Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьмерць у СІЗА: улады шукаюць «наркатычны» сьлед


Ігар Пцічкін
Ігар Пцічкін

Дагэтуль няма вынікаў паўторнай экспэртызы прычыны сьмерці 21-гадовага Ігара Пцічкіна, які заўчасна памёр пры нявысьветленых абставінах 4 жніўня ў менскім СІЗА № 1 на Валадарскага.

Паводле афіцыйнай версіі, прычынай смерці стаў сардэчны прыступ. Аднак многія лічаць, што ён памёр пасля жорсткіх зьбіццяў у СІЗА. Сваякоў і сяброў нябожчыка выклікаюць у Сьледчы камітэт Заводзкага раёну.

У СІЗА на Валадарскага 21-гадовы Ігар Пцічкін трапіў 31 ліпеня 2013 году. Там яго чакаў трохмесячны арышт за знаходжаньне ў нецьвярозым стане за рулём аўтамабіля. Адбываць пакараньне прыйшоў сам. А праз 3 дні, не дачакаўшыся адпраўкі ў іншую папраўчую ўстанову, здаровы хлопец раптоўна памёр у СІЗА. Пасьля сьмерці на целе Ігара Пцічкіна было шмат сьлядоў ад зьбіцьця, гематомаў, драпінаў. Ужо пасьля пахаваньня родныя настаялі на эксгумацыі, якая была праведзена 4 сьнежня, і дадатковых экспэртызах. Прайшло ўжо амаль паўгода, але вынікаў дагэтуль няма, хоць крайнія тэрміны былі — да 15 красавіка.

Маці нябожчыка Жанна Пцічкіна: «Сьледчая сказала, што кожны месяц яны кажуць спачатку, што вынікі будуць да 15-га чысла, а потым — што пасьля 15-га. На мой погляд, яны адмыслова цягнуць з вынікамі гэтай экспэртызы, бо ў паўторнай экспэртызе будзе тое ж самае, што і ў першай. Ну што яны могуць у другой экспэртызе напісаць, калі паводле вынікаў першай ні наркотыкаў, ні алькаголю ў арганізьме не знайшлі? І ў першай экспэртызе пазначана, што ўсё адбіта, усё ў кровападцёках нават са зрушэньнем унутраных органаў».

У Сьледчым камітэце Рэспублікі Беларусь, які вядзе справу Ігара Пцічкіна, таксама дакладна не сказалі, калі завершыцца сьледзтва і чаму зацягваюць з вынікамі экспэртызы. Абаронца пацярпелага боку — сваякоў Пцічкіна — паведаміў:

«Справа прыпыненая — да атрыманьня вынікаў экспэртызы. Мы цяпер рыхтуем зварот у сувязі з гэтым. Чаму так доўга цягнецца экспэртыза, на гэтае пытаньне могуць адказаць толькі самі экспэрты. На мой погляд, тэрміны зацягваюцца».

А тым часам Жанну Пцічкіну на мінулым тыдні выклікалі ў Заводзкае ўпраўленьне Сьледчага камітэту. Сьледчая Алеся Купрэйчык паведаміла маці, што цяпер расьсьледуецца крымінальная справа ў дачыненьні Андрэя Н., які даў паказаньні, што ў 2012 годзе наркотыкі яму прадаў Ігар Пцічкін.

«Яны мне сказалі, што крымінальную справу завялі на Андрэя, хлопца, які нібыта купляў у Ігара, не сказаў што — сказаў толькі, што два пакецікі купляў у ліпені пазамінулага году. Тэлефаную я гэтаму Андрэю, пытаюся: „Ты майго Ігара ведаў?“ — „Не, ня ведаў“, — кажа гэты Андрэй. Я пытаюся: „А ты што, ня мог сказаць, што ты не купляў?“ Ён кажа: „Дзе ты там ня скажаш? Я хачу хутчэй ад гэтага адчапіцца“».

Да сьледчага выклікаюць таксама сяброў Ігара Пцічкіна. Усе яны ў адзін голас сьцьвярджаюць, што Пцічкін ніколі сам не ўжываў наркотыкі і ня мог іх прадаваць.

Паводле афіцыйнай вэрсіі, прычына сьмерці Пцічкіна — спыненьне сэрца. Кіраўніцтва СІЗА сьцьвярджала, што ў Пцічкіна пачалася «ломка» пасьля ўжываньня наркотыкаў, хлопец буяніў, і яго давялося ўтаймоўваць. Цяпер, калі сваякоў і сяброў пачалі выклікаць на допыты па справах з наркотыкамі, Жанна Пцічкіна апасаецца, што сына хочуць зрабіць наркаманам, каб зьняць адказнасьць з кіраўніцтва СІЗА і турэмнага лекара, які, паводле сьледзтва, не аказаў Ігару Пцічкіну патрэбнай мэдычнай дапамогі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG