку ішло кіраўніцтва ЦК на чале з першым сакратаром, затым — Вярхоўнага Савета, Савету міністраў і гэтак далей. У 1992 годзе ўпершыню ЦК не было: пачынаць цырымонію павіны былі старшыня Вярхоўнага Савета Станіслаў Шушкевіч з членамі Прэзыдыюму ВС (гэты орган ужо пасьпеў аформіцца ў своеасаблівае Палітбюро). Паводле клясычных нормаў, кіраўнікі фракцый уваходзяць у кіраўніцтва парлямэнту — у нас, натуральна, гэтага не было. Чакаць, што Шушкевіч запросіць Пазьняка далучыцца да групы Вярхоўнага Савета, было наіўна — ніякіх падобных ініцыятываў Станіслаў Станіслававіч не выяўляў. І я пачаў высьвятляць, якім чынам можна было б уключыць групу БНФ, некалькі дзесяткаў чалавек, у агульную калёну. Урэшце, выявілася, што арганізацыяй шэсьця кіруе намесьнік старшыні Менгарвыканкаму Аляксандар Сасноўскі.

Я патэлефанаваў Сасноўскаму, але ён катэгарычна адмовіўся дадаваць прадстаўнікоў БНФ у калёну для ўскладаньня кветак. «Вось пройдзе ўся цырымонія — тады можаце ўскладаць».

Сасноўскі, былы партыйны функцыянэр, імгненна сьцяміў, чым невыгодны для ўлады ўдзел актывістаў Народнага Фронту ва ўшанаваньні памяці загіблых. У той раз мы ў Фронце проста павіншавалі сваіх вэтэранаў — сярод іх былі пісьменьнікі Васіль Быкаў і Артур Вольскі, філёзаф Мікалай Крукоўскі. Гэтак і рабілі і ў наступны год.

Але ў траўні 1994-га, калі ўжо пачаласч кампанія па выбарах прэзыдэнта, вырашылі выйсьці на плошчу.

Раніцай 9 траўня мы сабраліся ў штаб-кватэры БНФ на Варвашэні, 8. Васіль Быкаў быў без ордэнаў, але некаторыя нашы «фронтаўскія» вэтэраны прымацавалі свае баявыя ўзнагароды. Невялічкай групай рушылі ў бок Плошчы Перамогі. Калі падышлі, убачылі, што плошча ўзятая ў ланцуг АМАПаўцаў.

Нас спынілі.

Групу БНФ не пускаюць да манумэнту Перамогі. Сяргей Навумчык, Зянон Пазьняк, Васіль Быкаў. 9 траўня 1994, фота з газэты "Свабода"

Групу БНФ не пускаюць да манумэнту Перамогі. Сяргей Навумчык, Зянон Пазьняк, Васіль Быкаў. 9 траўня 1994, фота з газэты "Свабода"



«Падышла група невядомых асобаў у колькасьці прыблізна пяцідзесяці чалавек» — перадаў камусьці па рацыі міліцэйскі афіцэр.

— Гэта Васіль Быкаў, — сказаў я афіцэру. — Чулі пра такога?

Афіцэр маўчаў.

— Ну ў такім разе вось я і Зянон Пазьняк — дэпутаты Вярхоўнага Савета, паводле нашага статусу Вы нас ня маеце права затрымліваць, — працягваў я ціснуць на афіцэра.

Афіцэр нешта прабубніў у сваю рацыю, і перад намі зьявіліся некалькі АМАПаўцаў.

­— Я не магу прапусьціць, пакуль ня скончыцца афіцыйная цырымонія.

Для перамоваў з больш высокім начальствам нашая група была вызначаная двух дэпутатаў -- дэпутата Менскага гарсавету Галіну Вашчанку і мяне. Аднак перамовы нічога не далі.

У гэты момант кветкі да помніка Перамогі ускладалі старшыня Вярхоўнага Савета Мечыслаў Грыб, яго намесьнікі і члены Прэзыдыюму Вярхоўнага Савета.

Потым — і старшыня Савету міністраў Вячаслаў Кебіч, яго намесьнікі і міністры.

Потым кветкі ўсклалі кіраўнікі арганізацыі вайны і працы.

Потым — генэралы з Міністэрства абароны.

Пасьля генэралаў — кіраўнікі Менскага гарвыканкаму і райвыканкамаў.

Потым — кіраўнікі розных арганізацый.

Потым, як пазьней напіша карэспандэнт Белінфарму, «аддаючы воінскія ўшанаваньні, па пляцоўцы цырыманіялаў прайшла рота ганаровай варты Менскага гарнізону».

І толькі пасьля ўсяго гэтага міліцыя дазволіла прайсьці да „вечнага агню“ Васілю Быкаву і групе вэтэранаў- членаў Народнага Фронту.

Дзяржаўнае агненцтва "Белінфарм" падало інфармацыю гэтак, нібыта і не было ніякага канфлікту

Дзяржаўнае агненцтва "Белінфарм" падало інфармацыю гэтак, нібыта і не было ніякага канфлікту



На наступны дзень Васіль Быкаў напісаў невялікі артыкул, у якім ўпершыню было сказана пра «прыватызацыю» Перамогі. Артыкул быў надрукаваны ў газэце „Свабода“ і з таго часу, наколькі магу меркаваць, не перадрукоўваўся.


Васіль Быкаў: Перамогу над фашызмам імкнуцца прыватызаваць


«Адразу ж, як скончылася другая сусьветная вайна, Сталін у вядомай прамове даў ацэнку вялікай перамогі. Тады ён забыўся ўжо на сваю нядаўнюю разгубленасьць, на вялікі сумнеў у вартасьці Чырвонай арміі, што дружна бегла на усход, як тады па ўсіх швах трашчала савецкая ўлада; змоўчаў, ня стаў абгрунтоўваць свой нечаканы зварот да фундамэнтальных ідэяў расейскага нацыяналізму: афіцэрскіх званьняў, залатых пагонаў, ліквідацыі т.зв.інстытута паліткамісараў, звароту дваранска-імпэрскай славы Суворава-Кутузава. Крывавую перамогу над нямецкім фашызмам ён прыпісаў выключна мудрасьці ВКП(б), правільнасьці савецкай вайсковай навукі, адданасьці сацыялістычнаму ладу. На вушы нядаўніх франтавікоў было дзіўнавата слухаць тое. Але яны слухалі і маўчалі: высновы правадыра народаў былі вышэй за вайну, за ісьціну, — вышэй за жыцьцё.

Нешта падобнае адбываецца і зараз, напрыканцы ХХ стагодзьдзя, у, здавалася б, зусім новых грамадзка-палітычных умовах. Перамогу над фашызмам імкнуцца прыватызаваць з гэткім жа посьпехам, як прыватызуецца ўсё астатняе. Народу ж прапануецца звыклая, спрацаваная дэмагогія з колішняга „блякнота агітатара“, задача якой (па словах Салжаніцыга) — пераканаць, „як рускі Іван бег на вайну, каб хутчэй аддаць жыцьцё за радзіму, і як цяжка было генэралам вадзіць пальцам па карце“. Зноў найбольшым арганізатарам перамогі становяцца камісары і паліторганы, пра герояў якіх звычайна пішуць, што яны „прайшлі вайну ад званка да званка і вырасьлі ў званьні ад радавога да палкоўніка“. Так, мелі магчымасьць вырасьці ў званьнях і атабарыцца на „хлебных пасадах“ пасьля вайны. Але ці ня варта хоць бы ў дзень Перамогі ўспамінаць, хто застаўся ў братніх магілах, густа раскіданых ад Віслы да Эльбы, і ліку якіх дагэтуль няма ні ў статыстыцы, ні ў гістарыяграфіі? А іхныя ўцалелыя равесьнікі дажываюць свой век у галечы і паняверцы, нярэдка пазбаўленыя права па-людзку ўшанаваць памяць аднапалчанаў. Гэта ганьба, калі на іхнім шляху да магілаў вырастаюць ланцугі крутаплечых амонаўцаў, як гэта было сёлета ў Менску. За плячыма амону, вядома ж, уладарныя пераемнікі абстарэлай сталінскай „славы“, што і дагэтуль імкнуцца жыць на ейгыя крэдыты. Здаецца, у вайсковых адносінах Беларусь усё меней робіцца эўрапейскай краінай і ўсё болей спаўзае да вобразу лацінаамэрыканскага дзяржаўнага стварэньня.

Тое, што прынята называць Вялікай Айчыннай вайной, на справе было часткай (нашаю часткай) вялікай і сьвятой барацьбы сусьветнай хрысьціянскай супольнасьці супраць сярэднявечнага звыродства. У гэтай барацьбе ўдзельнічалі дзясяткі нацыяў і палітычных партыяў, як ніколі згуртаваных вакол адзінай ідэі — свабоды і непадлегласьці. Самы жахлівы на той час вораг быў пераможаны, але застаўся другі, ня меней жахлівы, які цынічна скарыстаў зручны момант узвысіцца на той перамозе. Ён і да сёньня спрабуе тое, састарэлы, з падарваным здароў’ем, ідэйна збанкрутаваны, матэр’яльна абнішчаны, з выпаўшымі, абкрушанымі ікламі, але поўны ранейшай рашучасьці ня выпусьціць з тых іклаў-абломкаў сваю ахвяру. Ахвяра гэтая — свабода чалавецтва, якое па-ранейшаму ведае адно: усё трываць і ня памятаць сваёй крыўды. 11 траўня 1994 г. („Свабода“, 11 траўня 1994).


Быкаў быў даверанай асобай Пазьняка (усяго ЦВК зарэгістраваў па дваццаць давераных асобаў у кожнага кандыдата) і ўдзельнічаў у кампаніі — хаця мы ашчаджалі яго сілы, як і іншых немаладых людзей. Удзельнічаў Васіль Уладзімеравіч і ў сходзе вэтэранаў-адраджэнцаў, пра які парлямэнцкая „Народная газэта“ зьмясьціла такую інфармацыю:


Вэтэраны-дэмакраты — за Зянона Пазьняка

Васіль Быкаў, Зянон Пазьняк, Артур Вольскі. 9 траўня 1994, газэта "Свабода"

Васіль Быкаў, Зянон Пазьняк, Артур Вольскі. 9 траўня 1994, газэта "Свабода"

„Днямі ў Менску адбыўся сход сяброў Беларускага дэмакратычнага аб’яднаньня вэтэранаў. Удзельнікі сходу, абмеркаваўшы палітычную сытуацыю ў краіне і сацыяльна-матэрыяльны стан грамадзян, а таксама прааналізаваўшы праграмы кандыдатаў на пасаду першага Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь і дзейнасьць прэтэндэнтаў да перадвыбарчай кампаніі, аднагалосна вырашылі падтрымаць кандыдатуру Зянона Пазьняка.

Сход, як гаворыцца ў пастанове, бачыць у асобе Зянона Станіслававіча Пазьняка мужнага палітыка, які валодае дарам стратэгічнага бачаньня разьвіцьця грамадзтва. Праграма З.Пазьняка грунтуецца не на мітах і беспадстаўных абяцанках, а абапіраецца на рэсурсы нашай Бацькаўшчыны і ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва зь іншымі як блізкімі, так і далёкімі дзяржавамі.

Вэтэраны-дэмакраты лічаць, што, калі З. Пазьняк стане Прэзыдэнтам, Рэспубліка Беларусь атрымае спрыяльныя ўмовы для выйсьця з глыбокага палітычнага і эканамічнага крызісу, а яе вышэйшае кіраўніцтва будзе выкарыстоўваць уладу не дзеля ўласнай нажывы, а ў інтарэсах усіх грамадзян Рэспублікі Беларусь. Артур Вольскі, старшыня Цэнтральнай рады Беларускага дэмакратычнага аб’яднаньня вэтэранаў. („Народная газета“, 18–20 чэрвеня 1994 г.).

9 траўня Быкава і вэтэранаў-„фронтаўцаў“ да помніка Перамогі не прапусьціла міліцыя, падуладная Кебічу.

Праз два месяцы, ужо пасьля першага туру выбараў, калі ўжо вызначыўся пераможца (Лукашэнка) на шляху Быкава і вэтэранаў-„фронтаўцаў“ паўстала ўжо дзевяць ланцугоў міліцыі. Разам зь імі былі актывісты пракебічаўскага „Саюзу афіцэраў“, а таксама маладзёны ў чорных кашулях са Славянскага Сабору „Белая Русь“, гэтыя — прыхільнікі будучага гаспадара краіны.

У канцы чэрвеня мы зь рэдактарам „Свабоды“ дэпутатам Ігарам Гермянчуком абедалі на другім паверсе гатэлю „Октябрьская“ у невялікай „дэпутацкай“ рэстарацыі. За суседнім столікам сядзелі Лукашэнка і некалькі ягоных „ваўкоў“ — Сініцын, Булахаў, яшчэ нехта.

Мы не размаўлялі з суседняй кампаніяй — не было патрэбы. Але, калі ўжо разьлічыліся з афіцыянтам і пакідалі залю, Ігар зьвярнуўся да Лукашэнкі:

— Саша, у нас ёсьць зьвесткі, што твае тыпы са „Славянскага сабору“ зьбіраюцца ўчыніць правакацыю на плошчы супраць нашых вэтэранаў.

— Дык а вы не паддавайцеся на правакацыі! — адказаў Лукашэнка; ягоная кампанія зарагатала.

Яшчэ раней мы вырашылі ўскласьці кветкі да помніка Перамогі 3 ліпеня, ў дзень, які адзначаўся як 50-я гадавіна вызваленьня Беларусі ад фашысцкай акупацыі. Вырашылі ісьці вялікай калёнай. Ведалі, што гэта не спадабалася пракамуністычнаму „Саюзу афіцэраў“ і Славянскаму Сабору „Белая Русь“.

Абедзьве арганізацыі ўваходзілі ў склад створанага насуперак БНФ супрацоўнікам апарату Савету міністраў Сяргеем Гайдукевічам „Народного движения Беларуси“. Абедзьве арганізацыі адкрыта выступалі з прарасейскіх, імпэрскіх, шавіністычных, антыбеларускіх, антынацыянальных пазыцый, заяўляючы, што Беларусь не павінна існаваць як дзяржава. Некаторыя актывісты Славянскага Сабору (яго яшчэ называлі „СС Белая Русь“) апраналіся ў чорныя кашулі; у падземных пераходах, ля «камароўкі» адкрыта, не баючыся міліцыі, прадавалі шавіністычныя і антысеміцкія газэткі. Але і не было ў іх ніякай патрэбы баяцца — бо мелі высокіх абаронцаў.

У красавіку 1994 актывісты СС"Белая Русь“ зьбіралі подпісы за вылучэньня кандыдатам у прэзыдэнты Лукашэнкі, аднак на нейкім этапе ў Саўміне ачунялі і спалохаліся, Гайдукевіч даў „адбой“, і подпісы ў ЦВК не былі здадзены. Што, праўда, не перашкодзіла актывістам Славянскага Сабору падтрымліваць Лукашэнку ў часе выбарчай кампаніі.

Пра тое, што адбылося 3 ліпеня 1994 году, на праспэкце Скарыны каля плошчы Перамогі, я ў той жа дзень напісаў артыкул, які надрукавала „Народная газэта“. Зьмяшчаю тут гэты тэкст; некаторыя вызначэньні могуць падацца празьмерна патаснымі, але яны перадаюць адчуваньні таго дня (тэкст я напісаў за пару гадзінаў).


Камунафашысты ізноў прагнуць крыві


"Дзень вызваленьня ад гітлераўскіх фашыстаў — сьвяты дзень для кожнага, каму дарагая Беларусь.

Зрэшты, у кожнага грамадзяніна Беларусі з той вайной зьвязана і нешта асабістае. Нават для нас, хто нарадзіўся на шмат гадоў пазьней перамогі. Для мяне — таксама. Мая бабуля загінула ў першыя дні вайны пад Магілёвам. Абодва дзяды ваявалі салдатамі, малі баявыя ўзнагароды.
Разумею, што адчуваюць у такія дні вэтэраны.

9 мая гэтага года перад калёнай Народнага Фронту, у якой быў Васіль Быкаў, у якой былі іншыя вэтэраны, — паўстаў атрад АМОНа. Людзі з баявымі ўзнагародамі пад дзяржаўнымі сьцягамі чакалі, пакуль чыноўнікі Саўміна пад сьцягамі неіснуючай краіны адбудуць цырыманіял.

Пасьля нам сказалі: „Вы не далі заяўкі“.

На гэты раз Менгарвыканкам усё ж даў афіцыйны дазвол калёне Народнага Фронту прайсьці ад плошчы Незалежнасьці да помніка Перамогі і ўскласьці кветкі.

Але неверагодная подласьць перашкодзіла гэтаму.

А дзесятай гадзіне раніцы мы сабраліся ля Дома ўрада. Побач фармавалася калёна пад сьцягамі БССР і СССР. Дарэчы, на выхадзе з мэтро сустрэў Васіля Новікава — сакратара ЦК камуністаў, экс-кандыдата ў прэзыдэнты. Ён, як памятаеце, казаў прыгожыя словы пра грамадзянскі мір. Падаў яму руку, павіншаваў з днём вызваленьня. Думаў, што гэта агульнае наша сьвята.
Аказваецца, я памыляўся.

Наша калёна рушыла адразу за камуністамі. Яны несьлі сьцягі СССР і БССР (прыдуманы, дарэчы, у 1952 годзе). Уразіла, што напярэдадні, падчас урачыстага пасяджэньня ў Палацы спорту ў залі не было ніводнага дзяржаўнага сьцяга. Акрамя значкоў у дэпутатаў Апазыцыі, тых, хто ўваходзіць у дэмклюб, на якіх большасьць прысутных пазірала з непрыхаванай нянавісьцю і злосьцю.

Калёна БНФ, у цэнтры зь кветкамі -- Васіль Быкаў. 3 ліпеня 1994

Калёна БНФ, у цэнтры зь кветкамі -- Васіль Быкаў. 3 ліпеня 1994



Мы крочылі да помніка Перамогі пад дзяржаўнымі сьцягамі Беларусі і краін антыгітлераўскай кааліцыі — Вялікабрытаніі, ЗША, Францыі. Лунаў і польскі сьцяг — на зямлі нашых заходніх суседзяў пачалася Другая сусьветная вайна.

Вэтэраны (некаторыя ўзялі з сабой унукаў)ішлі поруч з маладымі дзяўчатамі, юнакамі, дэпутатамі апазыцыі. Людзі на тратуарах усьміхаліся, сьпявалі, падносілі вэтэранам кветкі, шмат хто далучаўся да калёны.

На Цэнтральнай плошчы, ля Дома афіцэраў, нас спынілі міліцыя.

— Пачакайце! — загадаў афіцэр. — Пачалася афіцыйная цырымонія ўскладаньня кветак, там Кебіч і Чарнамырдзін.

Было незразумела — чаму не пускаюць людзей, якія ваявалі? Тым больш што меўся афіцыйны дазвол.

Мы рушылі наперад, але на перакрыжаваньні праспэкта Скарыны і вуліцы Купалы шлях перакрылі шэрагі міліцыянтаў-курсантаў. Яны стаялі шчыльнымі ланцугамі, узяўшы адзін аднаго пад локці. Маладыя хлопцы. Некаторыя сарамліва хавалі вочы — бачылі, што наперадзе дэпутаты. Дарэмна дэпутаты Вярхоўнага Савета спрабавалі даказаць, што ёсьць афіцыйны дазвол, што хлопцаў штурхаюць на правакацыю, што нельга прымяняць сілу да старых людзей.

Курсанты пачалі адціскаць калёну, упёршыся ў грудзі Васілю Быкаву, Рыгору Барадуліну, вэтэранам, дэпутатам…

— Не пускать! Поднажми! — чуліся добра пастаўленыя камандзірскія галасы з-за курсанцкіх сьпінаў.

Асабліва страшна было за дзяцей і старых. У аднаго з вэтэранаў сарвалі мэдаль "70 лет Советских Вооружённых Сил“ (яго падабраў Зянон Пазьняк. Калі знойдзецца гаспадар мэдаля — тэлефон штаба БНФ 33-50-12).

Як і заўсёды, міліцыя рабілася ахвярай чыёйсьці бруднай гульні. Стала зразумела, чаму нас так часта спынялі і дзеля чаго быў патрэбны гэты кардон. Нас хацелі затрымаць як надалей. Бо калі б нашым вэтэранам далі магчымасьць прайсьці ў афіцыйным парадку, яны мелі б магчымасьць спакойна ўскласьці кветкі. Але камусьці не хацелася спакою.

Зьняважаныя, у пакамечанай вопратцы ўдзельнікі вайны ўсё ж прайшлі праз кардон і рушылі да помніка.

На мосьце праз Свіслач — ланцуг амонаўцаў. Вэтэраны прайшлі і праз яго.

Каля плошчы Перамогі шлях нам перагарадзілі ўдзельнікі афіцыйнага шэсьця. Тыя, каго запрасілі сюды ўлады. Наперадзе — маладыя людзі ў чорных кашулях (Славянскі Сабор «Белая Русь» -- удакладненьне 2014 г.) . Былі тут і старыя, ачмураныя хлусьлівай прапагандай (Саюз афіцэраў -- 2014). У іх руках — сьцягі СССР, а ў вачах — нянавісьць.

Адразу ўзьнік міліцэйскі кардон.

— Чый загад? — запытаў народны дэпутат Рэспублікі Беларусь Валянцін Голубеў у аднаго з афіцэраў.

— Загад са штаба.

— Дзе гэты штаб?

— У Саўміне.

— Хто яго ўзначальвае?

У адказ — напружанае маўчаньне напалоханага афіцэра.

На жаль, не магу назваць ніводнага прозьвішча — міліцыянэры адмаўляліся называцца. Калі я паспрабаваў прайсьці праз кардон, папярэдзіўшы, што зьяўляюся дэпутатам Вярхоўнага Савета, у адказ пачуў абразу. Адчувалася, што міністар унутраных спраў сп. Данько, які сам не паважае Закон аб статусе дэпутата, адпаведна выхоўвае і сваіх падначаленых. Але і тут большасьць міліцыянэраў — маладых хлопцаў — усё ж саромелася пад позіркам вэтэранаў.
Так, міліцыю ізноў падстаўлялі улады, людзі са „штаба“, для якіх ні памяць, ні вера, ні само чалавечае жыцьцё — нішто не ўяўляе каштоўнасьці. Нішто, акрамя ўлады, дзеля якой яны гатовыя пайсьці на ўсё.

Між тым напружанасьць узмацнялася. Дзікунскія, нечалавечыя пагрозы ліліся ў бок вэтэранаў-дэмакратаў. Такія словы супраць тых, хто праліваў кроў за Айчыну, маглі нарадзіцца, прабачце, толькі ў фашыстаў. („прабачце“ — слова, устаўленае рэдакцыяй газэты. -- 2014.)

Але на грудзях у гэтых людзей былі значкі не з выявай Гітлера. Гэтыя — верныя ленінцы.

— Ну, давай, подходи! — ірваў глотку нейкі „молодец“ з камсамольскім значком.

— Што ж ты, сынок. — прамовіў стары чалавек з ордэнскімі калодкамі…

...Не дазволілі прайсьці да помніка Васілю Быкаву — салдату, дзякуючы генію якога сьвет ці не ўпершыню даведаўся пра сапраўдную праўду той вайны.

Не пусьцілі Мікалая Ігнатавіча Крукоўскага, — начальніка штаба партызанскага атрада 2–й заслонаўскай брыгады, кавалера мэдаля „За отвагу“.

Перакрылі шлях Артуру Вітальевічу Вольскаму — кавалеру баявых узнагарод, старшыні Беларускага аб’яднаньня дэмакратычных вэтэранаў.

Не далі магчымасьці падысьці да помніка Зянону Станіслававічу Пазьняку — чалавеку, які толькі тут можа ўшанаваць памяць свайго бацькі, бо ў пахаронцы, якая прыйшла маці ў 44-м, не было пазначана месца пахаваньня.

Не дазволілі схіліць перад помнікам агульнай перамогі сьцягі Вялікабрытаніі, Амэрыкі, Францыі — краін антыгітлераўскай кааліцыі.

— Я быў тройчы паранены, — гаворыць інвалід вайны другой групы, аўтар манумэнта Перамогі ў Менску, архітэктар Георгі Заборскі. — Чацьвёртую рану мне нанесьлі тут. Хто і чаму вырашыў не пускаць мяне да помніка, які я ствараў сваім сэрцам?

Калёна БНФ накіроўваецца да сквэру Янкі Купалы. Пад рукі падтрымліваюць архітэктара Георгія Заборскага, аўтара архітэктурнага рашэньня манумэнту Перамогі -- якому не дазволілі ўскласьці кветкі да манумэнту. Фота са штотыднёвіка "Літаратура і мастацтва"

Калёна БНФ накіроўваецца да сквэру Янкі Купалы. Пад рукі падтрымліваюць архітэктара Георгія Заборскага, аўтара архітэктурнага рашэньня манумэнту Перамогі -- якому не дазволілі ўскласьці кветкі да манумэнту. Фота са штотыднёвіка "Літаратура і мастацтва"



Франтавік, народны пісьменьнік Беларусі Васіль Быкаў адзначыў, што камуністычная намэнклятура, „прыхватызаваўшы“ магазыны і вытворчасьць, вырашыла „прыхватызаваць“ і перамогу. Але ж яе атрымаў народ, а не яны, і яна — агульная, усяго нашага народа. У той вайне, падкрэсьліў ён, мы адолелі толькі адно зло, другое яшчэ засталося.

У той сьвяточны сонечны дзень менчане ўпершыню ўбачылі аскал не чужога, а ўласнага айчыннага фашызму, які пачаў ужо наводзіць „новы парадак“.

Натоўп камунафашыстаў лютаваў.

Міліцыя стаяла моўчкі.

Чаго чакалі? Правакацыі? Камусьці з камунафашыстаў, відавочна, вельмі хацелася крыві. Крыві тых самых людзей, што пралілі ўжо яе паўвека таму. На гэтай зямлі. А таксама пад Масквой, Варшавай, у Бэрліне.

Пакідаць старых, зьнямоглых пад сьпякотным сонцам людзей перад раз’юшаным натоўпам рабілася небясьпечна.

У гэтай сытуацыі Зянонам Пазьняком было прынята, мяркую, адзіна правільнае рашэньне — ісьці да помніка Янку Купалу. Гэтак жа, як шэсьць гадоў таму, у кастрычніку 88-га, ён павёў людзей ад Усходніх могілак, дзе камуністычныя ўлады прымянілі дубінкі і сьлезатачывыя газы, — у бок Курапатаў. Тады, фактычна, і нарадзіўся Народны Фронт — арганізацыя, якая не адказвае сілай на зло.

Калёна рушыла ў сквэр Янкі Купалы. Вэтэраны і моладзь паклалі вянкі і кветкі да помніка генію нацыянальнага Адраджэньня. Песьняру, які пакутаваў ад камунізму і ненавідзеў фашызм, і якога камунафашызм забіў у Маскве. У той дзень кожны з нас яшчэ раз адчуў, што камунізм і фашызм крочаць побач.

Рыгор Барадулін заўважыў, што чырвоныя сьцягі маюць уласьцівасьць зь цягам часу пераўтварацца ў карычневыя.

Хаця некаторым хочацца падфарбаваць іх сьвежай крывёю». («Народная газета», ліпень 1994 г.).

Мітынг у скверы Янкі Купалы. Васіль Быкаў, Зянон Пазьняк, Сяргей Навумчык, Артур Вольскі, Рыгнор Барадулін, Уладзімер Заблоцкі. Ад сьпёкі сьцягам прыкрываюць аўтара манумэнту Перамогі Георгія Заборскага. Фота Галіны Навумчык, 3 ліпеня 1994 г.

Мітынг у скверы Янкі Купалы. Васіль Быкаў, Зянон Пазьняк, Сяргей Навумчык, Артур Вольскі, Рыгнор Барадулін, Уладзімер Заблоцкі. Ад сьпёкі сьцягам прыкрываюць аўтара манумэнту Перамогі Георгія Заборскага. Фота Галіны Навумчык, 3 ліпеня 1994 г.




У тым, што Васілю Быкаву і іншым вэтэранам-актывістам БНФ, якія падтрымлівалі нацыянальнае Адраджэньне, перакрылі шлях да «вечнага агню» на плошчы Перамогі і падпарадкаваныя Кебічу міліцыянты і АМАПаўцы, і і ідэйна адданыя Лукашэнку «славянасабораўцы», няма ніякай супярэчнасьці: пазьней ў сваіх мэмуарах Кебіч прызнаецца, што на выбарах 1994 году ён разам з Лукашэнкам змагаўся разам — супраць Народнага Фронту.Увогуле, і актыўных камуністаў-прыхільнікаў Кебіча, і прыхільнікаў Лукашэнкі- «славянасабораўцаў» аб'ядноўвала непрыманьне да ўсялякіх праяваў беларушчыны. Прычым у прыхільнікаў Лукашэнкі гэтае непрыманьне набывала форму нянавісьці (час пакажа, што, ўзьнесеныя на вяршыню ўлады, яны гэтую нянавісьць будуць рэалізоўваць куды больш пасьлядоўна і энэргічна, чым камуністы – сваё непрыманьне). І, канешне, агульным і нязьменным была вернасьць Маскве. І гэтыя падзеі на плошчы Перамогі, зьнявага вэтэранаў-адраджэнцаў паказалі: ім напляваць на лёзунгі пра «вялікую перамогу», калі гаворка ідзе пра інтарэсы «вялікай расейскай імпэрыі».

Кандыдат у прэзыдэнты Лукашэнка на плошчы Перамогі. На пінжаку - значок са сьцягам БССР. 3 ліпеня 1994 г.

Кандыдат у прэзыдэнты Лукашэнка на плошчы Перамогі. На пінжаку - значок са сьцягам БССР. 3 ліпеня 1994 г.

У склад перадвыбарчай каманды Лукашэнкі ўваходзілі шмат якія актывісты Славянскага Сабору «Белая Русь», у тым ліку Усевалад Янчэўскі, якога Лукашэнка прызначыць сваім дарадцам і «галоўным ідэолягам». Ня ведаю, ці можна лічыць супадзеньнем той факт, што менавіта там, ля помніка Перамогі, куды не прапусьцілі калёну Беларускага Народнага Фронту, фактычна пад аховай СС «Белая Русь» і ачапленьня міліцыі, адбылася гутарка Лукашэнкі з расейскім прэм’ерам Чарнамырдзіным.

«Большага хамства, подласьці, большай зьнявагі да свайго народу я яшчэ ня бачыў» — заявіў Зянон Пазьняк на прэсавай канфэрэнцыі, якую мы правялі пасьля гэтых падзеяў у штаб-кватэры БНФ.

«Адгэтуль у гісторыі Беларусі пачаўся новы пэрыяд — панаваньне камуна-фашысцкіх сілаў» — сказаў Васіль Быкаў.

Праз тыдзень Лукашэнка будзе абраны прэзыдэнтам.

  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG