Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выратавальны ўкраінскі чыньнік


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч
У сваіх папярэдніх блогах я пісаў, што ўкраінскі крызіс паламаў многія трэнды разьвіцьця грамадзкай думкі, якія, у сваю чаргу, уплываюць на палітычныя працэсы. Мае апанэнты мне пярэчылі: маўляў, адкуль ты ўзяў, што народ думае менавіта так, дзе спасылкі. Дык вось апошнія сацыялягічныя дасьледаваньні НІСЭПД пацьвердзілі мае высновы.

Дасюль сацыёлягі працяглы час (больш за дзесяць гадоў) фіксавалі жорсткую залежнасьць даверу насельніцтва да ўлады, рэйтынгу прэзыдэнта ад росту заробкаў, узроўню цэнаў і іншых сацыяльна-эканамічных паказчыкаў. Дык вось цяпер украінскі крызіс зьмяніў гэтую заканамернасьць.

Першы квартал гэтага году быў цяжкім, усе эканамічныя паказчыкі пайшлі ўніз. Упершыню з сярэдзіны 1990-х гадоў спыніўся рост валавых паказчыкаў, краіна ўступіла ў пэрыяд рэцэсіі. Замарожаны рост заробкаў, затое пайшлі ўверх цэны і тарыфы. Інфляцыя за тры першыя месяцы гэтага году склала 4,9%, павысіліся камунальныя тарыфы, падаражэў грамадзкі транспарт. Амаль на 1 млрд. даляраў скараціліся золатавалютныя рэзэрвы, хутка аслабляецца абменны курс беларускага рубля. Вышэйшыя чыноўнікі сталі даваць змрочныя ацэнкі і прагнозы эканамічнай сытуацыі ў краіне. Нават паводле афіцыйнай статыстыкі, рэальныя даходы грамадзян зьнізіліся.

Здавалася б, усё гэта павінна было абваліць давер да ўлады. Аднак насамрэч усё адбылося з дакладнасьцю да наадварот. Як ні дзіўна, палепшылася эканамічнае самаадчуваньне насельніцтва. Колькасьць людзей, якія лічаць, што эканоміка Беларусі знаходзіцца ў крызісе, паменшылася на 14%. На 11.5% павялічылася колькасьць аптымістаў.

Разгадка даволі простая. Украінскі крызіс выцесьніў у сьвядомасьці людзей эканамічны чыньнік у якасьці галоўнай праблемы. Яны пачалі ацэньваць сытуацыю ў Беларусі ў параўнаньні з Украінай. Спужаўшыся хаосу ў паўднёвага суседа, беларусы найперш заклапаціліся пра пытаньні бясьпекі, пачалі больш цаніць беларускую стабільнасьць.

Цалкам лягічна, што вырас давер да ўлады. Колькасьць тых, хто давярае прэзыдэнту, зноў перавысіла колькасьць тых, хто не давярае. Рэйтынг Лукашэнкі вырас на 5% і дасягнуў звычайнай у міжвыбарчы пэрыяд плянкі ў 40%. А давер да апазыцыі, адпаведна, зьнізіўся: сукупны электаральны рэйтынг дзясятка апазыцыйных лідэраў толькі трошкі перавышае 20%.

Такім чынам, украінскі чыньнік зьявіўся ў самы неспрыяльны для Лукашэнкі час і літаральна выратаваў яго. Цяпер на ім можна пасьпяхова пэўны час паразытаваць. Яшчэ больш ягоны рэйтынг падыме чэмпіянат сьвету па хакеі. Мяркуючы па тым, што сытуацыя ва Ўкраіне абвастраецца, супрацьстаяньне перайшло ў ваенную фазу, вялікая верагоднасьць пачатку поўнамаштабнай расейска-ўкраінскай вайны, дык гэты чыньнік – доўгатэрміновы. Ва ўсялякім разе, яго хопіць, каб перажыць прэзыдэнцкія выбары.

Яшчэ я пісаў, што ўкраінскі крызіс павялічыў русафільскія настроі ў Беларусі. Беларускія грамадзяне глядзяць на гэтыя падзеі вачыма расейскіх тэлеканалаў. Апытаньне НІСЭПД гэта цалкам пацьвердзіла. Пры неабходнасьці выбару на гіпатэтычным рэфэрэндуме паміж аб'яднаньнем з Расеяй і ўступленьнем у Эўрапейскі Зьвяз за першы варыянт сёньня выказваюцца 51.5%, а за другі – 32.9% (у сьнежні было 36.6% супраць 44.6%). То бок, адначасова вырасьлі антыпатыі да Захаду.

Ці азначае гэта, што калі Расея паспрабуе ўчыніць дзеяньні, падобныя на тыя, якія яна робіць ва Ўкраіне, дык большасьць беларусаў падтрымае Маскву? Мусіць, мэханічна пераносіць гэтую схему на гіпатэтычную сытуацыю ў Беларусі ня варта. Тым ня менш, гэта трывожны званочак і для Лукашэнкі. Праімпэрскія настроі беларусаў – гэта пагроза і для існага рэжыму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG