Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Студэнт Віленскага пэдагагічнага ўнівэрсытэту Зьміцер Хведарук ініцыяваў незвычайную акцыю — супольнае ўкладаньне малога цытатніка Васіля Быкава, прымеркаванае да 90-годзьдзя пісьменьніка.

Пра акцыю ён абвясьціў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «Ўкантакце».

Радыё Свабода пацікавілася ў Зьмітра, як будзе выглядаць завершаны цытатнік і для чаго ён патрэбны.

— Зьміцер, чым вы натхніліся, калі прыдумалі ідэю стварыць цытатнік Васіля Быкава?

— Ідэя скласьці цытатнік па творах Васіля Быкава прыйшла да мяне летась. Я езьдзіў у польскі горад Вісла, дзе набыў вельмі цікавую кнігу — вялікі цытатнік ангельскага пісьменьніка Клайва Льюіса. Я тады яшчэ вельмі зьдзівіўся, што да гэтага часу няма нічога падобнага ў Беларусі з цытатамі нашых выбітных майстроў думкі і слова. І вось я вырашыў з дапамогай сацыяльнай сеткі стварыць цытатнік Васіля Быкава, каб можна было хутка паглядзець і прачытаць, што наш вядомы пісьменьнік думаў па тых ці іншых тэмах.

— Што такое малы цытатнік паводле формы і жанру?

— Гэта падборка выказваньняў пэўнага аўтара на тыя ці іншыя тэмы. Напрыклад — пра жыцьцё, сьмерць, любоў, патрыятызм, веру і г.д.

— Вы прапануеце ўдзельнікам акцыі прачытаць па адным творы цягам месяца і выбраць найлепшыя цытаты. Ужо «забраніраваныя» такія творы, як «Жоўты пясочак», «На чорных лядах», «На ўсходзе сонца», «Салдацкі лёс», «На крыжах», «Незагойная рана», «Сьцяна»...

— Так, кожнаму ўдзельніку акцыі «Ўкантакце» я прапанаваў прачытаць па адным творы за чэрвень і падзяліцца адзначанымі цытатамі. Пасьля завяршэньня гэтай інтэрактыўнай акцыі мы зь сябрам задумалі зрабіць pdf-вэрсію цытатніка, якая будзе даступная ў інтэрнэце. Цяжка сказаць, ці дойдзе гэта да друку. Напэўна, будзе залежаць ад таго, якім атрымаецца цытатнік.

— Васіль Быкаў ня ведаў, што такое сацыяльныя сеткі. Як лічыце, наколькі гэта важна, каб моладзь «Укантакце» далучылася да такой акцыі?

— Такія рэчы, як зьбіраньне цытатаў, варта праводзіць ня толькі з нагоды таго, што Васілю Ўладзімеравічу споўнілася б 90 гадоў. На вялікі жаль, і маладыя людзі, і больш сталыя рэдка разважаюць тымі катэгорыямі, якімі разважалі нашы клясыкі. Мне здаецца, што такія акцыі маглі б вярнуць клясыкаў у розумы беларусаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG