Лінкі ўнівэрсальнага доступу

25 траўня ва Ўкраіне адбыліся пазачарговыя прэзыдэнцкія выбары. Паводле папярэдніх дадзеных, яны скончыліся ўпэўненай перамогай Пятра Парашэнкі ўжо ў першым туры. Што думаюць пра новага кіраўніка Ўкраіны і пра далейшае разьвіцьцё падзеяў у суседняй краіне беларускія палітыкі, высьвятляў Уладзімер Глод.

«Мяркуючы па ўсім, выбары прайшлі ў адзін тур. І гэта вельмі добра», — лічыць сустаршыня аргкамітэту ў справе стварэньня партыі Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец:

«Гэта звужае магчымасьці правакацыяў з боку Расеі і прарасейскіх сілаў ва Ўкраіне. Мне здаецца, украінская нацыя прадэманстравала палітычную сьпеласьць. Лідэры не пачалі грызьціся паміж сабой, біцца, абвастраць сытуацыю і даводзіць справу да другога туру. Ня сталі высьвятляць, хто з алігархамі, хто з рэвалюцыянэрамі, а ўрэшце рэшт зьядналіся.

У Парашэнкі ёсьць вялізны крэдыт даверу. І яго трэба будзе выкарыстоўваць і растрачваць. З аднаго боку, вельмі асьцярожна. А з другога, хутка і эфэктыўна. Зараз, вядома, у Парашэнкі і новага ўкраінскага кіраўніцтва будзе вельмі шмат цяжкіх, але гістарычна адказных задачаў».

«Перамога ў першым туры — гэта добры знак для Ўкраіны», — адзначае старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі 12 скліканьня Мечыслаў Грыб:

«Калі сярод двух дзясяткаў кандыдатаў у прэзыдэнты ўжо ў першым туры перамагае адзін, — гэта добры знак. Гэта сьведчыць пра тое, што дадзены кандыдат карыстаецца падтрымкай вялікай часткі ўкраінскага народу.

І па-другое, я таксама лічу, што гэта добры знак, бо на гэтым можа скончыцца безуладзьдзе ва Ўкраіне. І там перастане ліцца кроў нашых добрых суседзяў».

На перамены да лепшага ва Ўкраіне пасьля прэзыдэнцкіх выбараў спадзяецца і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валеры Барадзеня:

«Таму што вельмі балюча і страшна назіраць за тым, што адбываецца ва Ўкраіне. Украінцы, у сваёй масе, сыходзяцца на тым, што гэта праяўленьне ўнутраных фактараў. Таму ўсе ўкраінцы мусяць аб’яднацца, знайсьці аснову для дыялёгу. І знайсьці замірэньне, найперш, унутры сябе. І праз гэта зьберагчы сябе, сваю дзяржаву».

«Паступова ва Ўкраіне ўсё будзе добра», — мяркуе дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 13 скліканьня Аляксандар Дабравольскі:

«Адзінае, што нядобра, дык гэта тое, што на постсавецкай прасторы ёсьць краіна, якая лічыць, што ёй можна ўводзіць свае войскі да суседзяў. І гэта будзе працягвацца, калі гэта зараз не спыніць.

Я спадзяюся, што ўкраінскі прыклад будзе працаваць і будзе стрымліваць Расею, якую ўвогуле даволі цяжка стрымаць».

«Украіна пасьля гэтых выбараў, безумоўна, набывае новую якасьць. І тут вельмі шмат будзе залежаць ад крокаў Пятра Парашэнкі для рашэньня тых задачаў, якія перад ім стаяць», — упэўнены лідэр партыі «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін:

«Тут усё можа быць. Я ня вельмі аптымістычна настроены ў тым сэнсе, што вось выбары прайшлі і ўсё само сабою наладзіцца. Але новы шанец для Ўкраіны зьявіўся. І, на мой погляд, калі будзе разумная палітыка, палітыка кампрамісаў, то ва Ўкраіны будзе шанец у бліжэйшай будучыні свае праблемы вырашыць.

Калі ж будзе спроба нейкіх простых, найперш, сілавых рашэньняў, асабліва ў рэгіёнах Усходу і Поўдня, то, я ня думаю, што гэта будзе правільны шлях. Паглядзім, якая будзе каманда ў Парашэнкі, якімі будуць іх рэальныя дзеяньні ў бліжэйшы час».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG