Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лёзунг «стабільнасьці» ўзьняў рэйтынг Лукашэнкі на фоне ўкраінскіх падзеяў


Паўлюк Быкоўскі

Паўлюк Быкоўскі

Электаральны рэйтынг прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі за пяць месяцаў вырас на 5%. Пра гэта сьведчаць вынікі нацыянальнага апытаньня, праведзенага ў сакавіку 2014 году НІСЭПД.

Якімі прычынамі і чыньнікамі можна патлумачыць гэты рост? Чаму рэйтынг апазыцыі, і так ня вельмі высокі, за апошнія месяцы прыкметна зьнізіўся? На гэтыя пытаньні адказвае палітычны аглядальнік газэты «Белорусы и рынок» Паўлюк Быкоўскі.

— Чым можна патлумачыць апошні рост рэйтынгу Аляксандра Лукашэнкі?

— Тут спрацавалі чыньнікі параўнаньня з украінскімі падзеямі. Пачынаючы з лістапада тэма Ўкраіны не сыходзіла зь беларускіх экранаў, 90 працэнтаў беларусаў, паводле НІСЭПД, актыўна сачылі за ўкраінскімі падзеямі. На гэтым фоне лёзунг «стабільнасьці» паўплываў на тое, каб беларусы больш прыхільна паставіліся да кіраўніка дзяржавы.

Акрамя таго, адбылося падвышэньне пэнсіяў, іншых выплатаў. Магчыма, ня так ужо і прыкметна людзі атрымалі большыя грошы, але ўсе абмяркоўвалі тое, што гэтыя выплаты павялічыліся.

— Разам з тым колькасьць людзей, якія называюць сябе «прыхільнікамі апазыцыі», зьменшылася. Чаму гэта адбываецца? Мне дык здаецца, што справа найперш у тым, што рэйтынг апазыцыі падвышаецца падчас нейкіх яркіх кампаніяў, найперш прэзыдэнцкіх выбараў. А калі нічога прыкметнага не адбываецца, то людзі проста забываюць пра існаваньне апазыцыі.

— Сапраўды, апазыцыйныя сілы былі мала заўважаныя шараговымі беларусамі за апошнія месяцы. Зь іншага боку, актыўна працавалі дзяржаўныя СМІ, якія казалі, што ў ніякім разе нельга паўтараць Майдан у Беларусі, нельга дапусьціць сутыкненьняў у грамадзтве. Паводле дадзеных НІСЭПД, ажно 78 працэнтаў адказалі адмоўна на пытаньне, ці вартая лепшая будучыня крыві.

Варта нагадаць, што ў дзяржаўных СМІ беларуская апазыцыя паказваецца як нешта радыкальнае. І калі значная частка беларусаў ня вельмі разьбіраецца, што адбываецца ва Ўкраіне, і лічыць, што тыя палітыкі, якія зараз кіруюць ва Ўкраіне, вінаватыя ў крыві, якая пралілася, — то гэтае ж стаўленьне пераносіцца на беларускіх апазыцыйных палітыкаў, якія тут, мякка кажучы, зусім не пры чым.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG