Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паўгода пасьля сьмерці ў «Валадарцы» — выніку сьледзтва няма


Ігар Пцічкін

Ігар Пцічкін

Паўгода таму, 4 жніўня 2013 году, у менскім сьледчым ізалятары загінуў мянчук Ігар Пцічкін, які адбываў у ізалятары арышт за кіраваньне аўтамабілем у нецьвярозым стане.

Першапачаткова турэмныя лекары засьведчылі сьмерць ад сардэчнай хваробы, але сваякі Ігара Пцічкіна не пагадзіліся з такой высновай. Паводле іхніх дадзеных, Ігар Пцічкін памёр пасьля зьбіцьця ахоўнікамі турмы, пра што сьведчылі кровападцёкі і траўмы на целе нябожчыка.

Спробы сям’і Пцічкіна дамагчыся завядзеньня крымінальнай справы супроць турэмшчыкаў не давалі плёну, і тады сваякі разам зь сябрамі паспрабавалі правесьці пікет памяці Ігара Пцічкіна. 14 верасьня на падыходзе да турмы былі затрыманыя 18 чалавек, у тым ліку маці і сястра Ігара Пцічкіна і тры журналісты. Пазьней за ўдзел у акцыі некалькі чалавек былі асуджаныя да адміністрацыйных арыштаў, у тым ліку лідэр праваабарончай арганізацыі «Плятформа» Андрэй Бандарэнка, а маці і сястра Ігара Пцічкіна атрымалі судовыя папярэджаньні.

У кастрычніку 2013 году Сьледчы камітэт Беларусі завёў крымінальную справу паводле сьмерці Ігара Пцічкіна. У якасьці падазронага па справе праходзіць турэмны лекар, які, паводле сьледзтва, не аказаў Ігару Пцічкіну патрэбнай мэдычнай дапамогі. У сьнежні была праведзеная эксгумацыя цела Ігара Пцічкіна, якая павінна была ўдакладніць час, калі ён атрымаў цялесныя пашкоджаньні: у турме ці раней, яшчэ на волі, як сьцьвярджалася ў першай экспэртызе.

Ці вядомыя вынікі другой экспэртызы сваякам Ігара Пцічкіна, якіх сьледзтва прызнала пацярпелымі? Сястра нябожчыка Ірына Пцічкіна распавяла Свабодзе:

Ірына Пцічкіна

Ірына Пцічкіна

«Што да дадзеных другой мэдычнай экспэртызы, якую праводзілі пасьля эксгумацыі, нам нічога пра яе вынікі не паведамілі. Чакаем зьвестак. А ўвогуле сьледзтва, мяркую, заканчваецца. Ва ўсякім разе, ведаем, што ўжо дапыталі шмат каго з нашых сваякоў».

Сваякі Ігара Пцічкіна працягваюць настойваць на ягонай гвалтоўнай сьмерці ў ізалятары на Валадарскага. Як мяркуе Ірына Пцічкіна, яе брата ў турме спачатку зьбілі, а потым зьвязалі і не аказалі неабходнай дапамогі. Ірына Пцічкіна не выключае, што першапачаткова канфлікт паміж Ігарам і ахоўнікам мог узьнікнуць з-за таго, што брат выклікаў лекара з-за хваробы зубоў, але не атрымаў дапамогі і працягваў скардзіцца. Паводле зьвестак з крыніц унутры турмы, на якія спасылаецца Ірына Пцічкіна, да камэры яе брата ахоўнікі выклікалі адмысловую каманду, прызначаную ўціхамірваць забурэньні.

У Сьледчым камітэце паведамілі, што расьсьледаваньне справы Ігара Пцічкіна працягваецца, пасьля эксгумацыі цела была прызначана экпэртыза, вынікі якой яшчэ не агалошаныя.
XS
SM
MD
LG