Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Крыме Расея паказала адроджаную армію


Падчас анэксіі Крыму сьвет убачыў абноўленую расейскую армію, якая мала ў чым нагадвала расейскія збройныя сілы з канфліктаў у Грузіі ў 2008 годзе або ранейшых у Чачні.

Пра відавочныя посьпехі мадэрнізацыі арміі Крамлём пішуць журналісты Крыстафэр Чывэрс і Дэйвід Гершэнгорн у найноўшым выданьні The New York Times. Прапануем пераклад фрагмэнтаў гэтага артыкулу.


Салдаты, якія блякавалі ўваходы ва ўкраінскія вайсковыя базы на поўдзень ад сталіцы паўвострава, Сімфэропалю, мелі мала агульнага са сваімі папярэднікамі зь мінулых расейскіх вайсковых апэрацый.

Падцягнутыя і ў добрай фізычнай форме, яны, як здаецца, наогул не былі прызыўнікамі. Іх уніформы выглядалі сьвежа і ахайна, іх новыя шлемы былі ўпрыгожаныя прыцемненымі ахоўнымі акулярамі. І яны былі цьвярозымі.

І быў яшчэ іншы паказальнік, што армія перажывае абнаўленьне: кампактныя шыфравальныя рацыі, разьмеркаваныя на ўзроўні малых падразьдзяленьняў, у тым ліку сярод салдатаў на такой рутыннай службе, як вартавыя грузавікоў з кулямётнымі ўстаноўкамі. Гэтыя рацыі зьяўляюцца красамоўным знакам шырокай мадэрнізацыі, пачатай Уладзімерам Пуцінам пяць гадоў таму, якая абнавіла баяздольнасьць звычайных узброеных сілаў Расеі, напалохаўшы некаторыя з былых васальных дзяржаў ва Ўсходняй Эўропе і прымусіўшы НАТО перагледзець яго ўстойлівы погляд, што постсавецкая Расея зьяўляецца ядзернай дзяржавай з абмежаванай сілай сухапутных войскаў.

У Крыме за апошнія некалькі тыдняў можна было ўбачыць дэманстрацыю новага глянцаватага авангарду расейскай арміі з сіламі, чыя мабільнасьць, вайсковая тэхніка і паводзіны рэзка адрозьніваліся ад расейскіх войскаў, якія можна было ўбачыць у кароткай вайне з Грузіяй у 2008 годзе або на працягу амаль двух дзесяцігодзьдзяў ў канфліктах з мусульманскімі сэпаратыстамі на Паўночным Каўказе.
Кампанія Крамля па абнаўленьні арміі, у тым ліку па павышэньні якасьці баявой падрыхтоўкі і тэхнікі ды значнае павелічэньне заработнай платы далі вынікі.


Ранейшыя ваенныя дзеяньні Расеі часта выяўлялі, што яе армію падточвала адсутнасьць дысцыпліны і слабое матэрыяльнае забесьпячэньне, яе шэрагі папаўняліся ў асноўным прызыўнікамі, якія ня здолелі купіць сабе адтэрміноўку або іншым чынам ухіліцца ад вайсковай службы. П’янства было звычайнай зьявай, як і тактычная нерашучасьць ды салдаты, якія часта выглядалі так, як быццам яны ня ў змозе прабегчы кілямэтар, ня кажучы аб тым, каб прабегчы імкліва.

Ня так было ў Крыме. Кампанія Крамля па абнаўленьні арміі, у тым ліку па павышэньні якасьці баявой падрыхтоўкі і тэхнікі ды, што важна, значнае павелічэньне заработнай платы, далі свае вынікі. Яны былі відавочныя ня толькі ў паводзінах расейскіх вайскоўцаў, але і ў хуткасьці, зь якой яны захапілі Крым зь мінімальным выкарыстаньнем гвалту.

Войскі ў Крыме, магчыма, зьяўляюцца элітай новай расейскай арміі. Але інвэстыцыі Крамля, на думку аналітыкаў, адрадзілі армію, якая цяпер паказала, што можа выставіць кваліфікаваную і нават магутную сілу, здольную абараняць сваю дзяржаву і рэагаваць у суседніх дзяржавах.

«Разьвіцьцё расейскіх узброеных сілаў будзе ідзе ў двух кірунках. Па-першае, у кірунку ўмацаваньня стратэгічных ядзерных сілаў, якія даюць гарантыю, што ні адна краіна ў сьвеце не спрабуе напасьці на Расею», — кажа Аляксандар Гольц, незалежны вайсковы аналітык у Маскве.

«Па-другое, у кірунку разьвіцьця сілаў хуткага разгортваньня, каб спраўляцца зь любым лякальным канфліктам, напрыклад, з такім, як вайна супраць Грузіі або гэтая апэрацыя ва Ўкраіне ці дзе заўгодна», — кажа расейскі аналітык.

«У выніку гэтых рэформаў Расея цяпер мае абсалютную перавагу над любой краінай у постсавецкай прасторы», — дадае Гольц.

Трансфармацыя узброеных сілаў была асабістым прыярытэтам Пуціна, які, як прэм’ер-міністар з 2009 па 2012 год і пасьля свайго вяртаньня на пасаду прэзыдэнта, выклаў мільярды даляраў на новую армію. Армія была адной зь нешматлікіх сфэраў расейскага бюджэту — побач з алімпіядай у Сочы, футбольным чэмпіянатам сьвету ў 2018 і чыгункай, якая таксама мае вайсковае значэньне — у якіх выдаткі значная павялічыліся.
Трансфармацыя узброеных сілаў была асабістым прыярытэтам Пуціна, які, як прэм’ер-міністар і пасьля свайго вяртаньня на пасаду прэзыдэнта, выклаў мільярды даляраў на новую армію


З пачатку 2012 году заработная плата для большасьці вайскоўцаў павялічылася прыблізна ў тры разы — да 700-1150 даляраў на месяц для радавога і сяржанцкага складу — што складае прыстойную суму ў расейскіх умовах. Крэмль таксама палепшыў жыльлёвыя і адукацыйныя ўмовы для вайскоўцаў. (...)

Згаданыя шыфравальныя рацыі былі толькі адным з элемэнтаў шырокай пуцінскай праграмы абнаўленьня арміі, якая мае на мэце замену асабістай экіпіроўкі салдатаў. Вядомая як праграма «Ратнік», яна ўключае ў сябе новыя шлемы, бронекамізэлькі з куленепрабівальнымі пласьцінкамі, куленепрабівальныя акуляры, накаленьнікі, абмундзіраваньне, новае абсталяваньне для сувязі і навігацыі, а таксама прыцэлы начнога бачаньня для агнястрэльнай зброі.

Ня выключана, што гэтае абнаўленьне было мадэляванае паводле экіпіроўкі заходніх салдатаў у Аўганістане і Іраку, якую можна было бачыць на працягу больш як дзесяці гадоў. Пакуль што камплект «Ратнік» ня ў поўнай меры ўвайшоў ва ўзбраеньне расейскай арміі. Але шмат якія зь яго кампанэнтаў былі відаць у Крыме, у тым ліку новыя ўніформы, шлемы, акуляры, бронекамізэлькі і накаленьнікі.

На крымскіх дарогах расейскія войскі таксама разгортвалі плятформы для радыёэлектроннай вайны, у тым ліку новыя глушыльныя станцыі Тыгр-М і R- 330Ж, які могуць блякаваць сыстэму GPS і тэлефонныя сыгналы са спадарожнікаў. (...)

Хоць аналітыкі і адзначаюць, што абсталяваньне і ўзровень абучэньня ў апошні час ва ўсёй расейскай арміі палепшалі, але некаторыя перасьцерагаюць перад занадта радыкальнымі высновамі, заснаванымі толькі на сілах ў Крыме, многія зь якіх былі элітнымі падразьдзяленьнямі, то бок такімі, якія першыя падпалі пад праграму абнаўленьня.

«Гэта, безумоўна, на крок далей ад таго, дзе яны былі ў 2008 годзе, але наколькі вялікі гэты крок — мы пакуль ня ведаем, — кажа Дзьмітры Горэнбург, аналітык Цэнтру вайскова-марскога аналізу ў Вірджыніі, які фінансуецца урадам Злучаных Штатаў. — Ці расейская армія ўяўляе цяпер пагрозу для НАТО ў сфэры звычайных відаў зброі? Ня думаю. Я ня думаю, што расейская армія ўдасканалілася ажно да такой ступені. Магчыма, гэтак станецца ў будучыні».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG