Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Мустафа Джамілеў: Партызанская вайна будзе азначаць вынішчэньне нашага народу


Мустафа Джамілёў

Мустафа Джамілёў

Госьць Свабоды – Мустафа Джамілеў, адзін з лідэраў крымскататарскага нацыянальнага руху, удзельнік дысыдэнцкага руху ў СССР, палітвязень, які правёў 15 гадоў ў турмах і ссылках, экс-кіраўнік Мэджлісу крымскататарскага народу, дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны.

Ганна Соўсь: Вам забаранілі ўезд у Крым на пяць гадоў, адпаведна і ў Расею. Як вы думаеце, чаму вас баяцца ў Расеі?

Мустафа Джамілеў: Размова ідзе пра забарону ўезду ў Крым. Я ў Расею 26 гадоў ня езьдзіў і не зьбіраюся. Калі мне сказалі пра забарону ўезду ў Расею, то меўся на ўвазе Крым. Яны лічаць, што мае дзеяньні накіраваныя супраць акупацыйных сілаў. Напрыклад, з будынку Мэджлісу крымскататарскага народу быў зьняты украінскі, які быў побач з крымскататарскім, каб пазьбегнуць нейкіх канфліктных сытуацый з баевікамі, якія называюць сябе атрадамі самаабароны. З маім прыездам у Крым гэты сьцяг быў узьняты, і ў рамках Мэджлісу крымска-татарскага народу былі прынятыя рашэньні, якія не даспадобы акупацыйным ўладам. Прэм'ер аўтаноміі так і заявіў, што я прыехаў дэстабілізаваць сытуацыю. Яны лічаць, што калі мяне там ня будзе, то крымскія татары будуць менш актыўныя ў супраціўленьні акупацыі.

Соўсь: Пасьля анэксіі Расеяй Крыма ў якой сытуацыі апынуліся яго карэнныя жыхары, татары, большасьць якіх не падтрымала рэфэрэндум? Ці ёсьць рэпрэсіі ў дачыненьні да крымскіх татараў? Ці маюць яны магчымасьць легальнага пратэсту?

Джамілеў: Не. Легальныя пратэсты, такія нашы традыцыйныя формы як мітынгі, дэманстрацыі цяпер немагчымыя, таму што могуць адбыцца крывавыя сутыкненьні. Крымскія татары аказаліся цяпер найбольш уразьлівыя, паколькі яны маюць настрой ня браць расейскія пашпарты, не адмаўляцца ад украінскага грамадзянства. Такім чынам яны аўтаматычна становяцца замежнікамі на сваёй зямлі. Гэта вельмі цяжка, бо немагчыма ўладкавацца на працу. Хто ня будзе браць расейскі пашпарт, таго будуць звальняць з працы. Ім застанецца, каб існаваць, шукаць іншую працу ў прыватным сэктары. Але і прыватны сэктар без расейскага пашпартоў практычна аказваецца паралізаваным. Немагчыма там нічога аформіць. Самая галоўная асьцярога -- шавіністычны настрой на некалькі градусаў узьняўся Напружаная сытуацыя, некаторыя татары ўжо пачынаюць пакідаць Крым.

Соўсь: Як вы думаеце, ці можа пачацца партызанская вайна ў Крыме?

Джамілеў: Мы будзем рабіць, каб гэтага не было, таму што гэта будзе азначаць вынішчэньне нашага народу. Мы хацелі бы вырашэньня гэтага пытаньня іншымі шляхамі. Я і Пуціну гаварыў пра тое, што мы не зьбіраемся з вамі ваяваць, таму што нас ня так шмат, як расейцаў ці кітайцаў. Але будзем выконваць свой грамадзянскі абавязак. Мы цьвёрда трымаемся негвалтоўных прынцыпаў, і пераходзіць на іншыя рэйкі -- гэта гібельна для нашага народу.

Соўсь: Нядаўна вы заявілі , што крымскія татары ня маюць патрэбы ў рэабілітацыі з боку Расеі (адпаведны ўказ выдаў Уладзімер Пуцін), гэта Расея павінна рэабілітавацца перад татарамі за злачынства 1944 году. Скажыце, ці гучалі ці калі-небудзь прабачэньні перад крымскімі татарамі з боку расейскіх палітыкаў, расейскіх інтэлектуалаў? Афіцыйна і неафіцыйна?

Джамілеў: Афіцыйных заяваў не было, калі не лічыць палітыкаў кшталту кіраўніка інстытуту СНД Канстанціна Затуліна. Шавіністычная прэса ў асноўным са злосьцю пісала, што Ўкраіна спрыяла вяртаньню крымскіх татараў, каб зьмяніць дэмаграфічную сытуацыю не на карысьць расейцаў. І такі рэвэранс цяпер пра рэабілітацыю. Практычнага значэньня гэтая рэабілітацыя з боку Расеі для нас нічога не нясе. Мы не зьбіраемся ўспрымаць гэта як дабро. Гэта іншая краіна. З боку Расеі могуць быць толькі крокі па вырашэньні нашых сацыяльных праблемаў. Але і гэта павінна быць у рамках пагадненьня паміж нашымі дзяржавамі. Яны ж сыходзяць з таго, што Крым -- расейская зямля, і яны вырашаюць нашыя праблемы. Гэта такая прынада, на якую, як яны думаюць, крымскія татары клюнуць. Пуцін мне адкрытым тэкстам і гаварыў, што мы, маўляў, вырашым праблемы крымскіх татараў нашмат хутчэй, чым Украіна цягам 23 гадоў. Гэта мы ўсё цудоўна разумеем... Яны хочуць заручыцца падтрымкай карэннага народу экспансіянісцкай палітыкі Расеі. І гэта палітычныя колы крымскіх татараў добра разумеюць. Таму ня можа быць у нас захапленьня з нагоды рашэньня Пуціна аб абароне крымскіх татараў. Адзінае, што зрабіць на нас добрае ўражаньне, калі ён выведзе свае войскі з нашай тэрыторыі. Усё, кропка. Далей Расея хай займаецца сваімі справамі.

Соўсь: Днямі вы зьвярталіся па дапамогу да ўраду Украіны, заклікалі Галоўнакамандуючага ВС Украіны, МА, СБУ, МУС, Самаабарону Майдану перайсьці да рэальных і рашучых дзеяньняў, казалі, што «неадкладнай, тэрміновай дапамогі патрабуюць больш 300 000 суграмадзян!» Ці ёсьць у вас адчуваньне, што пра крымскіх татараў, так бы мовіць, крыху забыліся, і ўся ўвага цяпер пераключаная на ўсходнюю Ўкраіну?

Джамілеў: Стратэгія Расеі якраз і заключаецца ў тым, каб забылі пра Крым. Крым нібыта разьменная манэта, мы далей ня пойдзем, толькі прызнайце анэксію Крыма. Ва Ўкраіне ніхто так адкрыта не скажа -- забыць пра Крым, каб памірыцца з Расеяй, каб у іншых рэгіёнах яны не сеялі беспарадкі. Такога не скажуць, але такое адчуваньне ў мяне ёсьць наконт пазыцыі заходніх краінаў. Скажам, падчас Жэнэўскіх перамоваў увогуле ані слова пра Крым не было. Толькі размова пра тое, каб яны на матэрыковую частку Ўкраіны ня рухаліся. І пагрозы, што яны там будуць рабіць, калі далей прасунуцца. Нібыта на гэтым усе замірыліся і застаюцца на сваіх пазыцыях і ніхто нічога ня будзе рабіць. Сёньня я сустракаўся з сэнатарам ЗША, і пра гэта яму гаварыў. Хаця яны пераконваюць, што такой пазыцыі няма, але практычна гэта адчуваецца. І гэта дэмаралізуе людзей, ёсьць нейкая асуджанасьць, што Захад ужо зьмірыўся з гэтым.

Соўсь: Хто можа дапамагчы крымскім татарам?

Джамілеў: Ключ вырашэньня праблемы -- разабрацца з Расеяй. Цярпець ў 21 стагодзьдзі такое міжнароднае хуліганства -- гэта пагроза ўсяму сьвету. Няўжо гэтага не разумеюць? Канечне, каб спыніць агрэсію і паставіць Расею на сваё месца, патрабуюцца выдаткі з боку Захаду. Няўжо не зразумела, што калі цяпер гэтых выдаткаў не зрабіць, то яны будуць ў дзесяць разоў большыя?

Соўсь: Ці адчувалі крымскія татары падтрымку ад беларускіх татараў?

Джамілеў: Не, іх так мала. Якую яны могуць падтрымку аказаць? Яны слабыя, раскіданыя. Сур'ёзнай палітычнай сілы мы там ня бачым. Хаця асобныя людзі стараюцца нешта рабіць, падтрымліваюць кантакты. Але гэта ня так сур'ёзна. У Літве татары мабілізуюцца,імкнуцца зьвярнуць увагу. Літва і бяз гэтага даволі актыўная ў гэтым пытаньні.

Соўсь: Вы адзін з самых вядомых савецкіх дысыдэнтаў, каля 15 гадоў правялі ў турмах і ссылках. На вашую думку, у чым савецкі рэжым і рэжым Пуціна супадаюць, а чым адрозьніваюцца?

Джамілеў: Можа быць, болей цынічнага бандытызму ў цяперашніх уладаў, прынамсі ў акупаваных раёнах. Хаця пры савецкай уладзе гэта таксама рабілася, але так цынічна не было. Па вялікім рахунку вялікай розьніцы няма, тым больш сам Пуцін, які марыць аб адраджэньні Савецкага Саюзу, будзе выкарыстоўваць тыя ж самыя мэтады, як і за савецкім часам. Калі казаць пра ўзровень дэмакратыі ў Крыму, дык уражаньне, што зноў трапіў у Савецкі Саюз. Аддаюць распараджэньне дзяржаўнаму тэлебачаньню, як асьвятляць падзеі, якіх людзей паказваць, а якіх не. Раней гэта было абсурдам ва Ўкраіне, каб нехта ўказваў, пра каго пісаць, а пра каго не, каго здымаць, а каго не. Цяпер гэта норма.
  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG