Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларускі МЗС раіць украінскім калегам не спасылацца на «апэратыўныя дадзеныя»


Будынак МЗС Беларусі

Будынак МЗС Беларусі

Прэсавы сакратар МЗС Беларусі Дзьмітры Мірончык сёньня пракамэнтаваў заяву свайго ўкраінскага калегі Яўгена Перабійніса, які адзначыў, што Ўкраіна занепакоеная спробамі Расеі прыцягнуць Беларусь да сваёй агрэсіі.

Афіцыйны прадстаўнік МЗС Украіны, у прыватнасьці, заявіў:

«Паводле апэратыўных зьвестак, якія мы атрымліваем, тыя вучэньні, што праводзяцца Расіяй у Белгародзкай, Курскай абласьцях, таксама праводзяцца некаторымі расейскімі ваеннымі часьцямі і на тэрыторыі Беларусі. Гэта ня можа не выклікаць трывогі. Фактычна гэта азначае тое, што да гэтай агрэсіі з боку Расеі спрабуюць усялякім спосабам прыцягнуць і іншыя дружалюбныя нам дзяржавы».

Дзьмітры Мірончык у сваім камэнтары адзначае:

«Мы зь цікавасьцю ўспрынялі „навіну“ прэсавай службы ўкраінскага МЗС са спасылкай на нейкія „апэратыўныя дадзеныя“ адносна таго, што „расейскія вайсковыя часьці“ праводзяць вучэньні на тэрыторыі Беларусі. Лічым, што такому сур’ёзнаму і паважанаму ведамству, як Міністэрства замежных спраў, лепей не выкарыстоўваць неправераную інфармацыю, а прасьцей кажучы, домыслы.

Напрыклад, МЗС Беларусі пазьбягае спэкуляцыяў, якія тычацца паведамленьняў некаторых „апэратыўных крыніц“. Хоць мы таксама маглі б паразважаць на тэму, дзе знаходзіцца зброя, якая, згодна з паведамленьнямі ананімных крыніц у СМІ, прапала са сховішчаў на тэрыторыі Ўкраіны.

Што да сытуацыі, якая дала ўкраінскім калегам падставу для занепакоенасьці, то беларускі бок заўсёды максымальна празрыста і недвухсэнсоўна падае матывы і лёгіку сваіх дзеяньняў, якія могуць закранаць інтарэсы нашых замежных партнэраў і тым больш непасрэдных суседзяў».

Далей у камэнтары Дзьмітрыя Мірончыка сьцьвярджаецца, што вайсковыя вучэньні ў Беларусі адбываюцца ў адказ на рашэньне НАТО павялічыць групоўку ваенна-паветраных сіл паблізу ад дзяржаўнай мяжы Беларусі. І гэта, маўляў, унутраная справа і сувэрэннае права Рэспублікі Беларусь.

Напрыканцы свайго камэнтару афіцыйны прадстаўнік МЗС Беларусі выказвае спадзяваньне, што ўкраінскія калегі ў будучым устрымаюцца ад падобных заяваў:

«Тым больш што для ўзаемадзеяньня зьнешнепалітычных ведамстваў дзьвюх суседніх краін заўсёды ёсьць шэраг сродкаў і каналаў. І для гэтага ня трэба выкарыстоўваць „апэратыўныя крыніцы“».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG