Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы пра справу Андрэя Бандарэнкі: Баімся, што ліставаньне зь ім спыняць


Андрэй Бандарэнка

Андрэй Бандарэнка

Актыўныя сьледчыя дзеяньні ў справе праваабаронцы Андрэя Бандарэнкі прыпыніліся. Пра гэта паведаміла праваабаронца з «Плятформы інавэйшн» Алёна Красоўская-Касьпяровіч са спасылкай на зьвесткі ад адваката Бандарэнкі.

«Цяпер сьледчыя дзеяньні зь ягоным удзелам не вядуцца. Магчыма, гэта зьвязана з чэмпіянатам сьвету па хакеі — не да Андрэя. На расьсьледаваньне справы ў сьледчых ёсьць паводле закону два месяцы. Калі ўкладуцца без падаўжэньня тэрміну, то ўжо ў канцы чэрвеня можна чакаць суду», — распавяла 2 траўня карэспандэнту Свабоды Алёна Красоўская-Касьпяровіч.

Паводле праваабаронцы, з Андрэем Бандарэнкам наладзілася рэгулярнае ліставаньне, але тэму ягонай справы ў лістах яны не закранаюць. «Бо баімся, што спыняць ліставаньне. Таму нам дагэтуль невядома стаўленьне Андрэя Бандарэнкі да абвінавачаньня», — патлумачыла Алёна Красоўская-Касьпяровіч.

На пачатку красавіка кіраўніку арганізацыі па абароне правоў вязьняў «Плятформа інавэйшн» Андрэю Бандарэнку было выстаўленае абвінавачаньне ў асабліва злосным хуліганстве. Праваабаронцу пагражае да 7 гадоў зьняволеньня. Сьледчы камітэт Беларусі, дзе расьсьледуецца справа, выклаў у інтэрнэт відэа, на якім Андрэй Бандарэнка наносіць два ўдары нагой жанчынам, чые асобы не пазначаны. Паводле зьвестак ад крыніцы, якая прасіла яе не называць, адна з гэтых жанчын — суседка Андрэя Бандарэнкі па кватэры, зь якой у яго раней здарыўся канфлікт.

Ці магчыма, што супроць кіраўніка «Плятформы інавэйшн» учынілі правакацыю? Калегі Андрэя Бандарэнкі гэтага не выключаюць, але ўстрымліваюцца ад высноў, спасылаючыся на адсутнасьць пэўных зьвестак пра справу.

Андрэя Бандарэнку ўжо месяц трымаюць у сьледчым ізалятары на вуліцы Валадарскага. «Ён у камэры на двух чалавек. Перадачы яму прымаюць. Вось пасьля выходных перададзім чарговую перадачу», — кажуць у «Плятформе».

У 2013 годзе дзякуючы «Плятформе інавэйшн» стала шырока вядома пра сьмерць у ізалятары на Валадарскага менчука Ігара Пцічкіна, які адбываў там арышт за язду ў нецьвярозым стане. Сваякі Пцічкіна не выключаюць, што ён памёр пасьля зьбіцьця ахоўнікамі, і патрабуюць пакараць вінаватых. Летась у верасьні Андрэя Бандарэнку пакаралі адміністрацыйным арыштам за ўдзел у пікеце памяці Ігара Пцічкіна.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG