Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Коктыш: Абраньне Парашэнкі дае Лукашэнку пэўную свабоду для манэўраў


Кірыл Коктыш

Кірыл Коктыш

Паводле маскоўскага палітоляга Кірыла Коктыша, кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка будзе імкнуцца да статусу сяброўства з новым прэзыдэнтам Украіны Пятром Парашэнкам.

— Канечне ж, ён будзе імкнуцца, бо пэўныя адносіны з Парашэнкам ёсьць. У яго ёсьць інвэстыцыйныя акцыі ў дзьвюх беларускіх кандытарскіх фабрыках, гэта таксама не сакрэт. То бок відавочна, што для Аляксандра Рыгоравіча гэта зусім ня дрэнны вынік, які дае пэўную свабоду для дыпляматычных захадаў і манэўраў. Улічваючы, што ўкраінская праблема — гэта ўсур’ёз і надоўга, і наўрад ці выбары прэзыдэнта прынясуць нейкую стабільнасьць і наўрад ці усё гэта пяройдзе ў мірны стан. Бо супярэчнасьцяў занадта шмат, і дагэтуль ніхто не дэманстраваў здольнасьць з гэтымі супярэчнасьцямі неяк справіцца. То Парашэнка будзе ўсё ж даволі слабой фігурай. Але менавіта як у слабой фігуры ў яго ёсьць шанцы захаваць краіну і крок за крокам гэты мірны працэс наладзіць. У гэтым якраз патэнцыйныя ключы для посьпеху Аляксандра Лукашэнкі. Непасрэдная камунікацыя Кіева і Масквы зараз выглядае даволі праблематычнай, і пасярэднік, вядома ж, патрабуецца. Курс Лукашэнкі, які ён агучыў, на перасоўваньне часткі індустрыяльных магутнасьцяў і ноў-хаў з Украіны на беларускую тэрыторыю, калі там «Мотор Січ» часткова магла б у якасьці зборачнага цэху разьмяшчацца ў Беларусі, — гэта цікавыя захады.Іі тут ёсьць пэўная пэрспэктыва і індустрыяльнага разьвіцьця Беларусі, і таксама падтрымкі індустрыяльнай ідэнтычнасьці Ўкраіны.

— Ці магчыма вярнуцца да стварэньня Балта-Чарнаморскага калектара?

— Балта-Чарнаморскі калектар выглядае найменш верагодным. Але балта-чарнаморская еднасьць зь Беларусьсю ў цэнтры выглядае вельмі верагоднай. Бо зараз Беларусь па факце ёсьць рэгіянальным цэнтрам, які можа завязаць на сабе рэсурсныя камунікацыі паміж Кіевам і Масквой. А рэсурсныя камунікацыі — гэта першае, што робіць нейкія хаўрусы больш ці менш трывалымі. І калі Беларусь фактычна стане незаменным партнэрам Украіны і незаменным партнэрам Расеі, то гэта будзе слушная заяўка на тое, каб краіны рэгіёну так ці інакш да гэтага інтэграцыйнага хаўрусу далучаліся. Наўрад ці ён будзе мець энэргетычную ідэнтычнасьць.
Балта-чарнаморская еднасьць зь Беларусьсю ў цэнтры выглядае вельмі верагоднай
Але індустрыяльная ідэнтычнасьць, якая цяпер будзе запатрабаваная, — гэта якраз слушная пэрспэктыва, якая адчыняецца. Бо частка заходніх санкцыяў ужо справакавала пераход да працэсу імпартазамяшчэньня ў Расеі, а гэта значыць — адчыненыя дзьверы для Беларусі. Бо індустрыяльныя магутнасьці Беларусі могуць быць загружаныя цалкам, і Беларусь зараз можа, будучы пазбаўленай вострай канкурэнцыі, панаваць на расейскім рынку і замацоўваць яго за сабой.

— А ці прызнае прэзыдэнцкія выбары ва Ўкраіне Расея? Як будуць складацца яе дачыненьні з Украінай?

— Формула Пуціна адносна ўкраінскіх выбараў была такой жа, як і адносна рэфэрэндумаў у Данецкай і Луганскай абласьцях: Расея будзе ставіцца з павагай. Гэта азначае адкрыты палітычны торг, бо пры пэўных умовах Расея можа прызнаць і рэфэрэндумы, і вынікі выбараў ва Ўкраіне. Гэта будзе залежаць ад таго, што будзе прапаноўваць Кіеў і што будуць прапаноўваць заходнія партнэры Кіева. Зараз Масква будзе чакаць. Яна добра ведае, што на постсавецкай прасторы без прызнаньня з боку Масквы практычна немагчыма будаваць дзяржаву. Дагэтуль гэта было непарушнае правіла, і яно такім і застаецца. Бо мне здаецца. што ўкраінцы не гатовыя адмовіцца ад гандлю з Расеяй.
XS
SM
MD
LG