Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства замежных спраў Украіны занепакоенае спробамі Расеі ўцягнуць Беларусь у свае агрэсіўныя манэўры на межах з Украінай. У адказ зьнешнепалітычнае ведамства Беларусі сёньня параіла ўкраінскім калегам не спасылацца на «апэратыўныя зьвесткі», а атрымліваць інфармацыю зь дзяржаўных беларускіх крыніц.

Прэсавы сакратар МЗС Беларусі Дзьмітры Мірончык сёньня пракамэнтаваў Свабодзе заяву свайго ўкраінскага калегі Яўгена Перабійніса, які адзначыў, што Ўкраіна занепакоеная спробамі Расеі прыцягнуць Беларусь да сваёй агрэсіі:

«Мы зь цікавасьцю ўспрынялі „навіну“ прэсавай службы ўкраінскага МЗС са спасылкай на нейкія „апэратыўныя дадзеныя“ адносна таго, што „расейскія вайсковыя часьці“ праводзяць вучэньні на тэрыторыі Беларусі. Лічым, што такому сур’ёзнаму і паважанаму ведамству, як Міністэрства замежных спраў, лепей не выкарыстоўваць неправераную інфармацыю, а прасьцей кажучы, домыслы».

У сваім камэнтары Дзьмітры Мірончык не абвяргае факту цяперашніх вайсковых вучэньняў на тэрыторыі Беларусі. Ён называе іх «адпрацоўкай пытаньняў па нарошчваньні дзяжурных сіл супрацьпаветранай абароны Агульнай рэгіянальнай сыстэмы супрацьпаветранай абароны»:

«Гэта адбываецца ў адказ на рашэньне НАТО павялічыць групоўку ваенна-паветраных сіл паблізу ад нашай мяжы. Пытаньне пра матывы, якімі кіруецца блёк, украінскаму боку лепей накіраваць на іх адрас. Мы лічым, што захады па забесьпячэньні нашай паветранай прасторы і мяжы павінны быць зробленыя. І яны ўжо зробленыя. Адказна і галосна. Гэта — наша ўнутраная справа і сувэрэннае права».

Андрэй Фёдараў

Андрэй Фёдараў

Вайсковыя справы заўжды былі таямнічымі. Так і цяпер,— канстатуе палітычны аглядальнік Андрэй Фёдараў:

«Трэба было б дакладна ведаць сэнс гэтых вучэньняў. І ў гэтым пляне ўкраінцаў я вельмі разумею. Яны моцна занепакоеныя расейскай вайсковай актыўнасьцю, якая наагул мае месца цяпер. Я не магу дакладна сказаць, наколькі гэтыя вучэньні могуць быць накіраваныя супраць Украіны. Але тое, што ў Кіева ёсьць падставы для хваляваньня, то тут у мяне сумневу няма».

Раман Якаўлеўскі

Раман Якаўлеўскі

Занепакоенасьць Украіны грунтуецца на тым, што паміж Беларусьсю і Расеяй ёсьць дамоўленасьць пра стратэгічнае партнэрства, — падкрэсьлівае палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі:

«А згодна з афіцыйнай інфармацыяй, у Беларусі пэрманэнтна праходзяць так званыя кантрольныя заняткі ды іншыя дзеяньні вайсковых адзінак, у тым ліку і ракетных. Гэтая актыўнасьць таксама выклікае ўвагу. Тым больш што Лукашэнка казаў: гэта адказ на актыўнасьць НАТО на польскай тэрыторыі. Але ж актыўнасьць НАТО выкліканая менавіта падзеямі вакол Украіны. Таму, на мой погляд, занепакоенасьць Украіны цалкам абгрунтаваная».

У Міністэрстве абароны Беларусі Свабодзе сёньня заявілі, што ў вучэньнях на беларускай тэрыторыі сапраўды ўдзельнічаюць і расейскія вайскоўцы. Але гэта адбываецца ў рамках праверкі Адзінай (з Расеяй) рэгіянальнай сыстэмы супрацьпаветранай абароны.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG